Пошук
Архіў навін
30.04.2014
Дар розуму дапамагае зазірнуць у глыбіню Божых думак
 
Прасіць Бога аб дары розуму, каб разумець жыцьцёвыя сітуацыі так, як іх разумее Бог, заклікаў Сьвяты Айцец Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы сьв. Пятра 30 красавіка 2014 году.
 
Як паведмаляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, Рымскі Архірэй прысьвяціў сваю катэхезу другому дару Сьвятога Духа – розуму. “Гаворка ідзе не пра чалавечую разумнасьць, інтэлектуальныя здольнасьці, якімі можам быць надзеленыя ў большай ці меншай ступені. Але пра ласку, якую толькі Сьвяты Дух можа выліць і якая стварае ў хрысьціяніна здольнасьць сягаць па-за зьнешні асьпект рэальнасьці, заглядаць у глыбіню Божых думак і ў яго план збаўленьня”, - сказаў Папа Францішак. Сьвяты Айцец нагадаў, што сьвяты апостал Павел, зьвяртаючыся да карынцянаў, вельмі добра апісаў плён гэтага дару: “Чаго вока ня бачыла, і вуха ня чула, і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго. Нам жа Бог адкрыў праз Духа” (1 Кар 2, 9-10).
 
“Гэта, вядома, не азначае, што хрысьціянін можа зразумець і ўпоўні пазнаць планы Бога: усё гэта застаецца ў чаканьні аб’яўленьня ва ўсёй сваёй яснасьці, калі апынемся ў прысутнасьці Бога і па-сапраўднаму станем з Ім адным. Аднак, аб чым кажа само гэта слова, інтэлект дазваляе на “intus legere” – “глыбокае разуменьне”. Гэты дар дазваляе разумець рэчы так, як іх разумее Бог, паводле Божага інтэлекту. Можна разумець сітуацыі паводле чалавечага розуму, з разважлівасьцю, і гэта правільна. Але разумець глыбока, як разумее Бог, дазваляе менавіта гэты дар. І Ісус пажадаў спаслаць нам Сьвятога Духа, каб мы мелі гэты дар, каб мы ўсе маглі разумець рэчы, як разумее іх Бог”, - сказаў Папа.
 
Сьвяты Айцец падкрэсьліў, што дар розуму шчыльна зьвязаны з верай. “Калі Сьвяты Дух жыве ў нашым сэрцы і асьвятляе наш розум, тады дазваляе дзень за днём узрастаць у разуменьні таго, што Госпад сказаў і ўчыніў”, - адзначыў Рымскі Архірэй і дадаў, што тут маецца на ўвазе таксама разуменьне навучаньня Ісуса, Божага слова.
 
Папа нагадаў, што ў Евангельлі паводле сьв. Лукі ёсьць фрагмент, які “вельмі добра выказвае глыбіню і сілу” дару розума – аповед пра сустрэчу Ісуса з вучнямі па дарозе ў Эмаўс. “Пасьля таго, як сталі сьведкамі крыжовай сьмерці і пахаваньня Ісуса, двое Яго вучняў, расчараваныя і прыгнечаныя , выйшлі з Ерусаліму, каб вярнуцца ў сваю вёску пад назвай Эмаўс. На шляху да іх наблізіўся ўваскрослы Ісус і пачаў разамаўляць з імі, але іх вочы, затуманеныя смуткам і адчаем, былі ня ў стане яго пазнаць. (...) Калі, аднак, Госпад тлумачыў ім Пісаньне, каб зразумелі, што Ён павінен быў пакутаваць і памерці, каб затым уваскрэснуць, іх розум адкрыўся, а ў сэрцах засьвяцілася надзея. Гэта тое, што робіць Сьвяты Дух у нас – адкрывае наш розум, каб мы лепш разумелі Божыя і чалавечыя справы, сітуацыі, усё. Дар розуму вельмі важны для нашага хрысьціянскага жыцьця”, - сказаў Папа Францішак. Ён заклікаў вернікаў прасіць Бога аб дары розуму, каб добра разумець усё, што здараецца навокал, але, перш за ўсё, спасьцігаць Божае слова ў Евангельлі.
Гл. таксама:
20.10.2017
У юбілей 100-годдзя Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Папа заклікаў усходніх католікаў да цярплівай і адважнай малітвы
14.10.2017
Папа Францішак сустрэўся з ўсходнімі патрыярхамі і вярхоўнымі архібіскупамі
08.07.2017
Папа паведаміў пра царкоўную сулучнасьць з новаабраным мелхіцкім патрыярархам
02.05.2017
Папа — копцкаму Патрыярху: нас аб’ядноўвае кроў бязьвінных мучанікаў
22.05.2016
Лукашэнка прапанаваў, каб Папа Рымскі сустрэўся ў Беларусі з Маскоўскім патрыярхам