Пошук
Архіў навін
25.10.2013
Навучаньне Папы Францішка: чаму Царква зьяўляецца апостальскай
 
Папа Францішак у сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы сьв. Пятра 16 кастрычніка 2013 году, у якой прынялі ўдзел каля 80 тыс. чалавек з розных краінаў і кантынентаў, зьвяртаючыся да сабраных, прапанаваў паразважаць над трыма значэньнямі паняцьця “апостальскі” у адносінах да Царквы. “Ці думаем мы пра тое, што менавіта Царква, на сваім шляху праз стагоддзі, нягледзячы на цяжкасьці, праблемы, слабасьці, перадае нам сапраўднае пасланьне Хрыста?” — задаў прысутным пытаньне Сьвяты Айцец.
 
Ніжэй прапануем тэкст катэхезы Папы Францішка 16 кастрычніка 2013 году.
 
Калі мы прамаўляем Сымбаль веры, кажам: “Веру ў адзіную, сьвятую, паўсюдную і апостальскую Царкву”. Ня ведаю, ці разважалі вы над значэньнем выказваньня “апостальская Царква” ці не. Можа быць, часам, калі прыязджаеце ў Рым, вы задумваецеся пра значэньне апосталаў Пятра і Паўла, якія тут аддалі свае жыцьці за тое, каб несьці Евангельле і сьведчыць пра яго.
 
Але ёсьць яшчэ штосьці. Вызнаваць, што Царква зьяўляецца апостальскай, значыць падкрэсьліваць яе глыбокую, асноватворную сувязь з апосталамі, з гэтай невялікай групай з дванаццаці мужчынаў, якіх Ісус аднойчы паклікаў да Сябе, назваўшы іх па імю, каб яны заставаліся з Ім і каб паслаць іх прапаведаваць (пар. Мк 3,13-19). “Апостал” — гэта грэцкае слова, якое, уласна, і азначае “пасланы”, “адпраўлены”. Апостал — гэта чалавек, пасланы, адпраўлены рабіць штосьці, і апосталы былі абраныя, пакліканыя і пасланыя Ісусам, каб працягваць Яго справу, гэта значыць маліцца — гэта першая справа апостала, а другая — абвяшчаць Евангельле.
Папа Францішак на агульнай аўдыенцыі 16 кастрычніка 2013 году.
Гэта важна, таму што, калі мы думаем, што апосталы пайшлі толькі абвяшчаць Евангельле, мы можам падумаць, што яны рабілі шмат іншых справаў. У першыя часы ў Царквы была такая праблема, таму што апосталы павінны былі займацца многім, і тады яны паставілі дыяканаў, каб у апосталаў было больш часу для малітвы і абвяшчэньня Слова Божага. Калі мы думаем пра пераемнікаў апосталаў, пра біскупаў, у тым ліку пра папу — бо папа таксама зьяўляецца біскупам — трэба спытаць сябе, ці моліцца гэты пераемнік апосталаў і ці абяшчае ён Евангельле: менавіта гэта азначае быць апосталам, і таму Царква зьяўляецца апостальскай. Усе мы, калі хочам быць апосталамі, павінны спытаць сябе: ці малюся я пра збаўленьне сьвету? Ці абвяшчаю я Евангельле? Гэтая Царква зьяўляецца апостальскай! І нашая сувязь з апосталамі зьяўляецца асноватворнай.
 
Зыходзячы менавіта з гэтага, я хацеў бы падкрэсьліць коратка тры значэньні прыметніка “апостальская”, які ўжываецца да Царквы.
 
1. Царква зьяўляецца апостальскай, таму што яна заснавана на прапаведаваньні і малітве апосталаў, на ўладзе, дадзенай ім самім Хрыстом. Сьв. Павел піша хрысьціянам Эфэсу: “Такім чынам вы ўжо не чужыя і ня прыхадні, але суграмадзяне сьвятым і свае Богу, будучы ўмацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, маючы Самага Ісуса Хрыста краевугольным каменем” (Эф 2, 19-20); гэта значыць, ён параўноўвае хрысьціянаў з жывымі камянямі, якія ўтвараюць будынак, якім зьяўляецца Царква, і гэты будынак заснаваны на апосталах, а каменем, што падтрымлівае ўвесь гэты будынак, зьяўляецца Сам Ісус. Без Ісуса Царква ня можа існаваць! Ісус зьяўляецца самой асновай Царквы, яе падмуркам! Апосталы жылі з Ісусам, слухалі Яго словы, вялі такі самы лад жыцьця, і перш за ўсё сталі сьведкамі Яго сьмерці і Ўваскрасеньня. Наша вера, заснаваная Хрыстом Царква абапіраецца не на нейкую ідэю ці філасофію, але на Самога Хрыста. І Царква ёсьць падобнаю расьліне, якая расла на працягу стагоддзяў, разьвівалася, прыносіла плады, але яе карані трывала ўрасьлі ў Яго, так што досьвед Хрыста, атрыманы абранымі і пасланымі Ісусам апосталамі, дайшоў да нас.
 
2. Але спытаем сябе: як гэта магчыма для нас зьяднацца з гэтым сьведчаньнем, як можа дайсьці да нас тое, што перажылі апосталы з Ісусам, тое, што яны пачулі ад Яго? Вось другое значэньне вызначэньня “апостальская”. Катэхізм Каталіцкай Царквы сьцьвярджае: Царква зьяўляецца апостальскай таму, што “пры дапамозе Духа, Які жыве ў ёй, яна захоўвае і перадае навучаньне, сьвяты заклад, праўдзівыя словы, пачутыя ад апосталаў” (№ 857). На працягу стагоддзяў Царква захоўвае гэты каштоўны скарб, якім зьяўляецца Сьвятое Пісаньне, навучаньне, Тайны, служэньне Пастыраў, так, каб мы маглі быць вернымі Хрысту і ўдзельнічаць у Яго жыцьці. Гэта як рака, што цячэ па гісторыі, яна становіцца ўсё шырэй і глыбей, абрашае, але вада, што цячэ ў ёй, выходзіць з той самай крыніцы, ад Самога Хрыста: Ён ёсьць Уваскрослы, Ён ёсьць Жывы, і Яго словы не мінуць, таму што Ён не міне, Ён жывы, сёньня Ён пасярод нас, тут, Ён чуе нас, і мы размаўляем з Ім, Ён у нашым сэрцы. У гэтым прыгажосьць Царквы: у прысутнасьці Ісуса Хрыста пасярод нас. Ці думаем мы пра тое, як важны гэты дар, які Хрыстос зрабіў нам — дар Царквы, дзе мы можам сустрэць Яго? Ці думаем мы пра тое, што менавіта Царква, на сваім шляху праз стагоддзі, нягледзячы на цяжкасьці, праблемы, слабасьці, перадае нам сапраўднае пасланьне Хрыста? Ці надае нам упэўненасьці, што тое, у што мы верым, сапраўды зьяўляецца тым, што паведаміў нам Хрыстос?
 
3. Апошняя думка: Царква зьяўляецца апостальскай таму, што яна паслана несьці Евангельле ўсяму сьвету. На сваім гістарычным шляху яна працягвае тую самую місію, якую Ісус даручыў апосталам: “Такім чынам ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх выконваць усё, што Я загадаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку”. (Мц 28,19-20). Менавіта гэта Ісус сказаў нам рабіць! Я акцэнтую на гэтым асьпекце місіянерства, таму што
Хрыстос заклікае ўсіх “ісьці” насустрач іншым, Ён пасылае нас, Ён просіць нас не сядзець на адным месцы, а несьці радасьць Евангельля!
Яшчэ раз спытаем сябе: ці зьяўляемся мы місіянерамі праз нашае слова, і найперш — праз нашае хрысьціянскае жыцьцё, нашае сьведчаньне?
 
Ці мы зьяўляемся хрысьціянамі, што зачыніліся ў сваім сэрцы і ў нашых цэрквах, хрысьціянамі, “якія прапісаліся” ў рызьніцы? Хрысьціянамі толькі на словах, якія жывуць як язычнікі? Мы павінны задаць сабе гэты пытаньні, якія не зьяўляюцца папрокам. Я таксама кажу сабе: які я хрысьціянін, ці сапраўды я сьведчу?
 
Царква выводзіць свае карані з навучаньня апосталаў, сапраўдных сьведкаў Хрыста, але яна глядзіць у будучыню, яна цьвёрда ўсьведамляе, што зьяўляецца пасланай, пасланай Ісусам, — зьяўляецца місіянерскай і нясе імя Ісуса ў малітве, дабравешчаньні і сьведчаньні.
Царква, што зачыняецца ў сабе самой і ў сваім мінулым, Царква, для якой важныя толькі дробныя правілы звычак і паводзінаў, здраджвае ўласнай ідэнтычнасьці!
Таму давайце сёньня зноў адкрыем для сябе ўсю прыгажосьць і адказнасьць, якія вынікаюць з таго, што Царква зьяўляецца апостальскай! І запомніце: Царква зьяўляецца апостальскай таму, што мы молімся — гэта першая задача, і таму, што мы абвяшчаем Евангельле нашым жыцьцём і нашымі словамі.
 
Паводле інфармацыі Расейскай службы Радыё Ватыкан.
Гл. таксама:
20.12.2015
Нясумны Папа, які любіць зьдзіўляць
18.12.2015
Незвычайны музычны альбом Папы Францішка
07.12.2015
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
10.07.2014
Папа — ахвярам сэксуальнага злоўжываньня духавенства: “Прашу прабачэньня і плачу разам з вамі”
25.03.2013
Папа Францішак: ня будзьце сумныя і не паддавайцеся роспачы, будзьце радасныя