Пошук
Архіў навін
07.02.2013
Апостальскі нунцый: Папа цэніць існаваньне беларускіх грэка-католікаў
 
3 лютага 2013 году Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці наведаў грэка-каталіцкую парафію Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Віцебску. Прадстаўнік Сьвятога Айца сустрэўся з вернікамі, узначаліў нядзельную Боскую Літургію і зьвярнуўся да прысутных з прамоваю.
 
Апостальскі нунцый у віцебскай грэка-каталіцкай парафіі.
Вітаючы Ўладыку Клаўдзія (Гуджэроцьці), Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) падкрэсьліў, што гэты візіт прадстаўніка Папы ў Віцебск — вельмі важная падзея для вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, бо сёлета спаўняюцца 490-ыя ўгодкі мучаніцтва сьв. Язафата Кунцэвіча, архібіскупа Полацкага, які асабліва шануецца ў Грэка-Каталіцкай Царкве і які менавіта ў Віцебску прыняў мучаніцкую сьмерць за еднасьць Царквы.
 
У сваім слове падчас набажэнства Апостальскі нунцый адзначыў, што для яго вялікая радасьць праз гэтую сустрэчу сьведчыць еднасьць Сьвятога Айца Бенядыкта XVI з вернікамі БГКЦ. Уладыка Клаўдзі дадаў, што Папа вельмі цэніць існаваньне грэка-католікаў на беларускіх землях і вельмі ўдзячны ім за захаваньне традыцыі сваёй Царквы — адзначае Сatholic.by. «Ваша супольнасьць павінна адчуваць, што зьяўляецца часткай Паўсюднай Царквы», — сказаў ватыканскі ярарх грэка-каталіцкім вернікам.
 
Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці нагадаў таксама, піша беларускі каталіцкі партал Сatholic.by, што абавязкам кожнага хрысьціяніна зьяўляецца місія прапаведаваньня. Зьвяртаючыся да прысутных, Апостальскі нунцый заўважыў, што яны знойдуць магчымасьць «прапаведваць праз літургію вашай Царквы, якая была перададзена вам праз традыцыю Царквы». Таксама прадстаўнік Папы падкрэсьліў, што беларускія грэка-католікі маюць прывілей, бо могуць «прапаведваць сваёй мовай у самым сэрцы Каталіцкай Царквы і паказваць іншым сьвятло, якое зыходзіць ад Хрыста».
 
Апостальскі нунцый Уладыка Клаўдзі (Гуджэроцьці).
Зьвяртаючы ўвагу на ўрывак з прачытанага Евангельля, у якім ішла гаворка пра бласлаўленьні, архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці адзначыў, што бласлаўленьне — гэта слова тых, хто насьледуе Хрыста. Ярарх падкрэсьліў, што «трэба падняцца і ісьці», «трэба ўбачыць Хрыста ў тых, хто знаходзіцца ў патрэбе», і гэта стане тым знакам, які будзе адрозьніваць хрысьціянскіх вернікаў. Тады, адзначыў Апостальскі нунцый, і іншыя людзі змогуць «убачыць нашу любоў, якая можа прыйсьці ад Бога».
 
«Вы павінны адчуваць блізкасьць Сьвятога Айца і ўсёй Царквы. Вы павінны адчуваць моц Духа Сьвятога, Які заўсёды будзе дадаваць вам сілы, каб рабіць новыя крокі, будзе вас умацоўваць і кіраваць вамі», — сказаў Апостальскі нунцый архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці беларускім грэка-католікам у Віцебску.
 
Фота кс. Юрыя Марціновіча, Сatholic.by.

 

Гл. таксама:
01.01.2017
Напярэдадні Раства грэка-каталіцкі сьвятар а. Яўген Усошын распавёў пра сваё пакліканьне і БГКЦ сёньня
25.07.2016
Пілігрымка БГКЦ: верыць у адзіную Царкву
01.11.2013
Прадстаўнік Папы: сьвятло веры павінна прасьвятляць ўсё жыцьцё народу
14.05.2012
Прадстаўнік Сьвятога Айца ўзначаліў паніхіду ў Хатыні
07.01.2012
Свабода ня можа быць без духоўнасьці