Пошук
Навіны
11.07.2013
Урачыстасьці ў грэка-католікаў Берасьця
 
28-30 чэрвеня 2013 году ў Берасьці адбыліся ўрачыстасьці ў гонар нябесных апекуноў грэка-каталіцкай парафіі — братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, а таксама сьвяткаваньне 25-годдзе сьвятарства душпастыра парафіі а. Ігара Кандрацьева.
 
Грэка-каталіцкае духавенства падчас урачыстай Літургіі ў Берасьці.
Сьвятыя заступнікі парафіі ў Берасьці — апосталы Пятро і Андрэй — родныя браты-апосталы, якія першымі адгукнуліся і пайшлі за Хрыстом. Апостал Андрэй Першапакліканы стаў дабравесьнікам на хрысьціянскім Усходзе і яго сьвятым заступнікам, а апостал Пётра, які стаў Біскупам Рыму, зьяўляецца сьвятым апекуном хрысьціянскага Захаду.
 
У 1964 годзе, калі ўпершыню пасьля стагоддзяў ізаляцыі і ўзаемнай варожасьці сустрэліся ў Ерусаліме Папа Рымскі Павел VI і Канстанціопальскі Патрыярх Атэнагор, былі нарэшце зьнятыя ўзаемныя анафемы, накладзеныя яшчэ ў 1054 годзе. У памяць пра гэтую важную і знакавую падзею ў праваслаўна-каталіцкіх стасунках Патрыярх Канстанцінопальскі падараваў тады Папе Рымскаму ікону з выявай сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, якая цяпер стала сымбалем прымірэньня паміж Цэрквамі Захаду і Ўсходу. Вернікі берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі абралі гэтых братоў-апосталаў сваімі заступнікамі, а іх выява была зьмешчана ў храмаваым росьпісе.
 
Абраз заступнікаў грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя.
На сваё парафіяльнае сьвята, якое можна назваць сьвятам Еднасьці, берасьцейскія грэка-католікі паводле сталай традыцыі запрашаюць ўсіх сваіх сяброў і дабрадзеяў парафіі. Да таго ж у гэтыя дні католікі абодвух абрадаў урачыста адзначаюць яшчэ і памяць Вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла і цудатворнай Берасьцейскай іконы Маці Божай, якая была прывезена ўніяцкім біскупам Іпаціем Пацеем пасьля падпісаньня царкоўнай Уніі 1596 г. І менавіта з гэтае прычыны два гады таму галоўныя парафіяльныя сьвяткаваньні вырашана было ладзіць штогод у апошнюю суботу чэрвеня.
 
Сёлетнія ўрачыстасьці ў гонар апекуноў грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці мелі сваю адметнасьць — душпастыр парафіі а. Ігар Кандрацьеў сьвяткаваў 25-годдзе свайго сьвятарскага служэньня, а грэка-каталіцкая парафія ў Берасьці — 20-годдзе афіцыйнай рэгістрацыі ў органах улады і аднаўленьня сваёй дзейнасьці ў горадзе, дзе была абвешчана Берасьцейская царкоўная Унія.
 
Вось ужо 18 гадоў з свайго сьвятарскага шляху а. Ігар Кандрацьеў, народжаны ў краснаярскіх лясах у сям’і рэпрэсаваных з нямецка-расейскімі каранямі, служыць у Беларусі, у грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці. На парафіяльнае сьвята ў гонар братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў душпастырскі цэнтар берасьцейскіх грэка-католікаў прыехалі павіншаваць сваіх братоў і свайго былога душпастыра івацэвіцкія, пінскія, баранавіцкія грэка-католікі, а таксама госьці з Менску, Горадні і Астраўца. Айцец Ігар Кандрацьеў на працягу многіх гадоў штонядзелю даязджаў з Берасьця ў Івацэвічы і Баранавічы, пазьней яшчэ і ў Пінск ды Слонім. Дзякуючы яго душпастырскай апецы, там пачалося рэгулярнае малітоўнае жыцьцё, былі створаныя грэка-каталіцкія супольнасьці і ўмовы для малітвы.
 
Павіншаваў парафію з сьвятам і а. Ігара Кандрацьева з яго 25-гадовым юбілеем сьвятарства начальнік Аддзелу па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Брэсцкага аблвыканкаму сп. Аляксандар Мурашкін. Ён пажадаў парафіяльнай супольнасьці разьвіцьця, а яе душпастыру пажадаў, каб было як можна менш перашкодаў на шляху яго сьвятарскага служэньня і ўручыў у якасьці сымбалічнага падарунку фотаальбом “Брестчина, устремлённая в будущее”. Гэтую будучыню Берасьцейшчыны, паводле словаў начальніка Аддзелу па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, сёньня ўжо цяжка ўявіць без грэка-каталіцкай супольнасьці Берасьця.
 
Таксама айцец Ігар атрымаў шчырыя віншаваньні ад сяброў-пратэстантаў з Кобрыня.
 
Урачыстую Боскую Літургію ў гонар апекуноў парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ўзначаліў Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей (Гаек). На парафіяльныя ўрачыстасьці ў Берасьці і 25-гадовы юбілей сьвятарства а. Ігара Кандрацьева прыехалі сьвятары Цэнтральна-Заходняга дэканату БГКЦ імя Мікалая Чарнецкага: дэкан а. Яўген Усошын з Менску, а. Андрэй Крот з Горадні, а. Андрэй Буйніч з Ліды і ераманах Лявонці (Тумоўскі), якія саслужылі разам з Архімандрытам Сяргеем (Гаекам). Дыяканскае служэньне падчас набажэнства выконвалі Віталь Быстроў і Вячаслаў Гарчакоў з Івацэвічаў. Набажэнству папярэднічалі сьпевы, адмыслова падрыхтаваныя да сьвята парафіі ўзельнікамі музычнага гурта “Maran atha”, прысьвечаныя братам-апосталам і хрысьціянскаму пакліканьню кожнага з нас.
 
Казаньне падчас Літургіі прамовіў а. Андрэй Крот. Дарэчы, айцец Андрэй Крот, які цяпер служыць у Горадні, у студэнцкія гады быў ня толькі адным з тых, хто сваімі рукамі дапамагаў узводзіць сьцены царквы і душпастырскага цэнтру парафіі Пятра і Андрэя ў Берасьці, але і спрычыніўся да наладжваньня штодзённага малітоўнага жыцьця мясцовай грэка-каталіцкай супольнасьці.
 
У сваім казаньні а. Андрэй Крот гаварыў пра тое, чаму мы павінны любіць Бога і імкнуцца да хрысьціянскай еднасьці. Сьвятар зьвярнуў увагу, што Бог так палюбіў нас, людзей, што стаўся чалавекам, гэта значыць — адным з нас. У Яго зямным жыцьці, як і ў нашым, былі ня толькі радасныя моманты, але і боль, смутак, зьдзекі і абгаворы нядобразычліўцаў, фізічныя пакуты і нават сьмерць. Уласна з любові дзеля людзей Ён перанёс страшныя зьдзекі і прыняў ганебную сьмерць на крыжы. Гэтак Ісус Хрыстос паказаў нам прыклад сапраўднай любові, Ён аддаў за нас нават Сваё жыцьцё. Ён любіць усіх нас, нягледзячы на ўсе нашыя недахопы, нават калі мы робім нешта нядобрае. Госпад увесь час спадзяецца на нас, на нашае навяртаньне, каб мы адказалі Яму сваёй любоўю і любоўю да бліжняга, дараваць якому мы так часта ня хочам нават з-за нейкай дробязі.
 
Прыклад служэньня бліжнім, шчырай любові да Бога паказваюць нам браты-апосталы Пятро і Андрэй. На іх іконе мы бачым выявы крыжа, бо яны таксама прынялі мучаніцкую сьмерць на крыжы. Але крыжы іх розныя, як і нашыя жыцьцёвыя шляхі і пакуты. Праз крыж мы яднаемся з нашым Госпадам. Любоў ня ёсьць толькі тое, што радаснае, часам яна патрабуе ад нас таксама пэўных высілкаў, вернасьці, ахвярнасьці. Апосталы Пятро і Андрэй нагадваюць нам, якой павінна быць сапраўдная любоў хрысьціянаў. Людзі нярэдка сварацца, ствараюць паміж сабой непераадольныя муры падзелаў. Мы павінны паказваць людзям, як пераадольваць крыўды і ўсялякую варожасьць. Таму падзелы сярод хрысьціянаў, для тых, хто пакліканы да еднасьці ў Хрысьце — гэта сорам для вучняў Ісуса. Любоў Божая — гэта вялікая ахвяра для нас, і гэтая любоў ня мае аніякіх межаў. Уласна з такой любові, якая не патрабуе свайго, мы павінны браць прыклад, ёй увесь час вучыцца. Навучыцца дараваць, вядома, няпроста, часам гэта бывае вельмі цяжка. Але гэты шлях любові да тых, каго мы ня любім ці ненавідзім, кожны мусіць распачынаць ужо сёньня.
 
Пасьля ўрачыстай Літургіі віншавальнае слова парафіі сказалі таксама ераманах Лявонці (Тумоўскі) і Апостальскі Візітатар Архімандрыт Сяргей (Гаек), якія заклікалі вернікаў насьледаваць у сьвятасьці і служэньні братоў-апосталаў. Віншуючы парафіяльную супольнасьць з патранальным сьвятам, Архімандрыт Сяргей таксама зьвярнуў увагу, што найбольш каштоўным дарам для вернікаў ёсьць нядзельная і сьвяточная Літургія. “Гэта ласка Божая, калі вы далучаецеся да Літургіі, — сказаў ён. — Літургія — гэта падзяка Госпаду за нашае супольнае пакліканьне быць сьведкамі Ісуса Хрыста, Які ахвяраваў для нас Сваім жыцьцём. А нашаё жыцьцё — найлепшы спосаб перадачы Евангельля, Божага Слова”.
 
Апостальскі Візітатар БГКЦ перадаў вітаньне ад Сьвятога Айца Францішка, які напрыканцы траўня гэтага году падчас аўдыенцыі, на якой прысутнічаў архім. Сяргей Гаек, блаславіў парафіі БГКЦ і ўсіх вернікаў асабіста сваім апостальскім блаславеньнем. Таксама Апостальскі Візітатар а. Сяргей Гаек перадаў шчырае вітаньне грэка-католікам у Беларусі ад Прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынала Леанарда Сандры, дэлегатам якога ён зьяўляецца. З кардыналам Леанарада Сандры, як адзначыў а. Сяргей Гаек, была размова пра тое, як мы ў Беларусі нясем хрысьціянскае сьведчаньне, якія маем дасягненьні і цяжкасьці.
 
Пасьля ўрачыстай Боскай Літургіі і віншаваньняў для ўсіх гасьцей сьвята быў шчодры братэрскі пачастунак (агапа).
 
Увечары, а 18-й гадз. вернікі, што ўдзельнічалі ў парафіяльных сьвяткаваньнях у грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры, на чале з парахам а. Ігарам Кандрацьевым і дыяканам Віталём Быстровым накіраваліся ў берасьцейскі касьцёл Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа і далучыліся там да сьвятой Імшы ў гонар вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла. Гэты храм сёньня зьяўляецца санктуарыюмам Маці Божай Берасьцейскай, а цудатворная ікона была першай у сучаснай Рэспубліцы Беларусь каранавана залатымі папскімі каронамі. У апошнія гады берасьцейскія грэка-каталікі сваё парафіяльнае сьвята ў гонар братоў-апосталаў Пятра і Андрэя — апекуноў хрысьціянскага Захаду і Ўсходу — спалучаюць з ушанаваньнем цудатворнай іконы Маці Божай Берасьцейскай, літургічны ўспамін якой у Каталіцкай Царкве Беларусі — у апошнюю нядзелю чэрвеня. Ікону, якая стала цудатворнай, прывёз з Рыму берасьцейскі ўніяцкі біскуп Іпаці Пацей пасьля падпісаньня Берасьцейскай царкоўнай уніі.
 
Адразу пасьля сьв. Імшы перад алтаром цудатворнай іконы Маці Божай Берасьцейскай — Выратавальніцы грэка-католікі засьпявалі Акафіст да Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Да малітвы далучыліся таксама і ўсе прысутныя вернікі лацінскага абраду.
 
Дарэчы, сёлета 18 ліпеня спаўняюцца 400-ыя ўгодкі сьмерці ўладыкі Іпація Пацея і парафіяльныя ўрачыстасьці грэка-каталіцкай парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці былі таксама добрай нагодай памаліцца за гэтага адданага абаронцу Еднасьці.
 
 
Гл. таксама:
18.10.2016
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
12.11.2015
Крыж у Курапатах «Памяці берасьцейцаў»
05.07.2015
Парафіяльны фэст у грэка-католікаў Берасьця
05.12.2012
Грэка-католікі ў Берасьці адзначылі сваё патранальнае сьвята ў гонар апостала Андрэя
27.07.2010
Парафіяльны фэст у Лучаі