Пошук
Архіў навін
16.11.2013
Гарадзенскія грэка-католікі адшукалі магілу апошняга ўніяцкага дэкана
 
У сёлетнія восеньскія Дзяды вернікі гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай ушанавалі памяць а. Тэадозія Гейштара, які пахаваны на старых уніяцкіх могілках у Падлабеньні каля Горадні. Дапамаглі выявіць магілу ўніяцкага сьвятара гарадзенскія гісторыкі.
 
Гарадзенскія вернікі разам з а. Андрэем Кратом ачышчаюць помнік на магіле апошняга Аўгустоўскага ўніяцкага дэкана на могілках у Падлабеньні.
Сьвятар Тэадозі, сын Якуба, Гейштар (24.05.1822 — 08.04.1872) увайшоў у гісторыю як апошні, верны Уніі, дэкан Грэка-Каталіцкай Царквы на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Памёр ён даволі рана — ва ўзросьце 50 гадоў, усяго за пару гадоў перад тым, як расейскі царызм у 1874-75 гг. скасаваў Унію ў Холмскай уніяцкай япархіі, дзе яна пратрывала наўдажэй. Да гэтай япархіі належыў і Аўгустоўскі (раней — Тыкоцінскі) дэканат, тэрыторыя якога ахоплівала частку сучаснага Гарадзенскага раёну (ваколіцы Сапоцкіна).
 
Як сьцьвярджае гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч, а. Тэадозі Гейштар паходзіў з сьвятарскай дынастыі. Яго бацька Якуб і брат Рыгор (Зыгмунт) таксама былі ўніяцкімі сьвятарамі.
 
Малітва за спачылых продкаў на былых уніяцкіх могілках у Падлабеньні.
На магіле Аўгустоўскага ўніяцкага дэкана Тэадозія Гейштара на могілках у Падлабеньні 3 лістапада 2013 году душпастыр гарадзенскіх грэка-католікаў а. Андрэй Крот адслужыў паніхіду ў памяць аб ім і аб усіх продках-уніятах. А перад гэтым вернікі ўпарадкавалі магілу сьвятара, пачысьцілі помнік і паднавілі надпіс на ім, усклалі кветкі, запалілі зьнічы.
 
У гэты ж дзень гарадзенскія грэка-католікі наведалі яшчэ і старыя, напаўзьнішчаныя ўніяцкія могілкі ў мястэчку Сапоцкін, дзе таксама памаліліся за душы пахаваных там уніятаў.
Гл. таксама:
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
13.05.2017
Адраджэньне грэка-каталіцкай парафіі ў Горадні
12.11.2015
Крыж у Курапатах «Памяці берасьцейцаў»
13.03.2015
Унія. Адроджаная беларуская Царква
15.07.2010
Пешая пілігрымка ў памяць бласл. Марыяны Бярнацкай