Пошук
Архіў навін
12.06.2013
Візіт ва Ўкраіну старшыні Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў
 
Ва Ўкраіне з 5 чэрвеня 2013 году знаходзіцца з візітам кардынал Курт Кох, Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў і сустаршыня зьмяшанай Міжнароднай камісіі па багаслоўскім дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі — паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ.
 
У кіеўскім аэрапорце Барыспаль кардынала Курта Коха 5 чэрвеня сустрэў Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў Шаўчук і Архібіскуп Томас Эдвард Галіксан, Апостальскі нунцый ва Ўкраіне.
 
У загараднай рэзідэнцыі Зьверхнікаў УГКЦ пад Кіевам у Княжычах адбылася гутарка ярархаў, да якой далучыўся таксама кардынал Любамір Гузар, Архібіскуп УГКЦ на спачынку.
 
Падчас сустрэчы ў Княжычах Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў (Шаўчук) распавёў Старшыні Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў пра экуменічную персьпектыву ва Ўкраіне і міжканфесійныя кантакты, якія разьвіваюцца ва Ўсеўкраінскай Радзе Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў. Акрамя таго, Зьверхнік УГКЦ у размове з ватыканскім ярархам узгадаў нядаўняе выказваньне Кіраўніка справамі УПЦ (МП) мітрапаліта Барыспальскага Антона (Паканіча) пра тое, што «ў Галіччыне няма рознагалосьсяў паміж праваслаўнымі і грэка-католікамі і стасункі паміж абедзьвюма Цэрквамі ў рэгіёне стабільныя».
 
Кардынал Любамір Гузар распавёў ватыканскаму госьцю пра візіт ва Ўкраіну ў 2001 годзе блаславёнага Папы Яна Паўла II і пра яго захопленыя ўражаньні ад сустрэчы з Усеўкраінскай Радай Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў.
 
6 чэрвеня Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў кардынал Курт Кох наведаў праваслаўную Кіеўскую духоўную акадэмію.
 
7 чэрвеня 2013 году ў Інстытуце сьвятога Тамаша Аквінскага ў Кіеве адбыўся круглы стол, галоўным дакладчыкам якога быў кардынал Курт Кох.
 
У гэты ж дзень кардынал Курт Кох наведаў Патрыяршы цэнтар УГКЦ у Кіеве. Госьця суправаджаў Архібіскуп Томас Эдвард Галіксан, Апостальскі нунцый ва Ўкраіне. Кардыналу Коху галоўны храм усіх грэка-католікаў паказвалі Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук) і ўладыка Ёсіф (Мілян), старшыня назіральнай рады па будаўніцтве Патрыяршага цэнтру УГКЦ. Зьверхнік УГКЦ распавёў госьцю з Ватыкану пра гісторыю і сучаснасьць грэка-каталіцкай катэдры ў Кіеве, пра запланаванае на 17-18 жніўня 2013 году яе асьвячэньне.
 
Падчас свайго візіту ва Ўкраіну акрамя Кіева кардынал Курт Кох наведаў Львоў. 8 чэрвеня кардынал Курт Кох сустрэўся з старшынём Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Віктарам Шамчуком. Падчас сустрэчы яны абмеркавалі канфесійную сітуацыю на тэрыторыі Львоўшчыны і Ўкраіны ў цэлым. Кіраўнік Львоўскай вобласьці адзначыў, што ніякіх канфліктаў паміж хрысьціянамі розных канфесіяў сёньня няма.
 
У гэты ж дзень Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў разам з каталіцкімі ярархамі розных абрадаў прыняў удзел у экуменічнай малітве ў армянскай катэдры ў Львове, якая адбывалася ў рамках акцыі «Ноч храмаў».

У нядзелю, 9 чэрвеня, Яго Эксцэленцыя наведаў лацінскую Вышэйшую духоўную семінарыю і Багаслоўскі інстытут імя сьв. Юзафа Більчэўскага ў Брухавічах каля Львова. Пазьней Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў узначаліў сьвятую Імшу ў лацінскай мітрапалічай базыліцы Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў Львове і прамовіў казаньне. Таксама кардынал Курт Кох наведаў грэка-каталіцкую архікатэдру сьв. Юра, сустрэўся з грэка-каталіцкімі ўладыкамі і пабываў у Сьвята-Ўсьпенскай Уніўскай лаўры айцоў-студытаў.
 
10 чэрвеня ва Ўкраінскім каталіцкім універсітэце ў Львове Архібіскуп Курт Кох сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі, прачытаў лекцыю «Персьпектывы экуменічнага дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі» і адказаў на шэраг пытаньняў.
 
А 11 чэрвеня старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў наведаў Вужгарад і Мукачава.
Гл. таксама:
14.03.2016
У 70-ыя ўгодкі Львоўскага псеўдасабору ярархі УГКЦ сустрэліся з Папам
11.06.2013
Кардынал Курт Кох: Папа адчувае адказнасьць за дыялог паміж Усходнімі Каталіцкімі і Праваслаўнымі Цэрквамі
27.04.2013
Афіцыйная дэлегацыя УГКЦ сустрэлася з Канстанцінопальскім патрыярхам
21.03.2013
Былы зьверхнік УГКЦ кардынал Любамір Гузар не выключае, што новы Папа Рымскі Францішак наведае Ўкраіну
23.01.2013
У Вужгарадзе высьвячаны біскуп-памочнік Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі