Пошук
Архіў навін
23.12.2013
Сьвяты Айцец пра заўсёды незадаволеных хрысьціянаў
 
На трывожную зьяву ў Царкве, якой зьяўляецца катэгорыя заўсёды незадаволеных хрысьціянаў, у якіх алергія на прапаведнікаў, зьвярнуў увагу 13 сьнежня 2013 году падчас Імшы Папа Францішак. Паводле Сьвятога Айца гэтыя людзі баяцца адчыніць дзьверы для Сьвятога Духа, і адсюль іх стан пастаяннага смутку, незадаволенасьці.
 
У евангельскім чытаньні дня Ісус параўноўвае пакаленьне Свайго часу з вечна незадаволенымі дзецьмі, “якія ня ўмеюць проста гуляць і быць шчасьлівымі: калі граюць на жалейцы, яны незадаволеныя, што іншыя ня танчаць; калі сьпяваліся сумныя песьні, яны незадаволеныя, што іншыя ня плачуць… Ім нішто не падабаецца”. Папа Францішак сказаў, што гэтыя людзі “не былі адкрытыя на Слова Божае”.
 
Папа нагадаў, што незадаволенасьць была праблемай фарысеяў, якім не падабаўся ні Ян Хрысьціцель, бо “ня есьць, ня п’е”, ні Ісус, Якога наадварот яны называлі “абжорай, п’яніцай, сябрам мытнікаў і грэшнікаў”. Як адзначыў Сьвяты Айцец, у гэтых людзей заўсёды знаходзілася падстава для крытыкі таго, хто зьвястуе пра Бога, да прапаведніка. “Яны лічылі за лепшае схавацца ў рэлігіі больш “правільнай”: у маральных нормах, як група фарысеяў, у палітычных кампрамісах, як садукеі, у сацыяльнай рэвалюцыі, як зэлоты, у гнастычнай духоўнасьці, як эсэі”, — нагадаў Папа. Яны адчувалі сябе ўтульна ў сваёй разбудаванай і “вычышчанай” сістэме і таму не прымалі прапаведнікаў, такіх, як Ісус. “У народа Божага ёсьць пэўная алергія на прапаведнікаў Слова: як прыклад — прарокі, якіх гналі і забівалі”, — сказаў Рымскі Архірэй.
 
Хрысьціяне, якія “лічаць за лепшае жыць у клетцы ўласнаствораных нормаў, кампрамісаў, рэвалюцыйных планаў або сваёй бесьцялеснай духоўнасьці”, заўсёды незадаволеныя тым, што кажуць прапаведнікі Слова Божага, адзначыў Папа. Ён дадаў: “Гэтыя хрысьціяне, такія закрытыя, зашораныя, сумныя... Яны не свабодныя. Чаму? Таму што баяцца свабоды Сьвятога Духа, якая спасылаецца праз пропаведзь”. Сьвяты Айцец назваў гэта сумным фактам у жыцьці Царквы і заклікаў маліцца за гэтых людзей.
 
Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
Гл. таксама:
26.01.2017
Любоў Хрыстова заахвочвае нас да прымірэньня
02.12.2016
Дэлегацыя з Ватыкану перадала пасланьне Папы Царкве Канстанцінопаля
09.01.2015
Божая любоў шукае нават тых, хто далёкі ад Госпада
15.06.2014
Кардынал Маркс: хрысьціяне павінны браць удзел у стварэньні больш справядлівага грамадзтва
26.04.2014
Новыя сьвятыя — кананізацыя блаславёных Папаў Яна XXIII і Яна Паўла II