Пошук
Архіў навін
11.06.2013
Кардынал Курт Кох: Папа адчувае адказнасьць за дыялог паміж Усходнімі Каталіцкімі і Праваслаўнымі Цэрквамі
 
Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў кардынал Курт Кох напярэдадні візіту ва Ўкраіну даў інтэрв’ю для Радыё Ватыкан, у якім адзначыў, што яго візіт накіраваны на паглыбленьне дыялогу паміж католікамі і праваслаўнымі.
 
У інтэрв’ю швайцарскі кардынал адзначыў, што гэта яго першы візіт ва Ўкраіну і ён вельмі важны. Асаблівае значэньне яму надаюць сустрэчы з прадстаўнікамі Праваслаўнай, Грэка-Каталіцкай і Рыма-Каталіцкай Цэркваў Украіны.
 
Пасьля пратэсту Расейскай Праваслаўнай Царквы, кардынал Курт Кох сустрэнецца толькі з тымі ярархамі, якія падтрымліваюць еднасьць з Маскоўскім Патрыярхатам. Распавядаючы пра складаную сітуацыю ва ўкраінскім праваслаўі, дзе сёньня існуе некалькі Праваслаўных Цэркваў, Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў заўважыў, што “гэта выклікае шмат праблемаў у стасунках з Маскоўскім Патрыярхатам, які ня хоча, каб мы ўваходзілі ў гэтыя справы”. “Мы мусім з пашанаю ставіцца да тых цяжкасьцяў, якія існуюць унутры Праваслаўнай Царквы. Зразумела, што афіцыйныя стасункі мы можам падтрымліваць толькі Царквой, якая зьяднаная з Маскоўскім Патрыярхатам”, — сказаў кардынал Кох.
 
Адказваючы на пытаньне пра Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы, якія некаторыя лічаць перашкодаю ў каталіцка-праваслаўным дыялогу, кардынал Курт Кох сказаў, што хоча асабіста “ўбачыць як усё ў рэальнасьці” і “што можна зрабіць, каб паглыбіць дыялог”. Швайцарскі кардынал адзначыў, што, на яго думку, Зьверхнік УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук) вядзе сваю Царкву правільным шляхам і кантакты з ім сьведчаць, што ён вельмі падтрымлівае гэты дыялог ды хоча яго паглыбленьня.
 
Старшыня Папскай Рады таксама адзначыў, што Рымскі Архірэй адчувае адказнасьць за ўсе Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы і ведае іх рэаліі. Таму дыялог паміж Усходнімі Каталіцкімі Цэрквамі і Праваслаўнымі Цэрквамі вельмі важны для яго, і ён зможа даць неабходны імпульс для яго паглыбленьня.
 
Напрыканцы інтэрв’ю кардынал Курт Кох падкрэсьліў важнасьць “экуменізму мучанікаў”, якія, у адрозьненьне ад нашых падзелаў, ужо ў еднасьці. Асабліва важным становіцца гэты асьпект, улічваючы сучасны перасьлед хрысьціянаў у сьвеце. Пра гэта, нагадаў кардынал Кох, Папа Францішак нядаўна размаўляў са Зьверхнікам Копцкай Праваслаўнай Царквы Патрыярхам Тодарам (Тавадрасам) II: “Мы можам маліцца да ўсіх гэтых нашых сьвятых і мучанікаў, якія ў небе, і яны могуць дапамагчы нам знайсьці еднасьць тут, на зямлі”.
Гл. таксама:
14.03.2016
У 70-ыя ўгодкі Львоўскага псеўдасабору ярархі УГКЦ сустрэліся з Папам
13.12.2014
Ватыканскі ярарх: каталіцка-праваслаўны саюз ня можа быць ваяўнічым
05.08.2014
Кардынал Кох пра стан экуменічнага дыялогу і новыя выклікі для хрысьціянства
26.06.2014
Зьверхнік УГКЦ распавёў Сьвятому Айцу пра “боль ўкраінскага народу”
12.06.2013
Візіт ва Ўкраіну старшыні Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў