Пошук
Архіў навін
24.12.2013
Кардынал Кох пра канфлікт грэка-католікаў і праваслаўных на Заходняй Украіне: “Раны былі прычыненыя з абодвух бакоў”
 
Залагоджваньне канфліктнай сітуацыі паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі на Заходняй Украіне на думку кардынала Курта Коха, старшыні Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, павінна адбывацца намаганьнямі абодвух бакоў, паведамляе расейскае агенцтва рэлігійнай інфармацыі “Благовест-инфо”.
 
“Рашэньне прыйдзе тады, калі мы сумленна прызнаем, што раны былі прычыненыя з абодвух бакоў. Толькі па прызнаньні гэтага мы можам разам рухацца ў будучыню”, — сказаў ватыканскі ярарх, адказваючы 17 сьнежня 2013 году на пытаньні журналістаў на прэс-канферэнцыі ў Маскве.
 
Сітуацыя на Заходняй Украіне, як лічаць у Расейскай Праваслаўнай Царкве, істотна ўскладняе падрыхтоўку магчымай сустрэчы Патрыярха Маскоўскага і Папы Рымскага. Гэты погляд РПЦ МП нядаўна зноў агучыў на расейска-польскай канферэнцыі мітрапаліт Валакаламскі Іларыён (Алфееў): “Нават у ХХ стагоддзі мы сутыкнуліся з сітуацыяй, якую дагэтуль не ўдаецца вылечыць, — гэта сітуацыя на Заходняй Украіне, дзе грэка-католікі на мяжы 1980-90-х гадоў гвалтоўным чынам выганялі праваслаўных з храмаў і дзе дагэтуль ёсьць гарады і вёскі, дзе праваслаўныя ня маюць сваіх храмаў”.
 
Каментуючы гэтае выказваньне ярарха РПЦ МП і магчымасьць вяртаньня храмаў праваслаўным, кардынал Кох сказаў: “Я згодзен з мітрапалітам Іларыёнам: сітуацыя ва Ўкраіне вельмі сур’ёзная. Аднак, з майго пункту гледжаньня, яна мае два бакі, а мітрапаліт Іларыён ахвотна кажа толькі пра адзін. Я наведаў шмат парафіяў у Заходняй Украіне і бачыў цярпеньні з абодвух бакоў. Калі б віна за тое, што адбылося ляжала толькі на грэка-католіках, мы б валодалі большым уплывам”. “У чым віна праваслаўных?” — спытала журналістка ІТАР-ТАСС. “Гэта павінны сказаць самі праваслаўныя. Мы не павінны забываць, што Грэка-Каталіцкая Царква была фактычна ліквідавана савецкай уладай. Грэка-католікі былі змушаны пераходзіць у праваслаўе. І тое, што яны выйшлі ў грамадзкую прастору пасьля падзеньня савецкай улады – гэта іх права. Вядома, гэта віна дзяржавы, але яна разам з праваслаўнымі павінна паклапаціцца аб тым, каб грэка-католікі атрымалі тое, што ім належыць па праве”, — адказаў кардынал Курт Кох.
 
Паводле словаў Старшыні Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, дадзеная сітуацыя таксама ўскладняецца наяўнасьцю ва Ўкраіне некалькіх праваслаўных юрысдыкцыяў. Сам ён падчас сваёй паездкі сустракаўся толькі з прадстаўнікамі Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату. Аднак грэка-каталіцкія сьвятары на месцах вымушаны кантактаваць і з тымі праваслаўнымі, якія належаць да непрызнаных праваслаўных Цэркваў, і ім “нашмат складаней ня мець кантактаў з тымі, хто не знаходзіцца ў сулучнасьці з Расейскай Праваслаўнай Царквой”. “Мы павінны зрабіць усё, каб гэтае напружаньне было зьменшана. Калі б праваслаўе ва Ўкраіне было адзіным, гэта быў бы сур’ёзны крок для вырашэньня праблемы”, — сказаў кардынал Кох.
Гл. таксама:
09.01.2019
«Статус-кво радыкальна зьменены». Эксьперт – пра выклікі і персьпектывы ўкраінскай Царквы
18.12.2018
Сьвяты Пасад захоўвае кантакты з усімі бакамі канфлікту ў праваслаўі
05.10.2018
Праваслаўныя беларусы — народ без сваёй Царквы
08.07.2015
Што ўяўляе сабой грэка-каталіцкая Царква?
24.09.2014
Прадстаўнік РПЦ сустрэўся з прэфектам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў