Пошук
Архіў навін
10.01.2014
Папа: хрысьціянская любоў – гэта не каханьне з тэлесерыялаў
 
Для хрысьціянскай любові заўсёды была характэрная “канкрэтнасьць”, якая праяўляецца “больш у справах, чым у словах”, “больш у даваньні, чым атрыманьні” — пра гэта гаварыў на ранішняй сьв. Імшы 9 студзеня 2014 году Сьвяты Айцец Францішак.
 
Паводле Сьвятога Айца, у хрысьціянскім жыцьці не існуе альтэрнатывы “бескарысьлівай любові”, “якая закатвае рукавы і выходзіць да бедных”. Папа спаслаўся на фрагмент Першага пасланьня апостала Яна: “Калі мы любім адно аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая” (1 Ян 4, 12). Менавіта гэта можна назваць “хрысьціянскім жыцьцём”, і толькі гэта можа абараніць хрысьціяніна ад павярхоўнасьці, ідалапаклонства і мітусьні.
 
Досьвед веры, паводле Папы, менавіта ў гэтым “двайным знаходжаньні”: “мы знаходзімся ў Богу, і Бог у нас”. Але Божая прысутнасьць у нас ёсьць першаснай, нават калі мы адкідаем Бога з нашага жыцьця. Божая любоў — гэта нешта значна большае, чым толькі рамантычнае пачуцьцё. Любоў, пра якую кажа сьв. Ян – гэта “не каханьне з тэлесерыялаў”, падкрэсьліў Рымскі Архірэй і дадаў, што хрысьціянская любоў заўсёды адзначалася пэўнай якасьцю — канкрэтыкай. Хрысьціянская любоў заўсёды канкрэтная. Сам Ісус, калі гаворыць пра любоў, кажа нам пра канкрэтныя справы: пра неабходнасьць даць есьці галодным, адведаць хворых і пра іншыя падобныя рэчы. Без такой канкрэтнай любові чалавек пачынае жыць прывідным хрысьціянствам, адзначыў Сьвяты Айцец, бо тады становіцца незразумелым, у чым заключаецца сутнасьць пасланьня Ісуса Хрыста. Тады любоў застаецца бяз зьместу, яна становіцца ілюзорнай, накшталт ілюзіі, якой паддаліся вучні, калі ўбачылі Ісуса, Які ішоў па вадзе, і падумалі, што гэта прывід. “Іх зьдзіўленьне вынікае з цьвёрдасьці сэрца”, сказаў Папа. Калі ў чалавека цьвёрдае сэрца, ён лічыць любоў прывідам, а не рэальнасьцю, адзначыў Францішак.
 
Той, хто любіць, той аддае. Аддае рэчы, жыцьцё, аддае сябе самога Богу і бліжнім. А хто ня любіць, той зьяўляецца эгаістам, заўсёды жадае толькі атрымліваць, мець рэчы, шукае ўзбагачэньня. Сьвяты Айцец Францішак заклікаў прысутных “любіць справамі, а ня словамі”, “мець адкрытае сэрца”, заставацца ў Богу і дазваляць Богу жыць у сабе, каб жыць у любові.
 
Паводле інфармацыяў Радыё Ватыканy.
Гл. таксама:
14.12.2018
Сьвяты Айцец: абарона правоў чалавека – асаблівая місія хрысьціянаў
04.04.2018
Папа: Хрыстова ўваскрасеньне — магчымасьць адкрываць брацтва
31.03.2018
Папа пра значэньне велікодных сьвятаў
17.03.2018
5 гадоў з Папам Францішкам: статыстыка і адметнасьці пантыфікату
23.12.2014
Папа даслаў каляднае вітаньне католікам Блізкага Ўсходу