Пошук
Навіны
26.06.2014
Зьверхнік УГКЦ праваслаўным расіянам: “Мы ня вашыя ворагі, мы вам браты ў Хрысьце”
 
Зьверхнік УГКЦ Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў Шаўчук заклікаў праваслаўных расіянаў да прымірэньня. Як паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, у інтэрв’ю для інфармацыйнага агенцтва AsiaNews грэка-каталіцкі ярарх таксама адзначыў важнасьць, каб РПЦ МП прызнала годнасьць украінскага народу і стала адкрытай на шчыры і сумленны дыялог, заснаваны на праўдзе.
 
“Ня верце прапагандзе! Мы ня вашыя ворагі, мы вам браты ў Хрысьце! Мы прагнем быць добрымі суседзямі, мець сяброўскія адносіны і шчыльнае супрацоўніцтва з вамі,” — такімі словамі зьвярнуўся Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) да расейскіх братоў-праваслаўных. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле інфармацыйнага агенцтва AsiaNews.it, які напісаны на падставе тэлефоннай размовы са Зьверхнікам УГКЦ.
 
“Мы шкадуем, што расейская дзяржаўная прапаганда стварае вобраз Украіны як ворага”, — дадаў ён у размове з AsiaNews. Уладыка Сьвятаслаў (Шаўчук) падкрэсьліў, што Ўкраінская Грэка-Каталіцкая Царква ня хоча рабіць нічога такога, што магло б “шкодзіць ці пазбаўляць годнасьці або свабоды Расейскай Праваслаўнай Царквы”. “Мы проста хочам адкрытага і сумленнага дыялогу, які ў выніку можа прывесьці аднойчы да прымірэньня”, — сказаў Першаярарх УГКЦ.
 
Грэка-каталіцкі ярарх сказаў, што шкадуе аб тым, што “нашыя браты і сёстры нападаюць на УГКЦ з дапамогай тактыкі дзяржаўнай прапаганды, а не праз адпаведнае царкоўнае паведамленьне”.
 
Пры гэтым ён адзначыў, што кантакты з Украінскай Праваслаўнай Царквой Маскоўскага Патрыярхату сёньня выдатныя. Таксама Ўладыка Сьвятаслаў Шаўчук заўважыў, што ва Ўкраіне ўсе хрысьціянскія Цэрквы, а таксама габрэі і мусульмане заўсёды былі згодныя па кожнай пазіцыі адносна цяперашняга крызісу, і наогул “няма абсалютна ніякай напружанасьці паміж рознымі канфесіямі ва Ўкраіне”.
 
Напрыканцы размовы Зьверхнік УГКЦ сказаў, што “Масква можа тлумачыць сацыяльныя падзеі ва Ўкраіне па-свойму, але мы, хрысьціяне, павінны заўсёды гаварыць праўду”. Ярархам Расейскай Праваслаўнай Царквы трэба “пазбавіцца ад палітычнай ідэалогіі”. “Пакуль яны не прызнаюць рэальнасьць, заўсёды будзе напружанасьць, — адзначыў Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук. — Але я веру ў духоўную мудрасьць праваслаўных біскупаў, што яны здолеюць вызваліцца ад палітычнай ідэалогіі, бо калі Царква застанецца палітызаванай, яна заўсёды будзе ўцягнутая, каб рознымі спосабамі рабіць палітыку і ў розных краінах, у той час як Царква павінна спрыяць еднасьці, а не падзелам”.
Гл. таксама:
18.12.2018
Сьвяты Пасад захоўвае кантакты з усімі бакамі канфлікту ў праваслаўі
08.10.2018
Зьверхнік УГКЦ: «Экуменізм трэба забраць з рук дыпламатаў»
24.04.2018
У Беларускай Праваслаўнай Царкве ня бачаць падставаў для актывізацыі пытаньня аб наданьні аўтакефаліі
16.12.2015
Новая грэка-каталіцкая япархія створана ва Ўкраіне
26.06.2014
Зьверхнік УГКЦ распавёў Сьвятому Айцу пра “боль ўкраінскага народу”