Пошук
Архіў навін

10.12.2009

У Вільні памёр беларускі сьвятар Ян Даўкшыс

Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар з Вільні Ян Даўкшыс.
7 сьнежня 2009 году пасьля аперацыі на сэрцы на 57-ым годзе жыцьця супачыў у Госпадзе а. Ян Даўкшыс – адзіны грэка-каталіцкі сьвятар-беларус, які працаваў у Літве.

9 сьнежя 2009 году Боскую Літургію ў віленскай царкве Сьвятой Тройцы айцоў-базыяльнаў і пахаваньне айца Яна ўзначаліў ераманах а. Павел Яхімец, ЧСВВ. У пахаваньні сьвятара-беларуса ўдзельнічалі прадстаўнікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы а. Аляксандар Шаўцоў з Полацку і яго жонка Тацяна.

Нарадзіўся Ян Даўкшыс 19 жніўня 1952 году ў вёсцы Куклі Воранаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці ў каталіцкай сям’і з беларуска-літоўскага памежжа. Пасьля заканчэньня 8 класаў мясцовай сельскай школы пераехаў у Вільню, дзе скончыў школу і стаў маляром-тынкоўшчыкам. У гэты час прыслугоўваў у касьцёле сьв. апосталаў Пятра і Паўла.

Маючы вялікае жаданьне служыць Богу ў часы, калі ў СССР праводзілася дзяржаўная атэістычная палітыка, быў татальны кантроль і атрымаць дазвол на паступленьне ў каталіцкую семінарыю было ўжо практычна немагчыма, у 1972 годзе Ян Дакшыс паступіў у Ленінградзкую духоўную семінарыю, якой апекаваўся тады вялікі прыхільнік экуменізму і супрацоўніцтва з Каталіцкай Царквой мітрапаліт Нікадзім (Ротаў). У 1977 годзе Ян Даўкшыс стаў сьвятаром. У 1989-1995 гг. ён служыў настаяцелем царквы сьвятых Віленскіх мучанікаў Антона, Яна і Яўстаха ў г. Таўраге, што на захадзе Літвы.

Разьвітаньне з а. Янам Даўкшысам на Кальварыйскіх могілках у Вільні.
Пасьля аднаўленьня структураў Грэка-Каталіцкай Царквы ў былым СССР ён вырашыў вярнуцца ў каталіцтва. Івана-Франкоўскі грэка-каталіцкі ўладыка Сафрон Дмытэрка, ЧСВВ 1 чэрвеня 1995 году прыняў яго ў Каталіцкую Царкву.


Пасьля пераходу ў Каталіцкую Царкву а. Ян служыў у Літве для беларусаў і іншых грэка-католікаў у Вільні ў славутай царкве Сьвятой Тройцы, што ў Базыльянскіх мурах, дзе некалі пачынаў сваё служэньне сьв. Язафат.
Магіла а. Ян Даўкшыса на Кальварыйскіх могілках у Вільні.
Таксама ён езьдзіў у Каўнас, дзе ў касьцёле ў першую нядзелю кожнага месяца служыў для невялікай суполкі беларускіх уніятаў. Калі віленская грамада беларусаў адзначала памятныя даты беларускай гісторыі, ён служыў набажэнствы за Беларусь і за беларускі народ.

Пахаваны а. Ян Даўкшыс на Кальварыйскіх могілках у Вільні.

Гл. таксама:
25.11.2019
«Нібы сам Каліноўскі ішоў па Вільні». Гарадзенскі сьвятар расказаў, як гэта — ісьці побач з паўстанцамі
13.03.2015
Унія. Адроджаная беларуская Царква
25.09.2014
Уніі практыкаваліся ў гісторыі практычна ўсіх Цэркваў
07.04.2012
Архібіскуп Гуджэроцьці наведаў грэка-каталіцкі храм у Віцебску
06.02.2012
Нунцый да грэка-католікаў: многае залежыць і ад вас