Пошук
Архіў навін
30.06.2013
Невялічкая сучасная ўтопія
 
Водгук грэка-каталіцкага сьвятара з Горадні а. Андрэя Крата на атэістычныя эсэ С. Карпава ў газеце “Наша Ніва” пра веру ў Бога, “паразіта веры”, “клерыкалусаў”.
 
Па прачытаньні аднаго і другога «Клерыкалусаў» уражвае тое, што гэта разважаньні верніка. Погляды спадара Карпава — гэта менавіта ВЕРА, і да яго разважаньняў дакладна падыходзіць азначэньне апостала Паўла: «Вера — гэта… упэўненасьць у тым, чаго мы ня бачым» (Габ 11, 1).
 
У аснову сваіх разважаньняў спадар Карпаў ставіць здольнасьць аналізаваць досьвед і прагназаваць вынікі сваёй дзейнасьці. Ня ведаю, на які досьвед абапіраецца спадар Карпаў, калі ў першым «Клерыкалусе» вельмі кранальна апісвае чалавечае грамадзтва: там людзі не крадуць, а купляюць, каб падтрымаць існаваньне грамадзтва, падаюць жабракам, каб не было беднасьці, плацяць падаткі, вырашаюць спрэчкі ў судах і размовах і г.д.
 
Згадваецца стары анекдот пра Вовачку, які хацеў жыць у Савецкім Саюзе, бо настаўніца казала, што самае шчасьлівае дзяцінства менавіта ў СССР. Я таксама хачу жыць у такім грамадзтве, якое апісвае спадар Карпаў, але яно больш нагадвае творы Кампанэлы ці Мора, чым сучасную Рэспубліку Беларусь.
 
На якім досьведзе грунтуецца перакананьне спадара Карпава, што людзі не крадуць, бо такім чынам падтрымліваюць грамадзтва, якое гарантуе ім права на недатыкальнасьць маёмасьці? Калі хтосьці і лічыць так, то гэта вера, а ня здольнасьць прагназаваць вынікі сваёй дзейнасьці. Я ня ведаю людзей, якія, падаючы жабраку на менскім вакзале, упэўненыя, што змагаюцца з беднасьцю, бо кожны ведае, што дзевяноста працэнтаў такой міласьціны апынаецца ў гарэлачным аддзеле найбліжэйшай крамы. Спадар Карпаў сьцьвярджае, што гэта спрыяе нашай бясьпецы і паляпшае настрой. Зьяўленьне на вуліцы п’янага бамжа спрыяе маёй бясьпецы? Скажыце, ці больш гэта лагічна, чым вера ў анёлаў? І калі спадар Карпаў плаціць падатак на дапамогу інвалідам, верачы, што гэта гарантуе нам дапамогу ў выпадку ўласнай інваліднасьці, то ён робіць як сапраўдны вернік, бо большасьць маіх знаёмых пасьля перажытых крызісаў і дэвальвацый дзяржаве не давярае, трымае ў банку ці слоіку грошы «на чорны дзень» і спадзяецца толькі на сябе.
 
І чаму вера спадара Карпава менш ірацыянальная, чым мая вера ў Трыадзінага Бога? І нарэшце, салодкі прыклад пра маму, якая вучыць сына ня біць сябра рыдлёвачкай. Мой досьвед падказвае, што мамы вучылі так усіх дзяцей, дык адкуль жа бяруцца злачынцы?
 
Досьвед падказвае, што дзіця засвоіць гэты імператыў, калі яго сябра на тры гады старэйшы і вышэйшы за яго на галаву. А вось калі наадварот, то навошта прытрымлівацца імператыву — ён жа і так мяне ня стукне!
 
Веру спадар Карпаў абвяшчае «паразітам» і піша, што гэты «паразіт» прыпісвае сабе найлепшае ў чалавеку. Дык, вызваліўшыся ад гэтага паразіта, чалавек робіцца лепшым? Я такіх прыкладаў ня ведаю, маю досьвед, калі чалавек рабіўся горшым альбо не зьмяняўся. Так, пачынаў больш верыць у сябе, але пры гэтым не рабіўся дабрэйшым, не паказваў больш любові і разуменьня да іншых людзей, а наадварот!
 
Чалавек, пазбавіўшыся веры ў Бога, ставіць на яго месца не Чалавека, а сябе любімага.
 
І таму я не падзяляю веры спадара Карпава ў Чалавека. Напэўна, з той самай прычыны, з якой шмат людзей не падзяляе маёй веры ў Бога: я ніколі ня бачыў Чалавека. Ня бачыў, каб чалавек, пазбавіўшыся веры ў Бога, стаўся дасканалым.
 
Спадар Карпаў сьцьвярджае, што горы трупаў (ня менш!) зьяўляюцца там, дзе ад чалавека патрабуюць прызнаць сябе недастаткова дасканалым для сябе самога. А ці не зьяўляліся горы трупаў там, дзе чалавека пачыналі вызваляць ад «рэлігійных забабонаў» ці «опіюму для народу»?
 
А да чаго можа прывесьці вызваленьне ад «паразіта веры»? Сьвет нашмат больш складаны, чым гэта бачыцца спадару Карпаву. Недастаткова пазбавіцца чалавеку ад «паразіта веры», каб стаць свабодным, творчым і шчасьлівым.
 
Перафразуючы самога Карпава, я ня ведаю ніводнага грамадзтва, духоўны стан якога палепшыўся пасьля пазбаўленьня ад «паразіта веры». Рабства, масавыя забойствы, голад і генацыд, якія існавалі да, падчас і нават у імя хрысьціянства, пасьля хрысьціянства пераўзышлі ўсё гэта маштабамі, я б сказаў, набылі маштабы прамысловыя.
Дык калі няма розьніцы, навошта выбіраць новую веру спадара Карпава? Бо, як казаў Хрыстос, ніхто, пакаштаваўшы старога віна, не захоча маладога. І я, паспрабаваўшы «Шато Ляфіт», не хачу «Крыжачка» карпаўскага разліву.
 
Спадар Карпаў дэкларуе, што ў сваім «Клерыкалусе» пад верай мае на ўвазе кананічную хрысьціянскую веру ў Бога (а потым як прыклад прыводзіць Саудаўскую Аравію, Емэн, Бангладэш і ўвесь мусульманскі сьвет, але даруем яму такую непасьлядоўнасьць). Чамусьці «кананічным» спадар Карпаў называе ўсё адмоўнае і пачварнае, што можа прыдумаць пра рэлігію. Чаго вартае ягонае «Я не баюся кананічнага псіхапатычнага бога»! Але калі б спадар Карпаў даў сабе клопат зазірнуць, напрыклад, у «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (Мінск, «Беларуская энцыклапедыя», 1996), ён знайшоў бы там значэньне слова «канон»: «Правіла альбо сукупнасьць правіл якога-небудзь напрамку, вучэньня». Дык у якіх зборах правіл знайшоў спадар Карпаў такую хрысьціянскую веру? І ўвогуле, ці зьвяртаецца спадар Карпаў да якіх-небудзь крыніц, якія зьмяшчалі б сукупнасьць правіл хрысьціянства? Да Бібліі? Да Кодэксу кананічнага права? Катэхізіса? Вучэньня аўтарытэтных царкоўных дзеячаў? З усіх царкоўных дзеячаў двух тысячагоддзяў хрысьціянства ён згадвае толькі брата Пётру Рудкоўскага, «папулярнага» амерыканскага прапаведніка Гаральда Кемпінга (пра якога я і, падазраю, большасьць чытачоў чуе першы раз) і дыктатара Ўганды мусульманіна Ідзі Аміна. У семінарыі на першым курсе я вывучаў логіку і метадалогію. Шкада, што не існуе семінарый для атэістаў, бо і з логікай, і з метадалогіяй у спадара Карпава праблема.
 
Ён не сягае крыніц, каб даведацца, якое яно — сапраўднае хрысьціянства, не аналізуе яго вучэньня і гісторыі, ён сам стварае вобраз хрысьціянскай веры, абвяшчае яе кананічнай, і потым з ёй змагаецца! Таму ня стану абвяргаць такія сьцьверджаньні спадара Карпава, як «першай прыкметай сапраўднага хрысьціянства зьяўляецца страх», «кананічная вера ў Бога падрывае ў чалавеку веру ў сябе», «рэлігія ня мае мэты дазволіць чалавеку спасьцігаць сьвет, бо аперуе догмамі» і г. д. Я б назваў гэтыя сьцьверджаньні дагматамі веры спадара Карпава, бо яны альбо бяздоказныя, альбо іх доказы сьмеху вартыя.
 
Дзякуй спадару Карпаву, ён стварыў новы тэрмін: «кананічная вера». Але паколькі я другі, хто карыстаецца гэтым тэрмінам, дазволю сабе ўкласьці ў яго іншы сэнс, чым шаноўны апанент.
 
Кананічная вера для мяне — гэта вера Евангельля, Сусьветных Сабораў, Айцоў Царквы (калі хто не ведае, гэта царкоўныя пісьменьнікі, якія жылі ў першыя стагоддзі хрысьціянства), вера сьвятых падзьвіжнікаў Сусьветнай Царквы, старажытных і сучасных, такіх як сьвяты Францішак, Ян Павел ІІ, Маці Тэрэза з Калькуты і шмат іншых. Вера нашых продкаў — Еўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага, ксяндзоў Казіміра Сваяка, Адама Станкевіча, Вінцэнта Гадлеўскага і яшчэ многіх і многіх. Вера ў Бога, Які не патрабуе ад чалавека страху, але чакае яго любові, бо Ён Сам першы паказвае сваю любоў на справе: Бог стаў Чалавекам, перажыў тое, што перажывае кожны з нас: генацыд, выгнаньне, працу, неразуменьне блізкіх і нават сьмерць.
 
Вера ў тое, што кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае, таму патрабуе пашаны і любові, і сапраўднае хрысьціянства гэтую любоў нясе людзям ужо дзьве тысячы год, у тым ліку праз розныя дабрачынныя арганізацыі (пра гэта спадар Карпаў ня ведае ці ня хоча ведаць). Вера ў тое, што сьвет створаны Богам, таму жыве паводле разумных законаў, якія можна спазнаць чалавечым розумам, таму Царква стварала бібліятэкі і ўніверсітэты, падтрымлівала навуковыя дасьледаваньні і працягвае гэта рабіць сёньня. Вера ў тое, што людзі, аб’яднаныя хрысьціянскай любоўю, павінныя зьмяняць ня толькі сябе, але і сацыяльныя структуры, таму гэтая вера можа руйнаваць рэжымы, як гэта было ў блізкай Польшчы ці на далёкіх Філіпінах. Кананічная (у такім разуменьні) вера дае мне адказы на пытаньні пра мяне самога, пра чалавека, пра сьвет.
 
І неяк мне спакойна, бо гэтая вера прайшла выпрабаваньні часам, і мне неяк ня хочацца, каб хтосьці ставіў чарговыя эксьперыменты па вызваленьні чалавека ад «паразіта», якога ён сам ня ў стане пазбавіцца.
 
Спадар Карпаў ганарыцца, што іконкі «Эпл» яму эстэтычна больш падабаюцца, чым іконы. Што ж, камусьці падабаюцца творы Мікеланджэла, Рублёва і Маларыцкага майстра, камусьці — схематычная выява пагрызенага яблыка. Але гэта ня сьведчыць пра розныя эстэтычныя густы. Гэта сьведчыць пра наяўнасьць густу ў аднаго і адсутнасьць яго ў другога…

“Наша Ніва”
Гл. таксама:
10.04.2019
Бласлаўляйце, а не кляніце
30.01.2018
Мой Бог...
02.02.2017
Навяртаньне
23.03.2013
У Вільні памаліліся за супакой Кастуся Каліноўскага
02.01.2011
Будаваць мір метадам дыялогу