Пошук
Архіў навін
05.12.2012
Грэка-католікі ў Берасьці адзначылі сваё патранальнае сьвята ў гонар апостала Андрэя
 
30 лістапада Царква ўшаноўвае памяць сьв. апостала Андрэя Першапакліканага. З гэтай нагоды ў нядзелю, 2 сьнежня 2012 году, берасьцейская грэка-каталіцкая парафія сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя адзначыла сваё парафіяльнае сьвята ў гонар аднаго з сваіх патронаў, які зьяўляецца апекуном хрысьціянскага Ўсходу.
 
Тэма еднасьці і братняй любові паміж тымі, хто называе сябе вучнямі Хрыста, была галоўным акцэнтам сьвяточнай Літургіі ў гэты дзень. Пра неабходнасьць імкнуцца да выкананьня Хрыстовага запавету “каб усе былі адно” (Ян 17, 21) вернікі чулі падчас сьвяточных сьпеваў, чытаньняў апостальскіх і евангельскіх урыўкаў, а таксама і ў казаньні душпастыра берасьцейскіх грэка-католікаў а. Ігара Кандрацьева.
 
Пасьля Боскай Літургіі падарункам для ўдзельнікаў сьвяткаваньняў у Берасьці сталі ажно два канцэрты. Спачатку адбыўся канцэрт з твораў для балалайкі і класічнай гітары ў выкананьні музыкантаў з Берасьцейскага музычнага каледжу Мікалая і Юрыя Моніных. Гучалі паланэзы, вальсы, ронда, полькі, танго, мазуркі, кампазіцыі ў стылі кантры-блюз. Удзельнікі парафіяльнага сьвята змаглі пачуць выдатныя творы еўрапейскіх, расейскіх і амерыканскіх кампазітараў, як мінулых часоў (Агінскі, Моцарт, Паганіні, Веняўскі, Андрэеў), так і сучаснасьці (Джойс, Дыенс, Фосэт), падзівіліся арыгінальнасьці выкананьня іх твораў на балалайцы і віртуознасьці ігры музыкі. А адзін з твораў быў выкананы на балалайцы наогул ўпершыню менавіта падчас парафіяльнага сьвята.
 
А 17-й гадз. у душпастырскім цэнтры грэка-каталіцкай парафіі адбылася прэзентацыя новага (чацьвёртага ўжо) дыску Барыса Ідэльчыка з Менску.
 
Барыс Ідэльчык — аўтар песень, аранжыроўшчык, выканаўца, студыйны і канцэртны хрысьціянскі музыка. З 2006 году Барыс выпусьціў тры сольныя альбомы, у якіх ён выказвае сваю веру ў Бога. Як адзначае Барыс Ідэльчык, усе яго песьні — гэта ня проста тэксты і музыка, а яго духоўныя перажываньні, якія яму захацелася пакласьці на музыку. У 2012 годзе выйшаў у сьвет яго чарговы альбом “Это мой народ”, з якім аўтар і пазнаёміў гасьцей сьвята грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці.
 
 
 
Гл. таксама:
09.04.2016
Асаблівае жыцьцё асаблівага чалавека
07.10.2015
Саракавіны ў Берасьці па Алесю Чаркашыну
06.12.2014
Сьвята парафіі ў гонар апостала Андрэя ў берасьцейскіх грэка-католікаў
11.07.2013
Урачыстасьці ў грэка-католікаў Берасьця
21.07.2010
Грэка-католікі на фэсьце ў Гудагаі