Пошук
Навіны
18.10.2013
Папа: ісьці да тых, хто згубіў веру, і сьведчыць жыцьцём
 
14 кастрычніка 2013 году Сьвяты Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Папскай Рады па новай евангелізацыі. У сустрэчы з Папам прынялі ўдзел каля 50 чалавек, паведамляе Ватыканскае радыё.
 
Зьвяртаючыся да ўдзельнікаў аўдыенцыі, Папа адзначыў, што ў наш час часта можна сустрэць абыякавасьць да веры ў Бога, нярэдка яе лічаць непатрэбнай у чалавечым жыцьці. Новая евангелізацыя як раз павінна служыць таму, каб запаліць у сэрцах і розумах сучасных людзей жаданьне жыць верай.
 
“Вера – гэта дар Божы, але важна, каб мы, хрысьціяне дэманстравалі канкрэтны спосаб жыцьця ёй, праз любоў, згоду, радасьць, пакуты, таму што гэта выклікае пытаньні, як на пачатку існаваньня Царквы: “Чаму яны жывуць так? Што іх падштурхоўвае?”, — сказаў Папа.
 
“Шмат людзей аддалілася ад Царквы. Памылкай будзе ўскладаць віну толькі на адзін або другі бок, — сказаў Папа Францішак. — Нават ня варта гаварыць пра віну. Адказнасьць трэба шукаць у гісторыі Царквы і яе прадстаўніках, у пэўных ідэалогіях, а таксама ў асобных людзях. Як дзеці Царквы, мы павінны працягваць ісьці шляхам Другога Ватыканскага Сабору, трэба пазбавіцца ад усіх непатрэбных і шкодных рэчаў, ад фальшывых гарантыяў гэтага сьвету, якія абцяжарваюць Царкву і шкодзяць яе абліччу”.
 
Сьвяты Айцец адзначыў, што ў наш час асабліва патрэбныя пераканаўчыя сьведкі, якія жыцьцём, а таксама словам зробяць бачным Евангельле, абудзяць захапленьне Ісусам Хрыстом і прыгажосьцю Бога.
 
“Ёсьць патрэба ў хрысьціянах, якія зробяць бачнай для людзей міласэрнасьць Бога, яго пяшчотнасьць да кожнага стварэньня (...) Таму новая евангелізацыя, (...) ня можа не карыстацца мовай міласэрнасьці, якая ў першую чаргу складаецца з жэстаў і паводзінаў, а ўжо потым словаў”, — сказаў Папа. Паводле Сьвятога Айца Францішка, кожны хрысьціянін павінен быць “хрыстафорам”, носьбітам Хрыста, як казалі ў старажытнасьці сьвятыя Айцы. Таму ўсім трэба задаць сабе пытаньне: ці тыя, каго мы сустракаем, адчуваюць у нашым жыцьці цеплыню веры, ці бачаць у нашых абліччах радасьць ад сустрэчы з Хрыстом?
 
Папа Францішак падкрэсьліў, што для Царквы важна сёньня выходзіць на сустрэчу з іншымі, весьці з імі дыялог, асабліва з тымі, хто згубіў веру, хто думае інакш. Гэта пакліканьне кожнага хрысьціяніна — ісьці насустрач, адзначыў ён. “Царква паклікана паўсль абуджаць надзею, асабліва там, дзе яе падаўляюць складаныя ўмовы жыцьця, часам нялюдзкія, бо там надзея ня дыхае, яна задушана. Каб яе нанова запаліць у сэрцах, патрэбны кісларод Евангельля, подых Духа Ўваскрослага Хрыста. Царква — гэта дом, дзьверы якога заўсёды адчыненыя, ня толькі для таго, каб знайсьці ў ім прытулак і дыхаць надзеяй, але і каб мы самыя маглі выходзіць і несьці гэтую любоў і надзею. Сьвяты Дух натхняе нас выйсьці з-за нашай агароджы і вядзе нас да ўскраінаў чалавецтва”, — сказаў Папа.
 
“Мы можам спытаць сябе: якім зьяўляецца душпастырства ў нашых япархіях і парафіях? Ці робіць яно бачным самае галоўнае?” — спытаў Папа.
 
Рымскі Архірэй заклікаў, будуючы планы новай евангелізацыі, не губляць час у мностве другасных і павярхоўных справаў, але засяроджвацца на галоўным, гэта значыць, на сустрэчы з Хрыстом, з Яго міласэрнасьцю і Яго любоўю, а таксама любіць братоў так, як Ён палюбіў нас. “Сустрэча з Хрыстом — гэта таксама пакланеньне, такое непапулярнае слова. Трэба пакланяцца Хрысту!” — заклікаў Папа. Ён таксама заўважыў, што новую евангелізацыю “павінны ажыўляць творчасьць і фантазія Сьвятога Духа, Які прымушае нас не застываць у старых формах, а сьмела ісьці новымі шляхамі”.
 
Рымскі Архірэй падкрэсьліў таксама важнасьць катэхізацыі, як моманту евангелізацыі. “Гэта каштоўнае служэньне для новай евангелізацыі, якое ажыцяўляюць катэхеты, і важна, каб бацькі былі першымі катэхізатарамі, першымі настаўнікамі веры ва ўласнай сям’і, праз сьведчаньне і слова”, — сказаў Папа Францішак.
Гл. таксама:
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
27.11.2014
Барталамей I перад сустрэчай з Францішкам: поўная еднасьць усё больш рэальная
10.07.2014
Папа — ахвярам сэксуальнага злоўжываньня духавенства: “Прашу прабачэньня і плачу разам з вамі”
26.06.2014
Зьверхнік УГКЦ распавёў Сьвятому Айцу пра “боль ўкраінскага народу”
25.06.2014
Быць Царквою – несьці Божае блаславеньне ўсім людзям