Пошук
Архіў навін
01.04.2013
Айцец Надсан: cкажам «браты» і тым, што ненавідзяць нас
 
Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў замежжа айцец Аляксандар Надсан зьвярнуўся з Велікодным пасланьнем да суайчыньнікаў.
 
Першыя крокі Папы Францішка выклікалі шмат каментароў у сусьветнай прэсе. Не абышлося і бяз крытыкі, асабліва з боку некаторых царкоўных дастойнікаў, якім ня вельмі быў даспадобы ягоны сьціплы спосаб жыцьця, а таксама ягоная любоў да бедных, якая не сканчаецца толькі словамі, і ў якой некаторыя хацелі б бачыць паказуху.
 
А між іншым, папа не зрабіў і ня робіць нічога, чаго не рабіў Той, чыім намесьнікам на зямлі ён зьяўляецца, і Які сказаў: «Лісы маюць норы, птушкі нябесныя — гнёзды свае, а Сын Чалавечы ня мае, дзе б галаву прытуліць» (Лк 9:58). Ягоная асоба і навучаньне не супадалі з уяўленьнем чаканага Збаўцы сярод тых, якія ўважалі сябе духоўнымі праваднікамі і настаўнікамі свайго народу. Сапраўды, «Прыйшоў да сваіх, і свае Яго не пазналі» (Ян 1:11); і ня толькі не пазналі, але адкінулі і ўзьненавідзелі, і сталі прычынаю Ягонай крыжовай сьмерці. І ў гэтым вялікая трагедыя абранага народу.
 
Але магіла і сьмерць не маглі ўтрымаць Таго, Хто сказаў пра сябе «Я — уваскрасеньне і жыцьцё» (Ян 11:25). Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос устаў з мёртвых на трэці дзень, абнавіўшы сваім устаньнем увесь сусьвет і даючы нам дарогу да вечнага і непрамінальнага жыцьця з Богам.
 
Вялікдзень — доказ усёабдымнай Божай любові да людзкога роду, любові несумяшчальнай з ніякімі праявамі злосьці ці нянавісьці да каго-колечы. Узгадаем малітву Хрыста за тых, што Яго ўкрыжавалі: «Ойча, прабач ім, бо яны ня ведаюць, што чыняць» (Лк 23:34). Гэтыя словы даюць нам шмат да роздуму.
 
Пра гэта гаворыцца і ў песьні, якую сьпяваем падчас Велікоднай службы:
 
«Уваскрасеньня дзень! Прасьвятлімся ўрачыстасьцю і адзін аднаго абдымем; cкажам «браты» і тым, што ненавідзяць нас, прабачыўшы ўсё дзеля ўваскрасеньня; і ўсклікнем вось так: «Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў».
 
а. Аляксандар Надсан
Вялікдзень, 2013 г.
 
Гл. таксама:
27.01.2017
«Цуд яднаньня распачаўся» — фільм Супольнасьці «Chemin Neuf»
02.12.2016
Дэлегацыя з Ватыкану перадала пасланьне Папы Царкве Канстанцінопаля
01.11.2014
Прэзентацыя кнігі Аляксандра Надсана — пісьменьніка і сьвятара — адбылася ў Менску
10.01.2014
Папа: хрысьціянская любоў – гэта не каханьне з тэлесерыялаў
14.04.2009
Праўда і свабода