Пошук
Архіў навін
27.11.2013
Папа на заканчэньне Году веры: паставіць Хрыста ў цэнтар жыцьця
 
Сваю гамілію падчас Еўхарыстыі ва ўрачыстасьць Хрыста Валадара Сусьвету 24 лістапада 2013 году Папа Францішак прысьвяціў цэнтральнаму месцу Госпада Ісуса Хрыста ў жыцьці чалавека і гісторыі. Гэтае набажэнства сталася ўрачыстым заканчэньнем Году веры, які быў абвешчаны Бенядыктам XVI, паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
 
Выстаўленьне сьвятых рэліквіяў апостала Пятра.
Перад пачаткам сьв. Імшы на плошчы сьв. Пятра, упершыню для публічнага ўшанаваньня былі выстаўлены рэліквіі вярхоўнага апостала Пятра, зьмешчаныя ў сьпецыяльную бронзавую скрыню. Рэліквіяр быў урачыста вынесены ў працэсіі і ўсталяваны каля галоўнага алтара.

Рэліквіі апостала былі знойдзены ў базыліцы сьв. Пятра ўнутры нішы ў сьцяне гроту эпохі імператара Канстанціна. Было прынята рашэньне прыступіць да іх вывучэньня і аналізу. Гэтую працу даручылі эксьпертам і сьпецыялістам у галіне эксьперыментальных навук, з удзелам антраполага Венеранда Карэнці. Тое, што рэліквіі належаць апосталу Пятру, было абвешчана папам Паўлам VI 26 чэрвеня 1968 году. З 1971 году сьвятыя рэліквіі апостала Пятра захоўваліся ў папскіх апартаментах да канца пантыфікату Бенядыкта XVI. У апошнія гады рэліквіі пачалі выстаўляць для ўшанаваньня штогод 29 чэрвеня, ва ўрачыстасьць сьвятых апосталаў Пятра і Паўла, у прыватнай капліцы Рымскага Архірэя.
 
Валанцёры перадаюць Папе ахвяраваньні, сабраныя перад сьв. Імшой на заканчэньне Году веры. Яны будуць перададзеныя ахвярам тайфуну на Філіпінах.
Таксама па просьбе Сьвятога Айца, перад літургіяй на заканчэньне Году веры адбыўся збор ахвяраваньняў на патрэбы ахвяраў тарнада на Філіпінах.
 
Разам з Сьвятым Айцом саслужылі зьверхнікі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, сярод іх — Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук) і біскупы Сіноду УГКЦ з Украіны і з-за мяжы. Агульная колькасьць біскупаў і сьвятароў, якія маліліся разам з Рымскім Архірэем на ўрачыстым набажэнстве з нагоды закрыцьця Году веры, складала больш за 1200 чалавек. Сярод сьвятароў былі таксама і беларускія грэка-каталіцкія сьвятары.

У сваёй гаміліі падчас сьв. Імшы Папа Францішак нагадаў, што апостал Павел паказваў Хрыста, “як цэнтар усяго”, пачатак кожнага стварэньня, якому Бог даў поўню, “каб у Ім прымірылася ўсё”. “Ад верніка, калі ён хоча быць такім, патрабуецца прызнаць і прыняць у жыцьці гэтае цэнтральнае месца Ісуса Хрыста, у думках, словах і справах. І так нашыя думкі стануць хрысьціянскімі, думкамі Хрыста. Нашыя справы стануць хрысьціянскімі, справамі Хрыста. Нашыя словы стануць хрысьціянскімі, словамі Хрыста. Але калі губляецца гэты цэнтар, бо замяняецца нечым іншым, наносіцца толькі шкода асяроддзю, што вакол нас, і самаму чалавеку”, — адзначыў Рымскі Архірэй.
 
Францішак падкрэсьліў таксама, што Хрыстос зьяўляецца цэнтрам Народу Божага — у ім споўнена чаканьне народу Ізраіля пра караля, які будзе блізкім, згодным суправаджаць на жыцьцёвым шляху і стане іх братам.
 
Сьвяты Айцец Францішак ушаноўвае рэліквіі сьв. апостала Пятра.
“Хрыстос, нашчадак караля Давіда — гэта “брат” вакол якога ўтвараецца народ, брат, які клапоціцца пра свой народ, пра усіх нас, коштам свайго жыцьця. У ім мы адно — адзін народ; паяднаныя з Ім, разьдзяляем адзін і той жа шлях, адзін лёс. Толькі у Ім, як у цэнтры, мы маем ідэнтычнасьць народа”, — адзначыў Папа.
 
Сьвяты Айцец падкрэсьліў, што калі Хрыстос знаходзіцца у цэнтры жыцьця чалавека асьвятляюцца нават самыя цёмныя моманты, як адбылося са злачынцам, якога Ісус прабачыў на крыжы. “Ісус прамовіў толькі слова прабачэньня, а не асуджэньня. І калі чалавек знаходзіць адвагу прасіць гэтага прабачэньня, Госпад ніколі не пакіне без адказу такую просьбу”, — сказаў Папа.
 
Францішак заклікаў вернікаў паразважаць пра сваё жыцьцё і, усьведамляючы ўласную слабасьць, зьвярнуцца да Хрыста з словамі: “Успомні мяне Госпадзе, калі прыйдзеш у Валадарстве сваім”.
 
Сьвяты Айцец адзначыў, што абяцаньне збаўленьня, дадзенае злачынцы, дае таксама і нам сёньня вялікую надзею, яно сьведчыць, што ласка Божая заўсёды пераўзыходзіць малітву таго, хто просіць. “Госпад заўсёды дае больш, Ён вельмі шчодры”, — сказаў Папа.

Падчас урачыстага набажэнства перад базылікай сьв. Пятра на закрыцьцё Году веры ў Каталіцкай Царкве Рымскі Архірэй асобна ўзгадаў таксама прыклад хрысьціянаў Усходніх Цэркваў, іх вернасьць Біскупу Рыму, праяўленую часта ў вельмі неспрыяльных умовах. “Жадаю зьвярнуцца да тут прысутных патрыярхаў і вярхоўных архібіскупаў Усходніх Цэркваў. Пацалунак міру, якім абменьваемся з вамі, азначае, перш за ўсё, вызнаньне Біскупа Рыму вашымі супольнасьцямі, якія вельмі часта нават дарагой цаной сьведчылі сваю вернасьць”, — адзначыў Папа Францыск ў пропаведзі.
Гл. таксама:
27.01.2017
«Цуд яднаньня распачаўся» — фільм Супольнасьці «Chemin Neuf»
21.02.2015
Францішак: адрозьніваць рэальны пост ад фармальнага
16.01.2015
Папа: свабода слова – фундаментальная, але рэлігіі нельга абражаць
26.06.2014
Зьверхнік УГКЦ распавёў Сьвятому Айцу пра “боль ўкраінскага народу”
25.10.2013
Навучаньне Папы Францішка: чаму Царква зьяўляецца апостальскай