Пошук
Архіў навін
11.03.2014
Кардынал Каспэр: як пераадолець прорву паміж царкоўным навучаньнем пра шлюб і практыкай многіх католікаў
 
У італійскім выдавецтве «Queriniana» выйшла кніга кардынала Вальтара Каспэра «Евангельле сям’і». У ёй падаецца поўны тэкст Уступнага слова гэтага нямецкага кардынала, прамоўленага ім нядаўна на Пазачарговай кансісторыі на тэму сям’і. Сярод «вострых» тэмаў кнігі — пытаньне пра дапушчэньне разьведзеных, што ўзялі другі шлюб, да сьв. Прычасьця.
 
Карэспандэнт Расейскай службы Радыё Ватыкану запытала ў кардынала Вальтара Каспэра, што ўласна ён мае на ўвазе, кажучы, што трэба больш талерантна ставіцца да сем’яў з праблемамі, не адмаўляючы пры гэтым непарыўнасьць шлюбу.
 
Кардынал Вальтар Каспэр.
«Я прапаную шлях, які выходзіць як па-за межы празьмернай суровасьці, так і ўсёдазволенасьці», — растлумачыў кард. Каспэр, спасылаючыся на аднаго з настаўнікаў Царквы сьвятога Альфонса Марыя дэ Лігуоры, які аддаваў перавагу гэтаму шляху паміж дзьвюма крайнасьцямі. Такім чынам, шлях, прапанаваны кардыналам Каспэрам, ня ідзе насуперак дактрыне Каталіцкай Царквы, але, наадварот, спрыяе яе рэалістычнаму прымяненьню ў сучасных умовах, каб «дапамагчы людзям быць шчасьлівымі».
 
У інтэрв’ю італьійскай газеце «La Repubblica», былы старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў падкрэсьліў: «Кожны грэх можа быць прабачаны. Немагчыма ўявіць, каб чалавек мог упасьці ў чорную дзірку, з якой Бог ня мог бы яго выцягнуць». Нямецкі кардынал выступае за тое, каб для разьведзеных асобаў, што ўступілі ў новы саюз, пасьля перыяду пакуты, была магчымасьць прыступаць да сьв. Прычасьця.
 
У сваёй кнізе кардынал Вальтар Каспэр кажа пра наяўную прорву паміж настаўніцтвам Царквы і практыкай многіх католікаў. Ці варта вінаваціць у гэтым тых, хто прасоўвае агрэсіўную палітыку ў стаўленьні да традыцыйнай сям’і — задае пытаньне журналістка Радыё Ватыкану.
 
«Безумоўна, некаторыя людзі і пэўныя групы маюць свае палітычныя інтарэсы супраць сям’і», — тлумачыць аўтар кнігі. Аднак за крызісам сям’і знаходзіцца ня толькі палітыка ці ідэалогія: неабходна таксама ўлічваць эканамічныя праблемы, напрыклад, тыя, што стасуюцца працоўнага жыцьця людзей. Сёньня многія маладыя людзі хацелі б стварыць стабільную сям’ю, але гэта ў іх не атрымоўваецца. «Царква павінна дапамагчы людзям, якія зьведваюць цяжкасьці», — сказаў кардынал Вальтар Каспэр, аўтар новай кнігі «Евангельле сям’і» у размове з карэспандэнтам Радыё Ватыкану.
 
Выступаючы ў лютым 2014 году на кансісторыі ў Ватыкане перад кардыналамі, кардынал Каспэр адзначыў: «Мы павінны нанова адкрыць Евангельле сям’і ва ўсёй яго прыгажосьці і прапаведаваць яго. Размова ідзе пра тое, каб «сям’я па-новаму ўспрымалася як хатняя царква і разумелася як прывілеяванае месца новай евангелізацыі».
Гл. таксама:
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
07.10.2014
У Ватыкане пачаў працу Надзвычайны Сінод пра сям’ю
25.10.2013
Навучаньне Папы Францішка: чаму Царква зьяўляецца апостальскай
02.10.2013
Боская Літургія за ненароджаных дзяцей
18.02.2013
Добры дзень! Мне цікава, а ці можна ўніяцкім сьвятарам уступаць у шлюб?