Пошук
Архіў навін
30.11.2013
Першаярарх УГКЦ адслужыў Боскую Літургію на галоўным алтары ў базыліцы Сьвятога Пятра
 
25 лістапада 2013 году, у сьвята сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага (паводле старога стылю), Першаярарх УГКЦ Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук), з асаблівага дазволу Біскупа Рыму Папы Францішка на галоўным алтары ватыканскай базылікі Сьвятога Пятра ўзначаліў урачыстую Архірэйскую Боскую Літургію з нагоды 50-годдзя перанясеньня ў Рым мошчаў сьвятога Язафата, мучаніка за еднасьць Царквы — паведамляе Ўкраінская служба Радыё Ватыкану. Ва ўрачыстасьці брала ўдзел і дэлегацыя беларускіх грэка-католікаў.
 
Грэка-каталіцкая літургія на галоўным алтары ў базыліцы сьв. Пятра.
Варта адзначыць, што выключнае права служыць на галоўным алтары ватыканскай базылікі мае толькі Біскуп Рыму і тыя, каму ён удзяляе такі прывілей. Тое, што Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) атрымаў такую магчымасьць, зьяўляецца сьведчаньнем асаблівай прыхільнасьці Сьвятога Айца да Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
З Яго Блаславенствам Сьвятаславам саслужылі кардынал Леанарда Сандры, Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, амаль усе ўладыкі Сіноду Біскупаў УГКЦ, уладыка Мілан Шашык, Япарх Мукачаўскі, прадстаўнікі іншых Цэркваў свайго права, у тым ліку Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў асобе Апостальскага Візітатара Архімандрыта Сяргея (Гаека), а таксама прадстаўнікі Апостальскага Пасаду ў Рыме.
 
Грэка-каталіцкія ярархі ў базыліцы сьв. Пятра.
Сярод больш за 200 сьвятароў, у тым ліку і з Беларусі, значную частку складалі духоўныя сыны сьвятога Язафата — манахі Базыльянскага чыну сьвятога Язафата на чале з Протаархімандрытам а. Генэзіем Віямарам, ЧСВВ. У супольнай малітве ў базыліцы сьв. Пятра зьядналіся некалькі тысячаў пілігрымаў з Украіны, Беларусі, Літвы, Італіі і іншых краінаў сьвету.
 
Кожны ўдзельнік Еўхарыстычнага набажэнства, якое сваім цудоўным сьпевам ўпрыгожыў хор папскіх ўсходніх калегіяў у Рыме, атрымаў на ўспамін памятныя абразкі з гравюрай сьвятога Язафата з яго першага жыцьцяпісу з 1625 году, рэпрадукцыяй крыжа з катэдральнага сабору ва Ўладзіміры-Валынскім, перад якім маліўся юнаком Іван Кунцэвіч, будучы сьвяты, і фота сьвятых рэліквіяў сьвятога, што захоўваюцца пад алтаром сьвятога Васіля ў базыліцы Сьвятога Пятра.
 
Зважаючы на тое, што на ўрачыстасьці прысутнічалі паломнікі з розных краінаў, літургічныя чытаньні былі прасьпяваныя на ўкраінскай, беларускай і італійскай мовах.
 
Пасьля сьвятой Літургіі прывітаваць грэка-каталіцкіх пілігрымаў прыйшоў Сьвяты Айцец Францішак. Чакаючы прыходу Сьвятога Айца, падчас сьпеву “Многія леты”, Першаярарх УГКЦ прадставіў прысутных ярархаў, духавенства, супрацоўнікаў дыпламатычнага корпусу, падзякаваў шматлікім пілігрымам за іх малітоўную прысутнасьць. А затым адслужыў Акафіст сьвятамучаніку Язафату. Прыход Папы Францішка вернікі сустрэлі сьпевам гімну “Хай будзе імя Гасподняе блаславёнае” і гучнымі воплескамі. Рымскі Архірэй удзяліў сваё апостальскае блаславеньне і папрасіў грэка-католікаў не забываць яго ў сваіх малітвах.
 
Фота: Тарас Семянюк, Медіаресурс УГКЦ.
 
Гл. таксама:
10.01.2019
Першаярарх УГКЦ: няма тэндэнцыяў пераходу грэка-католікаў у Праваслаўную Царкву Ўкраіны
25.09.2014
Уніі практыкаваліся ў гісторыі практычна ўсіх Цэркваў
14.01.2014
Украінскія ўлады пагражаюць спыніць рэгістрацыю УГКЦ праз прысутнасьць сьвятароў на Еўрамайдане
04.12.2013
Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў у Рым
23.01.2013
У Вужгарадзе высьвячаны біскуп-памочнік Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі