Пошук
Архіў навін
04.12.2013
Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў у Рым
 
З Блаславеньня Апостальскага нунцыя ў Беларусі Высокадастойнага Ўладыкі Архібіскупа Клаўдзія (Гуджэроцьці) была арганізавана пілігрымка беларускіх грэка-католікаў у Рым на ўрачыстае закрыцьцё Году веры, а таксама з нагоды 390-х угодкаў мучаніцкай сьмерці сьв. Язафата i 50-х угодкаў ўскладаньня ягоных мошчаў у базыліцы сьв. Пятра.
 
Першая група беларускіх пілігрымаў, якую духова апякалі протапрасьвітар Андрэй Абламейка, віцэ-дэкан Аляксандар Шаўцоў і ераманах-рэдэмптарыст Зьміцер (Чарнель), адправіліся ў Рым на аўтобусе і на шляху пілігрымкі наведала санктуарыюм Найсьвяцейшай Багародзіцы на Яснай Гары ў Чанстахове ды храм сьв. Барбары ў Вене, дзе пэўны час пасьля вайны захоўваліся мошчы сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага.
 
Іншая група пілігрымаў, якую духова апякаў протапрасьвітар Яўген Усошын, адправілася на самалёце з Вільні, дзе перад адлётам вернікі маліліся перад іконай Маці Божай Вострабрамскай і ў грэка-каталіцкім храме Сьвятой Тройцы, пры якім у свой манаскі подзьвіг распачынаў шлях сьвятамучанік Язафат (Кунцэвіч).
 
Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) сярод грэка-каталіцкіх сьвятароў і біскупаў у базыліцы сьв. Пятра.
У суботу, 23 лістапада 2013 году, пілігрымы з Беларусі прыбылі у Рым, і ў нядзелю, 24 лістапада, удзельнічалі ў сьвятой Імшы, якую Яго Сьвятасьць Папа Францішак адслужыў на завяршэньне Году веры на плошчы сьв. Пятра ў Ватыкане. У гэты дзень на галоўнай ватыканскай плошчы ўпершыню былi выстаўленыя для публічнага ўшанаваньня рэліквіi сьв. апостала Пятра.
 
У панядзелак, 25 лістапада, у сьвята сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага (паводле юльянскага календара), беларускія грэка-каталіцкія пілігрымы (з Беларусі і з замежжа) разам з грэка-каталіцкімі пілігрымамі з усяго сьвету ўдзельнічалі ў Боскай Літургіі, якую ў базыліцы Сьвятога Пятра, на галоўным
Труна з мошчамі сьвятамучаніка Язафата ў базыліцы сьв. Пятра.
алтары адслужыў Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) у саслужэньні шматлікіх ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, сярод якіх быў і Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар БГКЦ. Літургічныя чытаньні падчас гэтай Архірэйскай Боскай Літургіі ў базыліцы сьв. Пятра былі ў тым ліку і на беларускай мове. Напрыканцы свайго казаньня Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) павіншаваў усіх, хто прыбыў у паломніцтва ў Вечны горад, а асабліва, пілігрымаў з Беларусі, з зямлі, якую сьвятамучанік Язафат асьвяціў сваёй крывёй. “Няхай Усячыстая Дзева Марыя, праслаўленая ў Жыровіцкай іконе, якую так любіў Язафат і якая стагоддзямі ўшаноўвецца тут, у Рыме, нястомна моліцца разам з ім за нашую Царкву перад пасадам Усявышняга”, — пажадаў усім пілігрымам Зьверхнік УГКЦ.
 
Абноўленая старажытная рыза цудатворнай Жыровіцкай іконы Маці Божай у Рыме.
Пасьля набажэнства ўдзельнікаў урачыстасьці вітаў Папа Францішак. У сваёй прамове ён асобна прывітаў дэлегацыю беларускіх грэка-католікаў. Зьвяртаючыся да пілігрымаў, Рымскі Архірэй адзначыў, што “лепшы спосаб, каб ушанаваць сьв. Язафата заключаецца ў тым, каб любіць адно аднаго, любіць і служыць еднасьці Царквы”. Ён таксама сказаў: “У гэтым нас падтрымлівае таксама мужнае сьведчаньне шматлікіх мучанікаў мінулых часоў, якія зьяўляюцца вялікім багацьцем і суцяшэньнем для вашай Царквы”.
 
Затым беларускія пілігрымы ўшанавалі мошчы сьвятамучаніка Язафата, што захоўваюцца ў алтары сьв. Васіля Вялікага ў базыліцы сьв. Пятра. 50 гадоў таму, 22 лістапада 1963 году, сьвятыя рэліквіі сьв. Язафата, архібіскупа Полацкага, былі дастаўлены з Вены ў Рым і разьмешчаны ў алтары сьв. Васілія Вялікага ў галоўным храме ўсіх католікаў.
 
У Рыме беларускія пілігрымы таксама памаліліся перад цудатворнай іконай Жыровіцкай Маці Божай у грэка-каталіцкім храме сьвятых Сяргея і Вакха. 24 лістапада Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук) асьвяціў адрэстаўраваную каштоўную старажытную рызу для гэтай цудатворнай іконы.
 
На зваротным шляху беларускія пілігрымы наведалі Венецыю, дзе прысутнічалі на сьв. Імшы ў саборы Евангеліста Марка, а таксама санктуарыюм у Велеградзе (Чэхія) — месца, зьвязанае з місійнай дзейнасьцю сьвятых роўнаапостальных Кірылы і Мятода, Настаўнікаў славянаў. Сёлета ва ўсім сьвеце ўрачыста адзначаліся 1150-ыя ўгодкі пачатку іх місійнай працы сярод славянаў.

Фота: Тарас Семянюк, Медіаресурс УГКЦ.
Гл. таксама:
13.09.2014
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял
22.06.2014
Апостальскі Візітатар БГКЦ: дыялог ня можа адбывацца праз выключэньне аднаго з партнёраў
25.02.2014
Зьверхнік УГКЦ падзякаваў католікам Беларусі за малітоўную салідарнасьць і падтрымку
30.11.2013
Першаярарх УГКЦ адслужыў Боскую Літургію на галоўным алтары ў базыліцы Сьвятога Пятра
23.12.2011
Гісторыя адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі