Пошук
Архіў навін
25.06.2014
Быць Царквою – несьці Божае блаславеньне ўсім людзям
 
Быць людзьмі, якія нясуць блаславеньне ўсім народам зямлі — гэта, паводле Сьвятога Айца Францішка, адна з мэтаў існаваньня Царквы. Новы цыкл катэхезаў, прысьвечаны сутнасьці Царквы, распачаў 18 чэрвеня 2014 году Рымскі Архірэй падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы сьв. Пятра — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
 
Папа прызнаўся, што будзе дзяліцца сваімі разважаньнямі “як сын, які апавядае пра маці або пра ўласную сям’ю”. Гаворка ня ідзе ні пра структуру, сканцэнтраваную на сабе, ні пра прыватную асацыяцыю або пазаўрадавую арганізацыю, ні пра духавенства або Ватыкан. “Царква — гэта вельмі шырокая рэчаіснасьць, адкрытая для ўсяго чалавецтва. Яна не нараджаецца ў лабараторыі, выпадкова, з нічога. Царква была заснавана Ісусам, але зьяўляецца народам з доўгай гісторыяй за плячыма”, — заўважыў Рымскі Архірэй. Сьвяты Айцец падкрэсьліў, што будаваньне Царквы пачалося яшчэ задоўга да ўцелаўленьня Хрыста. Бог сам пачынае зьбіраць свой народ, каб стварыць з яго Царкву.
 
“Перадгісторыя” Царквы апавядаецца яшчэ на старонках Старога Запавету — у Кнізе Быцьця, калі Бог выбраў Абрагама, паклікаўшы яго пакінуць родную зямлю і ісьці ў кірунку новай зямлі, указанай Богам. “У гэтым пакліканьні Бог не зьвяртаўся да Абрагама асабіста, як да індывідуума, але з самаго пачатку ўключыў у гэта яго сям’ю, сваякоў і ўсіх, хто служыў у яго доме. (...) Бог пашырыў гарызонт і напоўніў Абрагама сваім блаславеньнем, абяцаючы яму столькі нашчадкаў, колькі зорак на небе і пясчынак на беразе мора. Першым важным фактам зьяўляецца тое, што, пачынаючы ад Абрагама, Бог фармаваў народ, каб той нёс Яго блаславеньне ўсім сем’ям зямлі. І сярод гэтага народу нарадзіўся Ісус”, — сказаў Папа.
 
Сьвяты Айцец заўважыў, што ня сам Абрагам зьбіраў народ вакол сябе — гэта рабіў Бог. Госпад узяў ініцыятыву і фармаваў народ з усіх тых, хто слухаў Яго слова і выходзіў на шлях, давяраючы Яму. Францішак адзначыў, што Абрагам і яго блізкія выйшлі ў падарожжа нават ня ведаючы, куды Бог жадае іх прысвесьці. Абрагам ня меў падручніка па тэалогіі, каб зразумець кім быў Бог, ён толькі давяраў Яму – давяраў з любові, адзначыў Сьвяты Айцец.
 
“Бог даў яму адчуць любоў і ён даверыўся. Гэта, аднак, не азначае, што народ быў заўсёды перакананым і верным. Не, нават ад самага пачатку існаваў супраціў, вяртаньне да саміх сябе і ўласных інтарэсаў, спакуса гандляваньня з Богам і вырашэньня справаў уласнымі сіламі. Гэтыя здрады і грахі пазначаюць шлях народу на працягу ўсёй гісторыі збаўленьня, якая зьяўляецца гісторыяй даверу Бога і нявернасьці народа. Бог, аднак, не стамляецца, Бог цярплівы, Ён мае шмат цярпеньня і ўвесь час не перастае выхоўваць і фармаваць свой народ, як бацька ўласнае дзіця. Бог крочыць з намі. Прарок Асія кажа: ішоў з табою і вучыўся хадзіць, як бацька вучыць малое дзіця. Гэта ёсьць цудоўны вобраз Бога. Таксама ёсьць і з намі. Бог вучыць нас хадзіць. І таксама ён робіць з Царквою”, — сказаў Папа Францішак.
 
Сьвяты Айцец адзначыў, што і сёньня Бог падтрымлівае Царкву, вернікаў, нягледзячы на іх грахі або заслугі. “Быць Царквой — гэта адчуваць сябе ў руках Бога, Які зьяўляецца Айцом і нас любіць, выказвае нам спагадлівасьць, чакае на нас, дазваляе нам зьведаць Яго пяшчоту. І гэта цудоўна!” — адзначыў Францішак.
 
Папа заклікаў прасіць Бога аб ласцы насьледаваньня Хрысту, каб мы маглі слухаць Яго слова, былі гатовыя штодзённа выходзіць, як Абрагам, у кірунку сапраўднай айчыны, і такім чынам станавіцца блаславеньнем — знакам любові Бога да ўсіх Яго дзяцей. “Мы хрысьціяне зьяўляемся людзьмі, якія бласлаўляюць, якія здольныя даць блаславеньне. Гэта цудоўнае пакліканьне”, — падкрэсьліў напрыканцы сваёй катэхезы Сьвяты Айцец.
Гл. таксама:
17.03.2018
5 гадоў з Папам Францішкам: статыстыка і адметнасьці пантыфікату
04.05.2017
Папа: праца дае моладзі магчымасьць марыць
24.06.2016
Папа адправіўся з візітам у першую хрысьціянскую краіну
10.12.2015
Рымскі Архірэй адчыніў Сьвятыя Дзьверы
10.12.2014
Еднасьць — гэта шлях, якім неабходна ісьці разам