Пошук
Архіў навін
25.12.2013
Каляднае віншаваньне Апостальскага нунцыя ў Беларусі
 
Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці праз каталіцкі інтэрнэт-партал Catholic.by павінашаваў беларускі народ з сьвятам Нараджэньня Хрыстовага.
 
У сваім сьвяточным пасланьні прадстаўнік Сьвятога Пасаду найперш падзякаваў супрацоўнікам інтэрнэт-парталу Catholic.by, “дзякуючы кампетэнтнай і ахвярнай працы якіх таксама і Апостальская Нунцыятура магла данесьці свой голас да грамадзтва і Царквы, як у прыгожыя, так і ў складаныя моманты”.
 
Затым Уладыка Клаўдзі (Гуджэроцьці) зьвярнуўся з словамі віншаваньня да ўсяго беларускага народу, заклікаў яго не пераставаць шукаць сэнс жыцьця, каб спаткацца з прыгожым і вечным і адшукаць Збаўцу: “Віншую беларускі народ — веруючых і ўсіх тых, хто, не зьвязваючы сябе ані з якой рэлігіяй, шукае сэнс жыцьця. Жадаю ўсім, каб не пераставалі шукаць. Той, хто шукае – жыве. Той, хто шукае, кожны дзень пераадольвае сябе ў пошуках новых магчымасьцяў. Мы — хрысьціяне — абвяшчаем вам Дзіцятка, што нарадзілася ў Бэтлееме. Для нас гэта Сын Божы, Які прынёс любоў Айца і засьведчыў аб ёй, не выракаючыся нават тады, калі мы ўкрыжавалі Яго.
 
Божае Нараджэньне — гэта не гісторыя, прыдуманая для дзяцей, як нас намагаліся пераканаць. Гэта надзея чалавецтва, сэнс чалавечага жыцьця.
 
І калі мы – хрысьціяне – не заўсёды пасьлядоўныя ў нашым жыцьці, не адкідвайце дзеля гэтага нагоду спаткацца з Богам, толькі таму, што ў нас не заўсёды можна ўбачыць Божы вобраз. Калі вашы дзьверы застануцца адчыненымі, штосьці вялікае здарыцца і ў вашым жыцьці. Як і калі гэта адбудзецца — гэтага мы таксама ня ведаем. Гэта ведае толькі Бог, які чакае вас ад моманту вашага нараджэньня.
 
Хрысьціянам, асабліва католікам, жадаю перажыць захапленьне пастухоў перад абліччам анёлаў, якія ўначы абвясьцілі нараджэньне Збаўцы. Жадаю адправіцца ў дарогу разам з пастухамі, каб шукаць Яго. Гэта асаблівы час, калі можна спаткаць Збаўцу. У дарозе да Бэтлеема адчуваем сябе сваякамі Бога, Які ўсіх любіць і прыцягвае ўсіх да Сябе. Божым Нараджэньнем станем таксама мы, калі той, хто нас убачыць, зразумее, што мы спаткаліся з прыгожым і вечным. Добрых сьвятаў Божага Нараджэньня жадае вам Папа Францішак”.
Гл. таксама:
06.12.2015
Клаўдыё Гуджэроцьці: «Усім я жадаю свабоды мараў і веры ў тое, што няма нічога немагчымага»
01.04.2013
Збаўленыя Божаю любоўю
27.11.2012
Апостальскі нунцый у Берасьці сустрэўся з грэка-католікамі
07.01.2012
Свабода ня можа быць без духоўнасьці
17.12.2011
Напярэдадні Калядаў Апостальскі нунцый сустрэўся з грэка-каталіцкім духавенствам