Пошук
Архіў навін
31.12.2012
У Варшаве ў Клубе каталіцкай інтэлігенцыі размаўлялі пра грэка-каталікоў Беларусі і Польшчы
 
Адно з апошніх спатканьняў Клуба каталіцкай інтэлігенцыі ў Варшаве ў 2012 годзе было прысьвечана жыцьцю і праблемам грэка-каталікоў Беларусі і Польшчы, паведамляе інфармацыйны партал Bazylianie.pl.
 
Спатканьне варшаўскай інтэлігенцыі “Суседзі невядомыя, хоць блізкія: грэка-каталіцтва ў Польшчы і ў Беларусі” адбывалася 20 лістапада 2012 году. Тыя, хто прыйшоў на гэтую сустрэчу, пажадалі глыбей зразумець сучасныя праблемы Грэка-Каталіцкай Царквы і яе вернікаў, якія пражываюць у Польшчы і Беларусі. На пачатку сустрэчы варшаўскай інтэлігенцыі кароткі выклад пра Ўсходнія Цэрквы зрабіў мадэратар дыскусіі Мікалай Фокс — польскі радыё- і тэлежурналіст, тэолаг, эксьперт па пытаньнях экуменізму. Затым сваім думкамі падзяліліся Анастасія Ільіна, грэка-каталічка з Беларусі, якая студыюе ў Варшаве, а. Пятро Кушка, грэка-каталіцкі манах-базыльянін з Варшавы, і Лукаш Рэйт, вернік варшаўскай грэка-каталіцкай парафіі.
 
Выступ Анастасіі Ільіной, якая паходзіць з грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці і якая стала верніцай БГКЦ ужо ў дарослым узросьце, выклікаў асаблівую цікавасьць прысутных, адзначае інфармацыйны партал Bazylianie.pl. Яна распавяла пра складанае становішча грэка-каталікоў на сваёй радзіме ў Беларусі, дзе сёньня ў грэка-католікаў няма сваіх храмаў, бо існуюць вялікія як матэрыяльныя, так і прававыя перашкоды для іх будаўніцтва з боку ўладаў. Сьвятары БГКЦ зьдзяйсьняюць набажэнствы ў звычайных дамах, у якіх памяшканьні прыстасаваныя пад капліцы.
 
Тым ня менш, яна падкрэсьліла, што ў Беларусі ёсьць пакліканьні і ўжо свае маладыя грэка-каталіцкія сьвятары. Частка з іх навучаецца ў рыма-каталіцкіх семінарыях, у прыватнасьці ў Драгічыне (Польшча), што, як адзначыла Наста Ільіна, не спрыяе іх выхаваньню ва ўсходнім абрадзе, абмяжоўвае ў вывучэньні ўсходняга багаслоўя, духоўнасьці і кананічнага права на практыцы. У лепшай сітуацыі, на яе думку, знаходзяцца тыя, хто праходзіць фармацыю і навучаньне ў духоўных семінарыях Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Спадарыня Ільіна таксама выказала шкадаваньне, што за 20 гадоў з часу адраджэньня грэка-каталіцтва ў Беларусі дагэтуль у беларускіх грэка-каталікоў няма свайго біскупа. Яна, як і многія вернікі БГКЦ, вельмі хацела б, каб ім стаў беларус, які вырас у гэтай краіне і добра адчувае патрэбы мясцовых людзей.
 
Нашмат лепш выглядае сітуацыя ў грэка-каталікоў у Польшчы, дзе ў 1989 годзе пасьля камуністычнага перасьледу Грэка-Каталіцкая Царква атрымала статус юрыдычнай асобы і на працягу некалькіх гадоў здолела адбудаваць свае структуры. Гэта паспрыяла стварэньню ў 1996 годзе сваёй мітраполіі ў Польшчы, у склад якой уваходзіць сёньня Перамышальска-Варшаўская архіяпархія з сядзібай мітрапаліта ў Перамышлі і Ўроцлаўска-Гданьская япархія з сядзібай біскупа ва Ўроцлаве.
 
Грэка-каталіцкія біскупы прымаюць удзел у пасяджэньнях Канферэнцыі епіскапату Польшчы і зьяўляюцца сябрамі Сіноду Біскупаў УГКЦ. Як адзначыў а. Пятро Кушка, OSBM, грэка-каталікі ў Польшчы ў большасьці лічаць сябе ўкраінцамі, але ёсьць і палякі, якія сталі грэка-каталікамі з уласнага выбару. Таксама сярод вернікаў грэка-каталіцкіх парафіяў у Польшчы ёсьць нямала палякаў, якія пасьля шлюбу з сужонкам грэка-католікам далучыліся да грэка-каталіцкай супольнасьці.
 
Айцец Пятро Кушка адзначыў добрыя адносіны Грэка-Каталіцкай Царквы ў Польшчы з Рыма-Каталіцкай Царквой. Аднак, на жаль, адзначыў грэка-каталіцкі душпастыр, там, дзе грэка-каталікоў няма або яны ракіданыя, рыма-каталіцкія сьвятары мала ведаюць або наогул ня ведаюць пра тое, хто такія грэка-каталікі і Грэка-Каталіцкая Царква. Здараюцца выпадкі, калі шлюб грэка-каталіка і рыма-каталічкі трактуюць як мяшаны шлюб і беспадстаўна патрабуюць ад бакоў падпісваць адпаведныя кананічныя абавязаньні.
 
Карыстаючыся нагодай, віншуем грэка-каталічку з Берасьця Анастасію Ільіну з выдатнай абаронай кандыдацкую дысертацыі “Уцёкі ад тоеснасьці: беларуская рэчаіснасьць” у Інстытуце філасофіі і сацыялогіі Польскай Акадэміі Навук. Дарэчы, на яе абароне прысутнічала спн. Эльжбета Медзыбродзкая — унучка вядомага беларускага ўніяцкага дзеяча міжваеннага часу а. Баляслава Пачопкі, як працаваў ва ўніяцкай парафіі ў Бабровічах, а раней выдаваў у Вільні першую каталіцкую газету “Biełarus”.
Гл. таксама:
24.04.2018
Першаярарх УГКЦ: «Мы пазітыўна ацэньваем намаганьні дзеля прызнаньня адзінай Праваслаўнай Царквы Ўкраіны»
20.02.2013
Растлумачце, калі ласка, па якой прычыне беларуская Ўніяцкая Царква жыве па грыгарыянскім календары, а ўкраінская — па юльянскім? Дзякуй.
07.02.2013
Апостальскі нунцый: Папа цэніць існаваньне беларускіх грэка-католікаў
23.09.2009
«Царква павінна быць самастойнаю»
01.06.2009
Пакліканыя для дыяканскага служэньня ў БГКЦ