Пошук
Архіў навін
30.05.2013
Прадстаўнік Папы ў Гомелі: “Трэба прасіць аб дарах Духа Сьвятога”
 
У дзень сьвята Пяцідзясятніцы, калі Сьвяты Дух зыйшоў на апосталаў, што стала пачаткам Царквы, Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) суправаджаў Апостальскага Нунцыя ў Беларусі архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці падчас яго візіту ў Гомель.
 
Прадстаўніка Папы 19 траўня 2013 году ў Гомелі сустракалі ў рыма-каталіцкай парафіі Нараджэньня Божай Маці, дзя мясцовая каталіцкая супольнасьць у гэты дзень адзначала сьвята Зыходу Святога Духа. Разам з рыма-католікамі ў адзіным у горадзе касьцёле ў гэты дзень маліліся і прадстаўнікі невялікай грэка-каталіцкай грамады Гомеля, якая 20 гадоў таму адной з першых сярод грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі атрымала афіцыйную рэгістрацыю ў органах дзяржаўнай улады.
 
Сьвятую Імшу, якую ўзначальваў Апостальскі Нунцый Уладыка Клаўдзі (Гуджэроцьці), саслужылі дапаможны біскуп Пінскі Казімір Велікаселец, які рэзыдуе ў Гомелі, Апостальскі Візітатар для грэка-каталікоў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), мясцовае духавенства лацінскага і візантыйскага абраду.
 
“З людзей, якіх нічога не аб’ядноўвае, Дух Сьвяты робіць Царкву. Ня будзем думаць, што гэта толькі знак ці сымбаль — прысутнасьць Духа Сьвятога сярод нас рэальная сёньня, — падкрэсьліў у сваім казаньні Прадстаўнік Сьвятога Айца архібіскуп Гуджэроцьці. Як адзначае гомельскі каталіцкі партал, зьвяртаючыся да мясцовай каталіцкай супольнасьці, ватыканскі ярарх сказаў: “Мы, хрысьціяне, хочам толькі аднаго: быць напоўненымі Божай любоўю, каб зьмяняць гэтую зямлю. Каталікі, праваслаўныя, пратэстанты — мы ўсе хочам аднаго: паказаць іншым Божую любоў”. Аднак, заўважыў Прадстаўнік Сьвятога Пасаду, “вельмі часта мы — слабыя, і губляем палову нашага часу, каб спрачацца паміж сабой”, і “праблема для нас у тым, як нас называюць, а ня кім мы зьяўляемся”.
 
Разважаючы пра патрэбы гомельскай каталіцкай супольнасьці ў новых храмах, Апостальскі Нунцый сказаў: “Нам патрэбныя месцы, дзе мы можам сябе выявіць, і нам трэба рыхтаваць сябе, каб умець гэта зрабіць”. Дзеля гэтага трэба прасіць аб дарах Духа Сьвятога, “каб Ягоны агонь заўсёды гарэў у нас” і дапамагаў хрысьціянам ня быць абыякавымі — падкрэсьліў падчас казаньня ярарх.
 
Напрыканцы набажэнства Архімандрыт Сяргей (Гаек) падзякаваў Апостальскаму Нунцыю Выокадастойнаму Архібіскупу Клаўдзію за магчымасьць сумеснай малітвы грэка-католікаў з рыма-католікамі ў дзень сьвята Зыходу Сьвятога Духа. “У сьвята Пяцідзясятніцы мы разам молімся за горад Гомель, за ўсіх яго жыхароў. Дух Сьвяты дае нам сілу, каб разам несьці Евангельле тым, хто ня ведае Хрыста. Мы ўдзячныя айцу пробашчу рыма-каталіцкай парафіі за шматгадовую гасьціну. Мы ўдзячныя таксама а. Васілю Ягораву, які ахвярна апякае духова грэка-каталіцкую супольнасьць у Гомелі,” — сказаў Апостальскі Візітатар БГКЦ.
 
Апостальскі Нунцый падзякаваў біскупу Казіміру Велікасельцу і пробашчу парафіі Славаміру Ласкоўскаму за іх служэньне, а гомельскія парафіяне падарылі госьцю кветкі і абраз.
 
У гэты ж дзень Пасол Ватыкану наведаў Гомельскую дзіцячую вёску для сірот-інвалідаў, у якой нясуць служэньне сёстры-бенядыктынкі, а таксама адзіны ў Беларусі Дом міласэрнасьці, якім апякуюцца манахіні з Кангрэгацыі Сясьцяёр Місіянерак Любові, якую заснавала Маці Тэрэза.
 
20 траўня 2013 году, у другі дзень свайго візіту ў Гомель, Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці выступіў з лекцыяй у Гомельскім дзяржаўным медыцынскім ўніверсітэце і адказаў на пытаньні студэнтаў. У гэты ж дзень адбылася таксама сустрэча з старшынём Гомельскага гарвыканкаму Пятром Кірычэнкам і старшынём аблвыканкаму Ўладзімірам Дворнікам. Падчас сустрэчы было абмеркавана пытаньне аб будаўніцтве яшчэ аднаго каталіцкага храму ў гэтым абласным цэнтры.
 
* * *
 
Нагадаем, у Гомелі грэка-каталіцкая парафія Трох Сьвяціцеляў зьбіраецца на малітву ў касьцёле Нараджэньня Божай Маці (вул. Савецкая, 118). Боскую Літургію служыць для мясцовых вернікаў а. Васіль Ягораў з Магілёва кожную першую і трэцюю нядзелю месяца ў катэхетычнай капліцы на першым паверсе храму а гадз. 16.30.
 
Фота з сайту gomel.catholic.by.
 
Гл. таксама:
13.09.2014
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял
03.09.2014
Прадстаўнік Папы пра біскупа Сіповіча: “Ён ня мог прадаць праўду, праўду, якая вызваляе”
23.06.2014
Нунцый узначаліў парафіяльныя ўрачыстасьці грэка-католікаў у Менску
28.05.2013
Ушанаваньне памяці Апостала Палесься
17.12.2011
Напярэдадні Калядаў Апостальскі нунцый сустрэўся з грэка-каталіцкім духавенствам