Пошук
Архіў навін
11.12.2012
Архібіскуп Вены падзякаваў за дар уваскрасеньня Цэркваў-мучаніц XX стагоддзя
 
3 сьнежня 2012 году ў Вене, у старажытнай катэдры сьвятога Стэфана, вернікі і духавенства Ардынарыяту для каталікоў візантыйскага абраду ў Аўстрыі адзначылі сьвята свайго заступніка — хрысьціянскага першамучаніка. З нагоды сьвята кардынал Крыстаф Шэнбарн, Архібіскуп Вены і Ардынарый вернікаў візантыйскага абраду ў Аўстрыі, прыняў удзел ва ўрачыстай Боскай Літургіі, якую ўзначаліў украінскі грэка-каталіцкі сьвятар протаярэй Юры Каласа, протасінкел вернікаў візантыйскага абраду ў Аўстрыі, у саслужэньні з духавенствам ардынарыяту — паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ.
 
Катэдра сьвятога перашамучаніка Стэфана, у якой месьціцца пасад рыма-каталіцкага архібіскупа Вены і прымаса Аўстрыі, зьяўляецца сымбалем горада Вены. Гэта адзін з самых старажытных храмаў Аўстрыі і адна з найбольшых сьвятыняў у Еўропе. Урачыстае набажэнства ў катэдры суправаджаў хор цэнтральнай парафіі сьвятой Барбары і супольнасьці Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы. На Літургіі быў таксама Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Украіны ў Аўстрыі.
 
Падчас казаньня кардынал Шэнбарн зьвярнуў увагу на ўнікальную ролю Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў у жыцьці Паўсюднай Царквы:
 
«Дзякуем Богу за дар уваскрасеньня Цэркваў-мучаніц ХХ стагоддзя, якія сваім мучаніцтвам засьведчылі еднасьць з пераемнікам апостала Пятра. Новае жыцьцё і разьвіцьцё служэньня грэка-каталіцкіх Цэркваў, якія ёсьць увасабленьнем Хрыстовай навукі пра еднасьць Цэркваў, зьяўляецца асаблівым дарам для жыцьця Паўсюднай Царквы».
 
У перыяд камуністычнага таталітарызму Грэка-Каталіцкая Царква ва Ўкраіне, Румыніі, Славакіі і іншых краінах Усходняй Еўропы моцна пацярпела ў выніку жорсткага пераследу і быў вымушаны існаваць у падпольлі. Але нават гэтая трагічная гісторыя пацьвердзіла, што «кроў мучанікаў зьяўляецца насеньнем веры».
 
У першай палове дня Архібіскуп Крыстаф Шэнбарн, які з 1995 году зьяўляецца Ардынарыем усіх вернікаў візантыйскага абраду ў Аўстрыі, сустрэўся з сьвятарамі ардынарыяту, якія займаюцца дупастырствам у гэтай краіне. Падчас сустрэчы кардынал Шэнбарн адзначыў надзвычайную важнасьць удзелу сьвецкіх вернікаў у жыцьці Царквы. Іншым момантам, на які Ўладыка Хрыстаф раіў асабліва зьвярнуць увагу грэка-каталіцкім сьвятарам — душпастырская апека маладых людзей.
 
«Сёньня мы павінны ісьці да маладых людзей, каб навучаць іх евангельскай праўдзе, тлумачыць ім праўды веры. У сучасным секулярызаваным сьвеце мы павінны дапамагчы маладому чалавеку спазнаць праўду пра Бога, а значыць пазнаць самога Бога. Мы павінны ствараць школу веры, дзе маладыя людзі гуртуюцца вакол Асобы жывога Хрыста!» — падкрэсьліў Архібіскуп Вены.
 
Пасьля набажэнства кардынал Шэнбарн запрасіў сьвятароў і іх сям’і на ўрачысты прыём да архібіскупскага палацу. Падчас гасьціны Ардынарый вернікаў візантыйскага абраду выказаў асаблівую падзяку жонкам сьвятароў за іх ахвярнае прысьвячэньне і ўдзел у жыцьці Царквы.
 
Сёньня да Ардынарыяту вернікаў візантыйскага абраду ў Аўстрыі належаць вернікі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Вянгерскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы, Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, Расейскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Балгарскай Грэка-Каталіцкай Царквы і Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы. Агульная колькасьць вернікаў, якія пражываюць у розных федэральных землях Аўстрыі, складае каля 20 тысячаў чалавек. Да ардынарыяту належыць 32 сьвятары. Душпастырскае служэньне ажыцьцяўляецца ў наступных гарадах: Вена, Грац, Клагенфурт, Лінц, Зальцбург і Інсбрук.
 
На пачатку 2012 году ў сталіцы Аўстрыі на просьбу мясцовых беларусаў Архібіскуп Вены, кардынал Крыстаф Шэнбарн заснаваў беларускае грэка-каталіцкае душпастырства ў гонар Хрыста Чалавекалюбцы. Душпастарам прызначаны беларускі грэка-каталіцкі сьвятар Андрэй Абламейка, які цяпер жыве і студыюе ў Аўстрыі. У венскай грэка-каталіцкай царкве сьвятой Барбары, дзе некалі захоўваліся мошчы сьв. Язафата, архібіскупа Полацкага, пачаліся рэгулярныя беларускія набажэнствы.

Фота: Erzdiözese Wien’s Photostream
Гл. таксама:
14.10.2016
«Быць сьведкамі Евангельля любові для кожнага чалавека»
10.07.2016
«Веру ў Адзіную Царкву»
25.09.2014
Уніі практыкаваліся ў гісторыі практычна ўсіх Цэркваў
01.11.2013
Прадстаўнік Папы: сьвятло веры павінна прасьвятляць ўсё жыцьцё народу
07.04.2012
Архібіскуп Гуджэроцьці наведаў грэка-каталіцкі храм у Віцебску