Пошук
Архіў навін
29.06.2014
У Бэтлееме грэка-католікі маліліся за хрысьціянаў Беларусі
 
У месцы нараджэньня Ісуса Хрыста — Бэтлееме, дзе жыве адна з найстарэйшых хрысьціянскіх супольнасьцяў у сьвеце, у царкве Найсьвяцейшай Багародзіцы, якая належыць мельхіцкім грэка-католікам, 22 чэрвеня 2014 году падчас нядзельнай сьв. Літургіі маліліся за хрысьціянаў Беларусі.
 
Царква мельхіцкіх грэка-католікаў у Бэтлееме.
Боскую Літургію ўзначалілі парах мельхіцкай парафіі (мельхітамі на Блізкім Усходзе называюць мясцовых грэка-католікаў) эканом-протаярэй Абуна Якуб Абу Сада (Abouna Yacoub Abou Sada) і Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек. Гэтая малітва адбылася падчас пілігрымкі на Сьвятую Зямлю вялікай групы беларускіх католікаў, у складзе якой былі і беларускія грэка-каталіцкія сьвятары а. Андрэй Буйніч і ераманах Пахом (Кавалёў).
 
Як адзначае сайт Svjazep.org, у малітве ўдзельнічала група мясцовых арабскіх хрысьціянаў — мельхіцкіх грэка-католікаў ды праваслаўных, паміж якімі ў Сьвятой Зямлі склаліся добрыя адносіны, а таксама пілігрымы з Швайцарыі, якіх суправаджаў а. праф. Людавік Набель з Багаслоўскага факультэту ў Фрыбургу, ды французскія манахіні з Супольнасьці Малых Сёстраў Ісуса.
 
Літургічным сьпевам на арабскай мове кіраваў д-р Чарлі Абу Сада, які добра ведае Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву, ды які шмат гадоў заангажаваны ў працэс прымірэньня паміж хрысьціянамі розных канфесіяў.
 
Пасьля Літургіі, за кубкам арабскай кавы паміж удзельнікамі малітвы ішла размова пра ўдзел хрысьціянаў, габрэяў і мусульманаў у малітве і справе міру ў Сьвятой Зямлі.
 
Душпастыр мельхіцкіх грэка-католікаў у Бэтлееме а. Абуна Якуб Абу Сада.
Размова праходзіла ў грэка-каталіцкім парафіяльным цэнтры, недалёка ад плошчы ля Базылікі Нараджэньня Хрыстова, дзе месяц таму, 24 траўня 2014 году, служыў Сьвятую Імшу Яго Сьвятасьць Папа Францішак, заклікаючы мясцовых хрысьціянаў будаваць адносіны братэрства, прабачэньня і прымірэньня. Мельхіцкі душпастыр з Бэтлеему а. Абуна Якуб Абу Сада на той папскай сьв. Імшы сьпяваў урывак з Евангельля.
 
На разьвітаньне а. Абуна Якуб папрасіў усіх удзельнікаў аб малітве за мір у Сьвятой Зямлі, за хрысьціянаў Бэтлеему, а Апостальскаму Візітатару БГКЦ Архімандрыту Сяргею (Гаеку) перадаў пажаданьні плённага супольнага сьведчаньня Евангельля для ўсіх хрысьціянаў Беларусі.
Гл. таксама:
25.05.2018
Апостальскі нунцый: праз некалькі месяцаў мы зможам убачыць канкрэтныя крокі па ўпарадкаваньні жыцьця грэка-каталіцкай супольнасьці
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
10.02.2016
Споведзь пілігрыма
04.12.2013
Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў у Рым
06.02.2012
Нунцый да грэка-католікаў: многае залежыць і ад вас