Пошук
Архіў навін
05.06.2014
Памятаць пра свае вытокі
 
Сустрэча з доктарам гістарычных навук, дэканам гуманітарнага факультэта Ўкраінскага каталіцкага ўніверсітэту прафесарам Ігарам Скачылясам адбылася ў сераду, 4 чэрвеня 2014 году, у душпастырскім цэнтры грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску.
 
Доктар гістарычных навук Ігар Скачыляс (Украіна) у Менску.
Як паведамляе сайт “Рэдэмптарысты візантыйскага абраду ў Беларусі”, сустрэчу з менскімі грэка-католікамі д-р Ігар Скачыляс распачаў сваім сьведчаньнем і роздумамі пра сучасныя падзеі ва Ўкраіне. Як гісторык, адміністратар і грамадзянін, ён упэўнена назваў іх рэвалюцыяй годнасьці і агульнанацыянальным рэферэндумам пра будучыню краіны. Тое, што зараз адбываецца ў нашых паўднёвых суседзяў, гэта заканамерны вынік гістарычнага працэсу, вынік прыроднай памяці народу, якая прарываецца на сьвет з глыбіні забыцьця і прыдушэньня.
 
Прафесар зрабіў кароткі экскурс у супольнае мінулае ўкраінскага і беларускага народаў, у мінулае нашай Царквы кіеўскага хрышчэньня. Паводле яго словаў, царкоўная унія, ідэя якой зарадзілася ў візантыйскім схаластычным багаслоўі, знайшла практычную рэалізацыю найперш менавіта на беларускіх землях, і ўжо адсюль хваляй прайшла па іншых еўрапейскіх краінах. Уніяцтва на тэрыторыі Кіеўскай мітраполіі практычна цэлае стагоддзе існавала толькі ў Беларусі. Пасьля далучэньня ўкраінскіх япархіяў Уніяцкая Царква стала перад фактам рознасьці звычаяў і традыцыяў. У выніку гэтага адбыўся культурны ўзаемаабмен і пераход да чарговага этапу царкоўнага разьвіцьця.
 
Гэты прыватны прыклад гістарычнага разьвіцьця паказвае зьвязанасьць і пераемнасьць гісторыі і сучаснасьці, таму там трэба шукаць адказы на многія пытаньні, у тым ліку на такія, як хто мы і куды мы ідзем.
Д-р І. Скачыляс на сустрэчы з менскімі грэка-католікамі.
Прафесар І. Скачыляс адзначыў, што ва Ўкраіне асэнсаваньне ўласнай гісторыі, у прыватнасьці царкоўнай, прайшло ўжо значны шлях. У Беларусі ж, паводле яго словаў, на гэтай ніве працы яшчэ “для тысячаў чалавек на многія гады”. Як адзначыў прысутны на сустрэчы беларускі гісторык Дзяніс Лісейчыкаў, асоба д-ра Ігара Скачыляса зьяўляецца знакавай і для беларускай навукі. Бо менавіта ён стаў тым, хто ўвёў у дасьледчыцкі працэс многія гістарычныя крыніцы, а таксама стаў для многіх беларускіх гісторыкаў прыкладам таго, як гэтыя дасьледаваньні праводзіць. Таму для ўсіх прысутных вялікай радасьцю стала магчымасьць сустрэцца з гэтым выдатным украінскім навукоўцам, бліжэй пазнаёміцца з яго поглядамі на царкоўную гісторыю ва Ўсходняй Еўропе.
 
Д-р Ігар Скачыляс зьяўляецца дэканам гуманітарнага факультэту УКУ ў Львове, сябрам Працоўнай дасьледчай групы аўстрыйскага фонду “Pro Oriente” па вывучэньні Берасьцейскай уніі, Украінскага багаслоўскага навуковага таварыства, Украінскага геральдычнага таварыства, Украінскай камісіі параўнальнай царкоўнай гісторыі. З 2012 году зьяўляецца кіраўніком вучэбна-дасьледчай праграмы ”Кіеўскае хрысьціянства і ўніяцкая традыцыя”, аўтар і распрацоўшчык канцэптаў “кіеўскае хрысьціянства”, “другое культурна-рэлігійнае адраджэньне”, “Slavia Unita”.
 
18 чэрвеня 2014 году ў Львове адбудзецца прэзентацыя новай цікавай манаграфіі ўкраінскага гісторыка Царквы д-ра Ігара Скачыляса, падрыхтаванай сумесна з польскім гісторыкам Анджэем Гілем: “Kościoły Wschodnie w państwie polsko-litewskim w procesie przemian i adaptacji: metropolia kijowska w latach 1458-1795”.
 
Фота: Рэдэмптарысты, Менск.
Гл. таксама:
23.10.2016
У Менску разьвіталіся з Юрыем Хадыкам
23.05.2012
Гвалт над нашымі духоўнымі каранямі (Кананізацыя Сямашкі. Скон народу-2)
10.09.2009
Пры аднаўленьні царквы Сьвятога Духа знайшлі крыпты з астанкамі фундатараў
16.04.2009
Грэка‑каталікі Менску зьвярнуліся да Лукашэнкі
15.04.2009
У Верхнім горадзе сталіцы адбудуюць царкву Сьвятога Духа