Пошук
Навіны
23.10.2013
Папа: хто ня моліцца, той ператварае веру ў ідэалогію
 
Калі хрысьціянін перастае маліцца, гэта азначае, што ён страціў веру і стаў вучнем рэлігійнай ідэалогіі, маралізатарства. Пра небесьпеку гэтага гаварыў Папа Францішак падчас Сьвятой Імшы 17 кастрычніка 2013 году ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі ў Доме сьв. Марты.
 
Нагодаю для гэтых разважаньняў Сьвятога Айца сталі словы Хрыста з евангельскага ўрыўка: “Гора вам, законазнаўцы, бо вы ўзялі ключ пазнаньня: самыя не ўвайшлі, і тым, хто хацеў увайсьці, перашкодзілі” (Лк 11, 52).
 
Сьвятая Імша 17 кастрычніка 2013 году. Папа Францішак: хто ня моліцца, той ператварае веру ў ідэалогію
Сьвяты Айцец зьвярнуў увагу на сітуацыю, калі людзі, праходзячы па вуліцы, спыняюцца перад царквой, але бачаць яе зачыненай, ня могуць у яе патрапіць. Тады яны праходзяць міма. Горш за ўсё, што Госпад, Які ёсьць у царкве, ня можа выйсьці да іх. Паводле словаў Папы, зачыняючы храм, мы закрываем Хрыста перад людзьмі. Францішак падкрэсьліў, што гэтыя словы Ісуса паказваюць таксама на хрысьціянаў, што не даюць сьведчаньне веры, “якія маюць у руках ключ, але забіраюць яго з сабою і не адкрываюць дзьвярэй”. Паводле Папы, горш, калі яны яшчэ “становяцца ў дзьвярах” і самыя не ўваходзяць, і іншым не даюць гэтага зрабіць. А калі “такім хрысьціянінам зьяўляецца сьвятар, біскуп ці Папа, дык яшчэ горш”.
 
На думку Сьвятога Айца, гэта адбывацца калі ў чалавека вера зьнікае і пераўтвараецца ў ідэалогію. “У ідэалогіях няма Ісуса, Яго чуласьці, любові, лагодгасьці. Ідэалогіі заўсёды ёсьць жорсткія. (…) І калі хрысьціянін становіцца вучнем ідэалогіі, гэта значыць ён страціў веру: ён ужо не зьяўляецца вучнем Ісуса, ён становіцца вучнем такога спосабу мысьленьня. Таму Ісус кажа такім: “Вы забралі ключ пазнаньня”, — сказаў Папа. Пазнаньне Ісуса замяняецца на ідэалагічнае і маралізатарскае пазнаньне. Гэтак фарысеі шматлікімі ўказаньнямі зачынілі дзьверы. Ісус абвінавачваў знаўцаў закону ў тым, што яны накладаюць на плечы людзей шматлікія цяжары, у той час як толькі адно патрэбна.
 
Паводле Сьвятога Айца, калі вера становіцца ідэалогіяй, яна пужае людзей, адштурхоўвае іх і аддаляе ад Царквы. “Быць “ідэалагізаванымі хрысьціянамі” – гэта цяжкая хвароба, — сказаў Рымскі Архірэй. Ён адзначыў, што гэта зьява ня новая. Ужо сьвяты апостал Ян у сваім 1-ым Пасланьні пісаў пра хрысьціянаў, якія губляюць веру, аддаючы перавагу ідэалогіям. Такі хрысьціянін робіцца жорсткім, ёсьць маралізатарам, але без дабрыні. Сьвяты Айцец падкрэсьліў, што прычына такой перамены хрысьціяніна перш за ўсё ў адсутнасьці малітвы. “Калі няма малітвы, ты заўсёды зачыняеш дзьверы”, - сказаў Папа Францішак. Ён нагадаў, што ключом, які адчыняе дзьверы веры, ёсьць малітва.
 
Сьвяты Айцец патлумачыў, што калі чалавек ня моліцца, яго сьведчанне становіцца высакамерным. Ён становіцца чалавекам ганарыстым, самаўпэўненым, які шукае выключна ўласнага ўзвышэньня. Яшчэ Папа адзначыў: адна рэч — маліцца, іншая — вычытваць малітвы. “Я кажу маліцца, а не вычытваць малітвы, таму што законазнаўцы вычытвалі шмат малітваў напаказ”, - сказаў Папа і нагадаў, што Ісус вучыў маліцца ў самоце, ад сэрца.
 
Падсумоўваючы, Сьвяты Айцец адзначыў, што калі нехта ня моліцца, то губляе веру, ператвараючы яе ў маралізатарскую, казуістычную ідэалогію, пазбаўленую Ісуса, а калі хтосьці зьвяртае на гэта яго ўвагу, то ён паводзіць сябе так, як кніжнікі з Ісусам, якія пачалі моцна нападаць на Яго, выпытваць пра розныя рэчы, каб злавіць Яго на слове. Папа Францішак заклікаў прасіць Бога аб ласцы, каб не пераставаць маліцца і, такім чынам, ня страціць веру, ды каб захаваць пакорнасьць. І тады мы ня станем закрытымі, тымі, што закрываюць дарогу для Госпада.
 
Заахвочваньне да малітвы ўтрымлівае таксама і паведамленьне Папы ў Твітары ў гэты дзень. Сьвяты Айцец напісаў: “Наша малітва ня можа быць абмежаваная да адной гадзіны ў нядзелю; важна мець штодзённыя стасункі з Госпадам”.
 
Паводле інфармацыяў Радыё Ватыкан.
Гл. таксама:
09.01.2015
Божая любоў шукае нават тых, хто далёкі ад Госпада
23.12.2014
Папа даслаў каляднае вітаньне католікам Блізкага Ўсходу
12.07.2014
Кампанія Ватыкану за мір і твіт Папы з нагоды завяршэньня Чэмпіянату сьвету па футболе
10.07.2014
Папа — ахвярам сэксуальнага злоўжываньня духавенства: “Прашу прабачэньня і плачу разам з вамі”
25.10.2013
Навучаньне Папы Францішка: чаму Царква зьяўляецца апостальскай