Пошук
Архіў навін
13.12.2012
Каб стварыць беларускую царкву ў Лондане, кітаец вывучыў нашу гісторыю
 
Гутарка з маладым лонданскім архітэктарам кітайскага паходжаньня, вернікам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Цзыўай Рафаэлем Со, які зацікавіўся Беларусьсю і будуе для беларусаў царкву.

Якое дачыненьне, запытаецеся вы, ён мае да Беларусі? Большае, чым асноўная маса нашых суайчыньнікаў, што аднойчы прайшоўшы эміграцыйны кантроль, бясьследна зьнікла ў тумане Альбіёну. Парафіянін беларускай грэка-каталіцкай царквы сьв. Пятра і Паўла ў Лондане, Цзыўай Рафаэль захапляецца гісторыяй Беларусі, вывучае традыцыйную беларускую архітэктуру ды распрацоўвае праект новай беларускай царквы, якая мае паўстаць на поўначы Лондана ў бліжэйшай будучыні.

Для кітайцаў Беларусь — «Белая Расія»

— Я нарадзіўся ў Кітаі. Аднак калі мне было тры гады, сям’я пераехала ў Ганконг, які тады яшчэ падпарадкоўваўся Вялікабрытаніі, — распавядае Цзыўай Рафаэль. — Там я скончыў ангельскую школу і ўніверсітэт па сьпецыяльнасьці «архітэктар». Пасьля атрымаў паўнавартасны дыплом архітэктара ў Лонданскім універсітэце Метраполітэн. Цяпер кірую невялікай архітэктурнай кампаніяй ды выкладаю ў Мідлсэкскім універсітэце ў Лондане.

— Калі ты ўпершыню пачуў пра Беларусь ці беларусаў?

— Пра Беларусь чуў даўно і нямала. Як і многія кітайцы, выхаваныя ў духоўнай сімпатыі да братоў па камуністычным лагеры, я заўжды быў натхнёны СССР. Праўда, у кітайскай мове слова «Беларусь» памылкова замацавалася як «Белая Расея». З гэтай прычыны многія блытаюць беларусаў з белымі рускімі — праціўнікамі бальшавізму ў грамадзянскай вайне ў Расеі.

Пазьней я чуў пра першую лэдзі Тайваня, якая паходзіла з-пад Воршы (Фаіна Вахрава ­— К. Л.). Праўда, ня ведаю, ці многія асацыявалі яе з Беларусьсю.

Вашая краіна дня мяне была нібы ахутана заслонай таямнічасьці. Расея і Белая Расея ў маёй сьвядомасьці асацыяваліся з Паўночнай і Паўднёвай Карэяй. Я думаў, што гэта адны і тыя ж людзі, падзеленыя палітычна.

— Як жа лёс зьвёў цябе з беларусамі ў Вялікабрытаніі?

— У 2007 годзе Беларуская каталіцкая (ўніяцкая) місія ў Англіі прадавала адзін з будынкаў у Лондане, а я працаваў на фірму, што гэты будынак набывала. Тады я пазнаёміўся з айцом Сяргеем Стасевічам. Ён з ахвотай зладзіў для мне экскурсію па беларускім цэнтры, распавёў гісторыю місіі. Паколькі жыў паблізу, стаў рэгулярна яго сустракаць, наведваць мерапрыемствы, пазнаёміўся з беларускай суполкай.

У Ганконгу я вучыўся ў каталіцкай школе, але ня быў хрысьціянінам. У Лондане пачаў наведваць англіканскую царкву недалёка ад дома. Айцец Сяргей Стасевіч шмат распавядаў пра каталіцтва і праваслаўе, пазычаў кнігі пра ўсходняе хрысьціянства. Я зацікавіўся, стаў рэгулярна наведваць нядзельныя багаслужбы ў беларускай грэка-каталіцкай царкве сьвятых Пятра і Паўла, і ўрэшце прыняў там хрост.

— Ты не разумееш ні беларускай, ні расейскай мовы. Ці камфортна пачуваешся сярод тутэйшых беларусаў?

— З гледзішча ментальнасьці і многіх звычак, што фармуюцца ў дзяцінстве, у нас з беларусамі шмат падобнага. Я нарадзіўся ў краіне, дзе кіроўнай была кампартыя, жыў у шматкватэрным панэльным доме... Традыцыі грэка-каталіцкай Царквы, канечне, былі для мяне адкрыцьцём. Моўны бар’ер істотны, але спадзяюся знайсьці сьпецыяліста, які дапаможа мне вывучыць беларускую.

«Цяжкасьці перакладу» (не забывайцеся, што тут усе валодаюць ангельскай) кампенсуюцца беларускай добразычлівасьцю, гасьціннасьцю. У некаторых культурах прынята вітаць адно аднаго пры першай сустрэчы ледзь не абдымкамі. Але гэта толькі жэст, які не азначае, што чалавек ставіцца да цябе неяк асабліва. Беларусы пры сустрэчы вельмі стрыманыя. Але і цэняць сяброўства яны нашмат болей. Калі беларус называе некага сябрам, гэта сапраўды блізкі чалавек, а ня проста адзін з дзясяткаў знаёмых.

Мой досьвед у зносінах з брытанскімі беларусамі быў падмацаваны сёлетняй паездкай у Беларусь. Людзі рабілі ўсё магчымае, каб дапамагчы мне, удзяліць ўвагу. Нават калі гэта азначала для іх дадатковыя цяжкасьці і праблемы. Я, сапраўды, магу назваць беларускіх знаёмых сябрамі, бо перакананы, калі буду ў бядзе, яны мне дапамогуць. Не магу сказаць падобнае пра большасьць сваіх знаёмых з іншых краінаў. Канечне, я раблю высновы толькі на падставе тых людзей, з кім пазнаёміўся. Напэўна, ня ўсе такія. Гэтак, падчас знаходжаньня ў Беларусі мне ледзь не надавалі кухталёў у аўтобусе, калі я паспрабаваў патлумачыць двум хлапцам нападпітку, што яны занялі маё месца.

 

На беларускай царкве ў Лондане ня будзе «цыбуліны»

— Але ты ня проста наведваеш беларускую царкву і культурныя імпрэзы. Цяпер ты працуеш над праектам новай беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Лондане...

— Пра планы пабудовы новай царквы (цяпер яна месьціцца ў памяшканьні былой грамадзкай залы) ўпершыню пачуў гады чатыры таму. З розных прычынаў справа ня вельмі рухалася з месца, і аднойчы айцец Сяргей прапанаваў мне паспрабаваць распрацаваць праект. На той момант я нічога ня ведаў пра беларускую архітэктуру. Пачаў чытаць, вывучаць літаратуру. Перагледзеў каля двух дзясяткаў патэнцыйных дызайнаў для будучай царквы. Ніводзін з іх не пасаваў, таму сёлета я выправіўся на Беларусь, каб на ўласныя вочы паглядзець на старадаўнія беларускія бажніцы. Прычым галоўным аб’ектам майго інтарэсу было драўлянае дойлідзтва. Я пабываў ў Менску, Лідзе, Івацэвічах, а таксама ў вёсках і мястэчках на Гарадзеншчыне і Берасьцейшчыне (Ганчары, Мураванка, Аброва, Бялавічы, Бусяж, Косава).

— Што значыць ніводзін з папярэдніх дызайнаў «не пасаваў»?

— Гісторыя Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі бярэ пачатак у канцы 1940-х. І ўвесь гэты час яна зьвязаная з асьвячаным месцам у лонданскім раёне Паўночны Фінчлі. Тут месьціцца Беларускі рэлігійны і культурны цэнтр імя сьвятога Кірылы Тураўскага ўключна з легендарнай Скарынаўскай бібліятэкай і Марыян Хаўз («Марыйным домам»), дзе жыла цэлая група беларускіх сьвятароў усходняга абраду. Гэта адзін з цэнтраў беларускага жыцьця за мяжой, якое дзесяцігоддзямі прыцягвала інтэлектуалаў з усяго сьвету.

Таму перш, чым узяцца за распрацоўку праекту беларускай царквы, я мусіў зразумець, што значыць слова «беларуская». Выявілася, што гэта не такая простая задача, бо Беларусь — гэта свайго кшталту Атлантыда. У цяперашнім разуменьні яна не існавала на палітычнай мапе да 1918 году. Але людзі жылі на гэтай зямлі тысячы год. Чым болей я чытаў, тым болей я даведваўся, што менавіта продкі цяперашніх беларусаў складалі аснову жыхароў Вялікага Княства Літоўскага. Яны былі носьбітамі разьвітай еўрапейскай культуры, чым сёньня могуць ганарыцца. І Грэка-Каталіцкая ці Ўніяцкая Царква была ня проста самай распаўсюджанай рэлігіяй на гэтых землях, але і неад’емным складнікам гэтай культуры. Аднак з таго часу, як Расейская імперыя падначаліла беларускія землі ды зьліквідавала унію (1839), уніяцтва выпала з беларускага рэлігійнага кантэксту больш чым на паўтара стагоддзя.

Таму будучая беларуская царква ў Лондане мусіць стаць ня проста функцыянальным памяшканьнем, але і своеасаблівым помнікам беларушчыне, увасабленьнем беларускага духу і адлюстраваньнем беларускай культуры.

Я назаўжды запомніў словы кіраўніка місіі айца Аляксандра Надсана: «Беларусы ня лепшыя і ня горшыя за іншыя народы. У нас ёсьць свая ўнікальная мова і культура, дадзеныя нам Богам. Мы павінны іх захоўваць, бо бяз гэтага ня будзе нас».

Разам з тым відавочна, што існуе багата непаразуменьняў што да Беларусі ў сьвеце, нястача ўвагі. Таму пабудова беларускай царквы ў брытанскім асяродку — нібыта сказаць: «Мы тут! Мы існуем!» Мы маглі зрабіць звычайны будынак ды прымацаваць на яго крыж, як робяць многія. Але мы хочам паказаць, што гэта беларускае месца, яно ўнікальнае і адрознае ад іншых.

Я таксама хачу прадэманстраваць, што апроч тысячагадовай гісторыі, прыгожай мовы і багатай літаратуры ў беларусаў ёсьць і таленавітыя архітэктары. Калі запытацца ў сярэднестатыстычнага брытанскага школьніка, што ёсьць беларуская архітэктура, у лепшым разе ён скажа нешта пра расейскія цэрквы з характэрнымі цыбулінамі. Менавіта таму я прысьвяціў асаблівую ўвагу вывучэньню купалоў-вежаў у беларускай традыцыйнай архітэктуры. І адразу адмовіўся ад «цыбуліны», бо гэта перадусім расейскі элемент.

— Ты з такім імпэтам распавядаеш пра гэты праект. Чаму ён такі важны для цябе?

— Дагэтуль я рабіў больш маштабныя праекты, але нішто не было такім адмысловым.

Гэтую царкву я раблю ад свайго сэрца, а не дзеля грошай. Маёй кампаніі прыйшлося нават адхіліць некалькі канкрэтных прапановаў, бо я накіраваў сюды асноўныя рэсурсы. Але яно таго вартае. Пабудаваць храм — мара любога архітэктара. Для мяне гэта падвойны прывілей, бо я ж яшчэ і хрысьціянін.

 

Шмат дзесяцігоддзяў назад Беларусь была такой прыгожай, як Вільня

— Вяртаючыся да леташняй вандроўкі ў Беларусь, што цябе там найбольш уразіла?

— Я ўбачыў у беларусах нешта такое, на што яны самі не зважаюць увагі — чалавечнасьць. У капіталістычным грамадзтве, асновамі якога ёсьць рынак і канкурэнцыя, людзі засяроджаныя на сабе і ўласных праблемах.

З іншага боку заўважыў, што людзі ў Беларусі выглядаюць стомленымі. Прычым ня столькі зьнешне, колькі ментальна. У мяне склалася ўражаньне (і я часта чую гэта ад беларусаў у Беларусі і ў Брытаніі), што людзі страцілі надзею нешта там зьмяніць. Таму імкнуцца наладзіць уласнае жыцьцё і дабрабыт, альбо абстрагаваўшыся ад нацыянальных праблемаў, альбо зьехаўшы за мяжу.

Але бяз веры нічога ня будзе.

Вазьміце, напрыклад, праект нашай царквы. У нас яшчэ няма пэўнасьці ў фінансаваньні, не атрыманы дазвол ад мясцовых уладаў. Аднак я веру, што гэта магчыма і раблю тое, што ад мяне залежыць. Гэта адзіны спосаб дасягнуць мэты, якой бы неверагоднай яна не падавалася. Многія беларусы ні ў што ня вераць, і гэта сумна.

— Якой ты пабачыў беларускую архітэктуру?

— Найбольш мяне ўразілі аўтэнтычныя драўляныя пабудовы ў музеі архітэктуры і побыту «Строчыцы»: настолькі характарныя, паўсталыя з беларускай культуры і традыцыяў! У той дзень ішоў дождж, але мне падавалася, што трапіў у казку.

Менск, адбудаваны ў сталінскім стылі, — грандыёзны, імперскі, манументальны. Не магу сказаць, што мне гэта вельмі спадабалася. Але гэта таксама частка гісторыі.

У мястэчках, дзе я аглядаў традыцыйныя храмы, мяне расчаравала тое, што людзі ня цэняць багацьце, якое ў іх ёсьць. Узяць хаця б паўсюдную блакітную металічную дахоўку, якой замянілі традыцыйную чарапічную. Заміж гістарычных вежачак-сігнатурак — залатыя расейскія «цыбуліны»... Відавочна, што людзям, якія нясуць адказнасьць і бяруцца за гістарычныя аб’екты, нестае ведаў, адукацыі і разуменьня. Я меў доўгую гутарку з рэстаўратарам з Шатландыі, які ўдзельнічаў у канферэнцыі ў Беларусі, прысьвечанай рэканструкцыі палаца Радзівілаў у Нясьвіжы. Ён зьвярнуў увагу, што беларусы, напрыклад, абсалютна ня ведаюць, як захоўваць тонкае мастацкае аздабленьне інтэр’ераў. Выкарыстоўваюцца звычайныя будаўнічыя падыходы да таго, што было зроблена некалькі стагоддзяў таму. Гэта абсурд.

Па дарозе дамоў я наведаў Вільню. У Менску ты бачыш адну барочную катэдру, нешта ў адным месцы, нешта ў другім — цэласнага адчуваньня гістарычнасьці няма. Адсутнічае сувязь з мінулым. У Вільні ўсё гэта перад тваімі вачыма, і я зразумеў, якой прыгожай шмат дзесяцігоддзяў таму была Беларусь.

Вядома, што велізарныя страты архітэктуры Беларусі нанесьлі войны. Але вы ж столькі ўсяго страцілі ў мірныя часы! Чаму? Бо большасьць не разумее важнасьці, вартасьці і значэньня архітэктуры.

Між тым, архітэктура вылучаецца з культуры. Калі культура багатая, гэта знаходзіць адлюстраваньне і ў архітэктуры. Архітэктурная спадчына ­— частка ментальнасьці, нацыянальнай ідэнтычнасьці. Калі чалавек робіць пластычную аперацыю на твары ці пачынае размаўляць на іншай мове, ён перастае быць сабой.

Мінулае — паказчык таго, хто ты ёсьць. Людзі павінны ганарыцца сваёй архітэктурай, а мне падаецца, што большасьць беларусаў да гэтага абыякавыя. Пры такім раскладзе не выпадкова, што вы столькі ўсяго страцілі і працягваеце страчваць. Відавочна, што гэта адзін з вынікаў недахопу ў людзей нацыянальнай сьвядомасьці і ідэнтычнасьці.

Мне гэта дзіўна, бо ўсе мае знаёмыя беларусы якраз-ткі пераймаюцца пытаньнямі спадчыны, ведаюць гісторыю і імкнуцца нешта рабіць, каб адбудаваць мост паміж мінулым, цяперашнім і будучыняй у сьвядомасьці нацыі. Можа, гэтымі парадоксамі Беларусь для мяне і прыцягальная. Чым болей для сябе я адкрываю, тым болей мне хочацца даведвацца.

Рафаэль, як нашага героя найчасьцей клічуць у Лондане, можа гаварыць пра Беларусь гадзінамі. Згадваючы пра беларусаў, ён падсьвядома прамаўляе «мы», перапрашае за агаворку і праз нейкі час зноў паўтараецца. І не дарма. Прачытаўшы інтэрв’ю, вы можаце не паверыць, што чалавек, які большую частку жыцьця пражыў у іншым вымярэньні, мае нагэтулькі яснае ўяўленьне пра беларускі феномен. Падобным могуць пахваліцца нямногія беларусы. Таксама нячаста пабачыш, каб суайчыньнікі рабілі грамадзкую справу з такім імпэтам, натхненьнем і верай у вынік. «Трэба ўлезьці ў галаву беларусаў, каб зразумець, ці спадабаецца ім мой праект, ці адпавядае ён беларускім традыцыям», — увесь час паўтарае Рафаэль. Ці многія ягоныя беларускія калегі пераймаюцца падобным?

Кастусь ЛАШКЕВІЧ, Лондан. Тут і цяпер.
Фота аўтара.
Гл. таксама:
27.05.2017
Беларуская царква трапіла ў лік найлепшых будынкаў Лондану за 2016 год. Інтэрвію з архітэктарам
20.12.2016
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў з асьвячэньнем новай царквы ў Лондане
18.04.2015
Айцец Аляксандар Надсан: «Чакаю, калі Беларусь стане больш беларускай»
17.04.2015
Памёр айцец Аляксандар Надсан
08.08.2011
Айцец Аляксандар Надсан: Скарынаўская бібліятэка павінна зрабіцца беларускім аналагам Гётэ-інстытута