Пошук
Архіў навін
25.03.2013
Папа Францішак: ня будзьце сумныя і не паддавайцеся роспачы, будзьце радасныя
 
Калі хрысьціянін любіць крыж, то ён ня можа быць сумным, і не павінен дазваляць злу пазбаўляць яго надзеі. Пра гэта гаварыў Папа Францішак 24 сакавіка 2013 году на плошчы сьв. Пятра падчас урачыстай сьв. Імшы ў Вербную нядзелю — паведамляе Радыё Ватыкану.
 
Літургія Вербнай нядзелі сабрала на плошчы сьв. Пятра ў Ватыкане вялікую колькасьць вернікаў з усяго сьвету. На пачатку дыякан зачытаў урывак з Евангельля паводле сьв. Лукі, які распавядае пра трыюмфальны ўезд Ісуса ў Ерусалім, пасьля чаго Папа асьвяціў пальмы і працэсія адправілася вакол плошчы перад ватыканскай базылікай. У ёй ішлі кардыналы і біскупы, якія саслужылі сьв. Імшу з Сьвятым Айцом, а таксама шматлікія сьвецкія вернікі, сярод якіх асабліва заўважнай была моладзь. У працэсію ўключыўся і сам Папа Францішак. У сваёй гаміліі падчас сьв. Імшы ён засяродзіўся на трох словах: радасьць, крыж і моладзь. Ніжэй прапануем казаньне Сьвятога Айца Францішка.
 
1. Ісус уваходзіць у Ерусалім. Натоўп вучняў суправаджае Яго на сьвята, яны сьцелюць перад Ім вопратку, кажуць пра цуды, якія Ён зьдзейсьніў, разносяцца воклічы хвалы: «Блаславёны Кароль, Які прыходзіць у імя Госпада! Мір на нябёсах і слава ў вышынях!» (Лк 19,38).
 
Натоўп, сьвята, хвала, блаславеньне, сьвет: усё тут дыхае радасьцю. Ісус абудзіў у сэрцы шмат спадзяваньняў, асабліва сярод пакорлівага, простага, беднага, пакінутага народу, які ў вачах сьвету нічога ня варты. Ён здолеў зразумець чалавечую ўбогасьць, паказаў міласэрнае аблічча Бога, схіліўся, каб вылечыць цела і душу. Гэта Ісус. Гэта Яго сэрца, якое глядзіць на ўсіх нас, глядзіць на нашыя хваробы, на нашыя грахі. Гэта вялікая любоў Ісуса. І гэтак Ён уваходзіць у Ерусалім, з гэтай любоўю, і глядзіць на ўсіх нас. І цяпер Ён уваходзіць у Сьвяты Горад!
 
Гэта выдатная сцэна: яна напоўнена сьвятлом, сьвятлом любові Ісуса, сьвятлом Яго сэрца, радасьцю, сьвятам.
 
Напачатку Імшы мы таксама яе паўтарылі. Мы махалі пальмавымі і аліўкавымі галінамі, сьпявалі “Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе, Цар Ізраілеў!” (Антыфон); мы таксама сустрэлі Ісуса; мы таксама выказалі радасьць суправаджаць Яго, пазнаць Яго як блізкага, што прысутнічае ў нас і сярод нас, як сябра, як брата, а таксама як Цара, гэта значыць, як яркі маяк нашага жыцьця. Ісус — Госпад, але Ён зьнізіўся, каб ісьці з намі. Ён наш сябар, наш брат. Тут Ён прасьвятляе нас на шляху. І сёньня мы Яго прынялі. І гэта ёсьць першае слова, якое я хацеў бы вам сказаць: радасьць!
Ніколі ня будзьце сумнымі: хрысьціянін ня можа быць такім! Ніколі не паддавайцеся роспачы! Крыніца нашай радасьці зусім не ў валоданьні чымсьці, яна нараджаецца з таго, што мы сустрэліся з Асобай: з Ісусам, Які ёсьць сярод нас; яна нараджаецца з таго, што мы ведаем, што з Ім мы ніколі ня ёсьць самотныя, нават у цяжкія хвіліны, нават калі мы сутыкаемся з праблемамі і перашкодамі, якія здаюцца непераадольнымі, і іх так шмат!
І ў гэты момант прыходзіць вораг, д’ябал, нярэдка пад выглядам анёла, і кажа нам сваё слова. Ня слухайце яго! Будзем ісьці за Ісусам! Мы суправаджаем Ісуса, ідзем за Ім, але найперш ведаем, што Ён суправаджае нас і бярэ нас на Свае плечы: у гэтым нашая радасьць і надзея, якую мы павінны несьці ў наш сьвет. Давайце несьці ўсім радасьць веры! І, калі ласка, не давайце выкрасьці ў вас надзею! Не дазваляйце нікому пазбавіць вас надзеі, той, якую дае нам Ісус.
 
2. Другое слова: чаму Ісус уваходзіць у Ерусалім, ці, лепш: як Ісус уваходзіць у Ерусалім? Натоўп вітае Яго шумнымі воклічамі, як Цара. І Ён не пярэчыць, не прымушае яго змоўкнуць (пар. Лк 19,39-40). Але якога роду Царом ёсьць Ісус? Паглядзім на Яго: сядзіць на асьле, бяз сьвіты, бяз войска, што сымбалізуе сілу. Вітаюць Яго простыя, пакорлівыя людзі, для якіх ёсьць сэнс бачыць у Ісусе нешта большае; і гэты сэнс спалучаны з верай, якая падказвае ім: “Гэта Збаўца”. Ісус уваходзіць у Сьвяты Горад не для таго, каб прыняць ушанаваньні, якія аказваюць зямным уладарам, што маюць уладу, тым, хто пануе; Ён уваходзіць, каб прыняць бічаваньне, зьбіцьцё і зьнявагі, як прадказвае Ісая ў 1-ым чытанні (пар. Іс 50, 6); Ён уваходзіць, каб прыняць цярновы вянок, палку, пурпуровы плашч: Яго царскасьць стане прадметам абсмейваньня; Ён уваходзіць, каб узысьці на Галготу, несучы дрэва. І вось — другое слова: Крыж.
Ісус уваходзіць у Ерусалім, каб памерці на Крыжы. І менавіта ў гэтым зьзяе Яго быцьцё Царом паводле Бога: Яго царскім пасадам зьяўляецца дрэва Крыжа! Я думаю пра тое, што Бенядыкт XVI сказаў кардыналам: “Вы — князі, але князі ўкрыжаванага Цара”.
Такі пасад Ісуса. Чаму Крыж? Таму што Ісус прымае на Сябе зло, бруд, грэх сбвету, таксама наш грэх — усіх нас — і абмывае яго, абмывае яго Сваёй крывёй, міласэрнасьцю, любоўю Бога. Паглядзім вакол: колькі ранаў наносіць чалавецтву зло! Войны, гвалт, эканамічныя канфлікты, што б'юць па самых слабых, прага грошай, якія потым ніхто ня можа ўзяць з сабой, павінен пакінуць іх. Мая бабуля казала нам, дзецям: у саване няма кішэняў. Любоў да грошай, да ўлады, карупцыя, разлады, злачынствы супраць чалавечага жыцьця і супраць тварэньня! А таксама — кожны з нас ведае гэта і прызнае — нашыя асабістыя грахі: адсутнасьць любові і павагі ў адносінах да Бога, да блізкага і да ўсяго тварэньня. Ісус на крыжы адчувае ўвесь цяжар зла і моцай Божай любові перамагае яго, наносіць яму паразу Сваім уваскрасеньнем. Гэтае дабро Ісус зьдзейсьніў для ўсіх нас на пасадзе Крыжа.
Крыж Хрыстовы, прыняты з любоўю, вядзе не да смутку, але да радасьці — да радасьці быць збаўленымі, каб зрабіць малую часьцінку таго, што зрабіў Ён у дзень Сваёй сьмерці.
 
3. Сёньня на гэтым пляцы шмат маладых: вось ужо 28 гадоў Вербная нядзеля зьяўляецца Днём моладзі! Вось трэцяе слова: моладзь! Дарагія юнакі і дзяўчыны, я бачыў вас у працэсіі, калі вы ўваходзілі, я ўяўляю, як вы радуецеся вакол Ісуса, размахваючы аліўкавымі галінамі; я ўяўляю, як вы крычыце Яго імя і выказваеце сваю радасьць быць з Ім! Вам належыць важная частка ў гэтым сьвяце веры! Вы несяце нам радасьць веры і кажаце нам, што мы павінны жыць вераю з маладым сэрцам, заўсёды — з маладым сэрцам нават у семдзесят, восемдзесят гадоў! З маладым сэрцам! З Хрыстом сэрца ніколі не старэе! Але ўсе мы ведаем — і вы таксама гэта выдатна ведаеце — што Цар, за Якім мы крочым і Які вядзе нас, Ён асаблівы: гэта Цар, Які дзеля любові да нас прымае крыж і вучыць нас служыць, любіць. І вы не сароміцеся Ягонага Крыжа! Больш таго, вы яго абдымаеце, таму што вы зразумелі, што
сапраўдная радасьць нараджаецца з самаахвяраваньня, з дару сябе іншаму ды з любові, з дапамогай якой Бог перамог зло.
Вы несяце Крыж у паломніцтве праз усе кантыненты, па дарогах сьвету! Вы несяце яго, адказваючы на заклік Ісуса “Ідзіце, навучайце ўсе народы” (пар. Мц 28, 19), які зьяўляецца тэмай Сусьветнага Дня моладзі гэтага году. Вы несяце яго, каб сказаць усім, што на крыжы Ісус разбурыў сьцяну варожасьці, якая падзяляе між сабой людзей і цэлыя народы, і прынёс прымірэньне і супакой.
 
Дарагія сябры, з сёньняшняга дня я таксама распачынаю шлях разам з вамі, сьледам за Блаславёным Янам Паўлам II і Бенядыктам XVI. З гэтага часу мы наблізіліся да наступнага этапу гэтага вялікага паломніцтва Хрыстова Крыжа. Я з радасьцю чакаю сустрэчы ў ліпені ў Рыа-дэ-Жанэйра! Я прызначаю вам сустрэчу ў гэтым мегаполісе Бразіліі! Добра падрыхтуйцеся, асабліва духоўна, у вашых супольнасьцях, каб гэтая сустрэча стала знакам веры для ўсяго сьвету.
Маладыя павінны сказаць сьвету: “Гэта цудоўна ісьці за Ісусам; цудоўна ісьці з Ісусам; пасланьне Ісуса сумленнае і справядлівае; гэта цудоўна — выйсьці з абмежаванасьці ў сваіх інтарэсах, з перыферыі сьвету і існаваньня, каб несьці Ісуса!” Тры словы: радасьць, крыж, моладзь.
 
Папросім заступніцтва Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. Яна вучыць нас радасьці сустрэчы з Хрыстом, любові, з якой мы павінны глядзець на Яго пад крыжам, натхненьню маладога сэрца, з якім мы павінны ісьці за Ім на працягу гэтага Вялікага тыдня і ўсяго нашага жыцьця. Няхай будзе так.
 
Фота: Associated Press.
Гл. таксама:
26.01.2017
Любоў Хрыстова заахвочвае нас да прымірэньня
02.12.2016
Дэлегацыя з Ватыкану перадала пасланьне Папы Царкве Канстанцінопаля
23.12.2014
Папа даслаў каляднае вітаньне католікам Блізкага Ўсходу
12.07.2014
Кампанія Ватыкану за мір і твіт Папы з нагоды завяршэньня Чэмпіянату сьвету па футболе
23.12.2013
Сьвяты Айцец пра заўсёды незадаволеных хрысьціянаў