Пошук
Архіў навін
23.06.2014
Нунцый узначаліў парафіяльныя ўрачыстасьці грэка-католікаў у Менску
 
Храмавае сьвята ў гонар іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі адсьвяткавала 21 чэрвеня 2014 году адна з сталічных грэка-каталіцкіх парафіяў. З нагоды парафіяльнай ўрачыстасьці Боскую Літургію ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці. Разам з ім саслужылі Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, а таксама іншыя грэка-каталіцкія душпастыры, якія служаць у сталіцы Беларусі.
 
Апостальскі Нунцый архібіскуп Клаўдыё Гуджароцьці на сьвяце грэка-каталіцкай парафіі ў Менску.
У сваім пастырскім слове — паведамляе сайт Рэдэмптарыстаў візантыйскага абраду ў Беларусі — прадстаўнік Сьвятога Айца выказаў сваю радасьць з магчымасьці прысутнічаць і маліцца разам з грэка-каталіцкай супольнасьцю.
 
Зьвярнуўшы ўвагу на Багародзіцу, якую ў гэты сьвяточны для парафіі дзень вернікі ўшаноўвалі ў яе іконе Маці Божай Нястомнай Дапамогі, Уладыка Клаўдзі адзначыў, што ўшаноўваем яе не на троне славы, а ля падножжа Крыжа яе Сына, дзе Ісус аддае яе свайму вучню Яну, каб была яму за маці. З апостальскіх часоў хрысьціяне бачылі ў Багародзіцы сымбаль самой Царквы. Стоячы каля Крыжа, Маці Ісуса ўчыняе акт даверу Хрысту, Які памірае дзеля збаўленьня ўсіх.
 
Вернікі на сьвяточнай Літургіі ў Менску.
Ярарх падкрэсьліў, што, падобна Багародзіцы, Грэка-Каталіцкая Царква таксама на працягу гісторыі ўвесь час чэрпае сілы, гледзячы на Хрыстовы Крыж. Гэтыя сілы патрэбныя для спаўненьня Божай волі, згодна якой Госпад жадае ад людзей імкненьня да еднасьці, міру і згоды.
 
Падчас сьвята грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі.
Пасьля сьвяточнай літургіі і малітвы перад іконай Маці Божай Нястомнай Дапамогі парафіянаў і гасьцей сьвята прывітаў сваімі сьпевамі каталіцкі гурт “Laudans”. Сьвяткаваньні завершыліся супольнай агапай на падворку парафіяльнага цэнтру на Сьнежным.
 
Больш фота з сьвята гл. тут: Рэдэмптарысты, Менск.
 
Сьпявае гурт “Laudans”.
Уладыка Клаўдзі з менскімі грэка-католікамі падчас брацкай агапы.
Гл. таксама:
19.11.2016
У грэка-католікаў Беларусі распачаўся Калядны пост
01.11.2013
Прадстаўнік Папы: сьвятло веры павінна прасьвятляць ўсё жыцьцё народу
26.10.2013
Апостальскі нунцый сустрэнецца з грэка-каталікамі ў Баранавічах
07.02.2013
Апостальскі нунцый: Папа цэніць існаваньне беларускіх грэка-католікаў
27.11.2012
Апостальскі нунцый у Берасьці сустрэўся з грэка-католікамі