Пошук
Архіў навін
10.06.2014
Румынскі грэка-каталіцкі ярарх гасьціў у менскіх грэка-католікаў
 
Знакавая падзея адбылася 5 чэрвеня 2014 году ў грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску. Напярэдадні сьвята Зыходу Сьвятога Духа архірэйскую Боскую Літургію ў капліцы душпастырскага цэнтру на Сьнежным адслужыў біскуп Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы Ўладыка Віргіль Бэрча (Virgil Bercea).
 
Румынскі грэка-каталіцкі Ўладыка Віргіль Бэрча ў менскіх грэка-католікаў.
Уладыка Віргіль Бэрча зьяўляецца ардынарыем грэка-каталіцкай япархіі Орадзя Марэ, што на паўночным захадзе Румыніі, скончыў Папскі ўніверсітэт Urbaniana ў Рыме, доктар тэалогіі. З 2012 году ён зьяўляецца таксама віцэ-прэзідэнтам Камісіі біскупскіх канферэнцыяў Еўрапейскай супольнасьці (Commissio Episcopatuum Communitatis Europaeae — COMECE). У Менску ярарх браў удзел у IV каталіцка-праваслаўным форуме, які праходзіў 2-6 чэрвеня 2014 году.
 
Румынскі грэка-каталіцкі біскуп Орадзя Марэ ў грэка-католікаў Менску.
5 чэрвеня 2014 году румынскі грэка-каталіцкі ярарх меў нагоду бліжэй пазнаёміцца з жыцьцём беларускіх грэка-католікаў у Менску. У гэты дзень ён узначаліў архірэйскую сьв. Літургію, якую разам з ім у капліцы парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі саслужылі архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-каталікоў Беларусі, а. Андрэй Абламейка, протапрасьвітар Заходняга дэканату БГКЦ, ераманах-студыт Пахом Кавалёў, а таксама айцы-рэдэмптарысты Антон Нікалаеў і Зьміцер Чарнель. Дыяканскае служэньне падчас архірэйскай багаслужбы  выконваў дыякан Вячаслаў Гарчакоў з Івацэвічаў.
 
У беларускіх грэка-католікаў дагэтуль няма свайго біскупа, і таму кожная архірэйская багаслужба — гэта падзея. У менскай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі такая багаслужба адбывалася ўпершыню. Як адзначае сайт беларускіх рэдэмтарыстаў Cssr.by, Уладыка Віргіль, зьвяртаючыся да прысутных, падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад побыту ў Беларусі.
Вернікі менскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі.
Ён адзначыў прыгажосьць нашай краіны і яе сталіцы, а таксама выказаў радасьць, што грэка-католікі ў Беларусі маюць месца, каб сустракацца разам, адкрыта маліцца і вызнаваць сваю веру. Ён згадаў камуністычныя часы перасьледаваньняў за веру, якія аднолькава закранулі як Румынію, так і Беларусь, і заклікаў цаніць магчымасьць, якую маем сёньня.
Пасьля набажэнства Архімандрыт Сяргей (Гаек) ад імя беларускіх грэка-каталікоў у памяць пра сустрэчу падараваў румынскаму ўладыку габелен беларускай вытворчасьці з выявай сьв. Мікалая, імя якога носіць катэдра біскупа Орадзя Марэ. Яшчэ некаторы час вернікі мелі магчымасьць паразмаўляць з уладыкам Віргілем і папрасіць у яго блаславеньне.
 

Фота: Рэдэмптарысты, Менск. 

Грэка-каталіцкія сьвятары падчас архірэйскай багаслужбы ў Менску.

Румынскі грэка-каталіцкі Ўладыка Віргіль Бэрча ў менскіх грэка-католікаў.
Вернікі менскай парафіі атрымліваюць блаславеньне ў румынскага ярарха.
Падарунак румынскаму ярарху.
Гл. таксама:
07.01.2019
Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар: Стаўленьне да нас з боку Ватыкана – наш вялікі боль
23.06.2014
Нунцый узначаліў парафіяльныя ўрачыстасьці грэка-католікаў у Менску
04.07.2012
Сьвята Еднасьці пад апекай Маці Божай Берасьцейскай
10.05.2012
Ватыканскі ярарх разам з грэка-католікамі памаліўся за Менск і за ахвяры вайны
06.02.2012
Нунцый да грэка-католікаў: многае залежыць і ад вас