Пошук
Архіў навін
07.06.2014
Праваслаўны мітрапаліт абвінаваціў грэка-католікаў у шкодзе праваслаўна-каталіцкаму дыялогу
 
У Менску 2-6 чэрвеня 2014 году праходзіў IV Еўрапейскі праваслаўна-каталіцкі форум. Форум сёлета быў прысьвечаны тэме “Рэлігія і культурны плюралізм: выклікі хрысьціянскім Цэрквам у Еўропе”. Вялікі розгалас набыла агучаная на гэтым міжнародным форуме прывітальная заява старшыні Аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна.
 
Мітрапаліт Іларыён Алфееў.
У прывітальнай заяве маскоўскі праваслаўны ярарх абвінаваціў Грэка-Каталіцкую Царкву ў “дэструктыўнай ролі”, якую яны нібыта адыгралі ў цяперашняй складанай сітуацыі ва Ўкраіне. Акрамя таго, прагучалі словы пра тое, што дзеяньні грэка-католікаў нанесьлі вялізныя страты ня толькі Ўкраіне і яе жыхарам, але і праваслаўна-каталіцкаму дыялогу.
 
“На жаль, наш форум праходзіць на фоне сумных падзеяў ва Ўкраіне. У ходзе палітычнага супрацьстаяньня працягваюць гінуць людзі, на вуліцах і плошчах не сьціхае страляніна. Народ застаецца глыбока падзелены ня толькі паводле сваіх палітычных прыхільнасьцяў, але і паводле рэлігійнай прыкметы. Вельмі дэструктыўную ролю ў фармаваньні такой сітуацыі адыгралі грэка-католікі. Выказваньні іхняга вярхоўнага архібіскупа, ярархаў і сьвятароў, вельмі палітызаваныя пазіцыя моцна спрыялі палярызацыі грамадзтва, паглыбленьню таго канфлікту, які ўжо прывёў да шматлікіх ахвяраў. /.../ Агрэсіўныя выказваньні ўніятаў, дзеяньні, накіраваныя на падрыў кананічнага Праваслаўя, актыўныя кантакты з раскольнікамі, імкненьне падзяліць адзіную шматнацыянальную Расейскую Праваслаўную Царкву нанесьлі велізарную шкоду ня толькі Ўкраіне і яе жыхарам, але і праваслаўна-каталіцкаму дыялогу. Усё гэта адкінула нас далёка назад, нагадаўшы пра тыя часы, калі праваслаўныя і католікі ўспрымалі адзін аднаго не як хаўрусьнікаў, а як супернікаў. Сёньня зноў з усёй відавочнасьцю адкрываецца тое, пра што праваслаўныя заўсёды ведалі — унія была і, на жаль, застаецца сьпецпраектам Каталіцкай Царквы, які накіраваны на падрыў кананічнага Праваслаўя. Тут, на беларускай зямлі, у свой час была ўкладзена сумна вядомая “Берасьцейская унія” 1596 году, якая прынесла незьлічоныя пакуты праваслаўнаму насельніцтву гэтага краю”, — заявіў мітрапаліт Іларыён.
 
Карыстаючыся трыбунай гэтага міжнароднага форума расейскі праваслаўны ярарх заклікаў каталіцкіх партнёраў па праваслаўна-каталіцкім дыялогу “зрабіць усё магчымае, каб астудзіць «гарачыя галовы» ва ўніяцкім асяроддзі, спыніць дзеяньні грэка-католікаў па паглыбленьні крызісу ва Ўкраіне”. Прадстаўнік Маскоўскага Патрыярхату заявіў таксама, што грэка-католікі, як частка Каталіцкай Царквы, “робіць усё, каб, як і ў ранейшыя сумныя часы, убіць клін недаверу і варожасьці паміж праваслаўнымі і католікамі”.

Каталіцкія ярархі ніяк не адрэагавалі на гэтую заяву прадстаўніка Маскоўскага Патрыярхату. Беларускі каталіцкі партал Catholic.by прыводзіць наступныя словы Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча пра IV Еўрапейскі каталіцка-праваслаўны форум у Менску: “Часам журналісты пытаюцца, ці былі паміж намі, удзельнікамі Форуму, якіясьці спрэчкі. Спрэчак не было, акрамя хіба што таго, якія словы найлепш падыходзяць па зьмесце ў выніковым дакуменце”.
 
Адзначым, напярэдадні форуму ў Менску Патрыярх Маскоўскі Кірыл выказаў шкадаваньне, што некаторыя нацыянальныя канферэнцыі каталіцкіх біскупаў, такія як нямецкая, польская, амерыканская, таксама адкрыта падтрымалі пазіцыю Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
Радыё Свабода папрасіла пракаментаваць гэтую заяву кіраўніка Аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага Патрыярхату беларускага гісторыка і публіцыста Анатоля Сідарэвіча, які ўжо шмат гадоў сочыць за ўзаемадачыненьнямі паміж праваслаўнай і каталіцкай Цэрквамі. На яго думку такое выказваньне не выпадковае. Масква незадаволеная, што ва Ўкраіне ўсё больш людзей зьвяртаюцца да грэка-каталіцтва, тым самым аслабляючы пазіцыі праваслаўя:
 
“Мітрапаліт Іларыён не арыгінальны. Літаральна 29 траўня патрыярх Кірыл назваў русафобскай дзейнасьць Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, абвінаваціўшы яе ў палітычнай дзейнасьці. У 2005 годзе мітрапаліт Іларыён на каталіцкім зьезьдзе ў Гнезьне негатыўна выказваўся пра тое, што грэка-каталікі пераносяць рэзідэнцыю свайго кіраўніка з Львова ў Кіеў і будуюць там сабор. Рыма-Каталіцкая Царква, пачынаючы з 15 стагоддзя, спрабуе наладзіць сястрынскія адносіны з Маскоўскаю Царквою. За пяць стагоддзяў нічога не ўдалося. Маскоўская Царква заўсёды знаходзіць нейкія прычыны для канфрантацыі. У Ватыкане, відаць, не разумеюць адрозьненьня Маскоўскай Праваслаўнай Царквы ад усяго іншага праваслаўнага сьвету. Справа ў тым, што Грэка-Каталіцкая Царква значна выцесьніла Маскоўскую з заходняй Украіны, яна расьце і ўжо мае экзархаты і ў Данбасе, і ў Харкаве, і ў Адэсе. Сёньня чалавек быў праваслаўным атэістам, а заўтра стаў украінскім грэка-каталіком. Назіраецца збліжэньне Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату і Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, прычым збліжэньне не кананічнае, а збліжэньне ў сэнсе любові да Ўкраіны і патрыятызму. Атрымліваецца, Маскоўская Праваслаўная Царква губляе свае пазіцыі, таму трэба шукаць крайняга. Ёсьць расейская прымаўка пра тое, што трэба перакінуць з хворай галавы на здаровую. Ну вось і атрымліваецца, што вінаватыя ўніяты. Хоць насамрэч вінаватая дурная крамлёўская палітыка”.
 
Натальля Васілевіч, палітоляг, рэдактарка праваслаўнага парталу “Царква” распавяла Радыё Свабода, што раней мітрапаліт Іларыён прытрымліваўся супрацьлеглага афіцыйнаму меркаваньня і нават публічна заклікаў расейскіх салдат не выконваць загад страляць у пратэстоўцаў у Вільні ў 1991 годзе:
 
“Мітрапаліт Іларыён Алфееў, калі яшчэ быў ераманахам Іларыёнам і настаяцелем катэдральнага сабору ў Коўне, стаў вядомы тым, што ў 1991 годзе, калі савецкія танкі стаялі ў Вільні, насуперак савецкаму кіраўніцтву заклікаў савецкіх салдатаў не страляць у мірных жыхароў, якія выйшлі абараняць незалежнасьць Літоўскай Рэспублікі. За гэта ён нават быў уганараваны мэдалём “За мужнасьць і самаахвярнасьць”. То бок гэты чалавек у пэўны момант праявіў сваю палітычную пазіцыю.
 
Шмат што зьмянілася з тых часоў, і цяпер ён, прадстаўляючы Маскоўскі Патрыярхат, бачыць у тых, хто стаяў на Майдане і пратэставаў супраць карупцыйнага рэжыму, ворагаў, якія дэстабілізуюць сітуацыю. Таксама Маскоўскі Патрыярхат пазіцыянуе сябе як абаронца пракрамлёўскіх інтарэсаў. Што да выступу мітрапаліта Іларыёна на форуме, то ён быў зьвернуты супраць менавіта ўкраінскіх грэка-каталікоў, а ня грэка-каталікоў увогуле. Справа ў тым, што Маскоўскі Патрыярхат страціў багата прыходаў на захадзе Ўкраіны, якія адышлі ў бок уніяцтва. А пазіцыя ўкраінскіх грэка-каталікоў — праўкраінская, патрыятычная, заходняя, што не ўкладаецца ў канцэпцыю “рускага сьвету“, якую прапаведуе кіраўніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы. Яшчэ можна адзначыць, што для гэтага канкрэтнага царкоўнага лідара характэрны такі стыль выступаў, які заключаецца ў канфрантацыі. Калі ён сустракаецца з пратэстантамі, то крытыкуе пратэстантаў, калі сустракаецца з каталікамі — крытыкуе каталікоў. Напэўна, такім чынам ён імкнецца паказаць сваю сілу і значнасьць”.
 
Сьвятар УГКЦ Арэст-Зьмітро Вільчынскі, галоўны рэдактар ​​інтэрнэт-выданьня “Католицький Оглядач”, у сваім матэрыяле з нагоды выступу ў Менску прадстаўніка РПЦ МП мітрапаліта Іларыёна назваў яго словы “верхам антыхрысьціянскага ілжывага цынізму”. Ён адзначыў: “Свае галаслоўныя абвінавачваньні высокадастойнік РПЦ наогул не падмацаваў ніякімі аргументамі. Таму даводзіцца такія заявы мітрапаліта Алфеева ацэньваць, як прапагандысцкую хлусьню. Мэта гэтай хлусьні зусім выразна акрэсьліў сам мітрапаліт Алфееў — запалохваньне каталіцкага боку ў зрыве праваслаўна-каталіцкага дыялогу і вяртаньнне да перыяду адкрытай канфрантацыі”.
Гл. таксама:
23.10.2016
У Менску разьвіталіся з Юрыем Хадыкам
14.10.2016
«Быць сьведкамі Евангельля любові для кожнага чалавека»
16.09.2016
У Менску адслужылі паніхіду па Юрыю Хадыку
14.09.2016
Сымбалічныя падарункі новаму сьвятару БГКЦ
14.04.2010
Ці можа каталік рымскага абраду (які быў хрышчаны ў лацінскім абрадзе й некаторы час наведваў рымскую службу) наведваць уніяцкую імшу і стаць грэка-каталіком? Ці магчымы пераход з абраду ў абрад? Ці рымскі і грэцкі абрад роўныя?