Пошук
Архіў навін
04.07.2014
Сьвята грэка-католікаў Берасьця — пад апекай Маці Божай Берасьцейскай
 
Патранальнае сьвята ў гонар сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя — апекуноў хрысьціянскага Захаду і Ўсходу — адзначыла 28 чэрвеня 2014 году грэка-каталіцкая парафія ў Берасьці. Свае сьвяткаваньні грэка-католікі спалучылі з ушанаваньнем цудатворнай іконы Маці Божай Берасьцейскай і малітвай за мір паміж краінамі-суседзямі Беларусі.
 
Сьвяточная Літургія ў грэка-каталіцкай парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці.
Урачыстасьці распачаліся ў душпастырскім цэнтры грэка-католікаў Берасьця сьв. Літургіяй, якую ўзначаліў дэкан Заходняга дэканату БГКЦ а. Андрэй Абламейка з Менску. З ім саслужылі мясцовы парах а. Ігар Кандрацьеў, а таксама віцэ-дэкан а. Андрэй Крот з Горадні і дыякан Віталь Быстроў з Івацэвічаў, якія зьвязаныя сваёй хрысьціянскай фармацыяй з парафіяй сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці. Казаньне ў дзень парафіяльнага сьвята прамовіў а. Андрэй Крот.
 
Грэка-каталіцкія сьвятары падчас сьвяточнага набажэнства ў берасьцейскай парафіі.
Сьвятыя апекуны грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці — родныя браты-апосталы Пятро і Андрэй. Яны зьяўляюцца сёньня сымбалем еднасьці Царквы і прыкладам брацкай любові паміж хрысьціянамі розных традыцыяў. Уласна гэтаму — патрэбе еднасьці і любові — былі прысьвечаныя чытаньні з Сьвятога Пісьма ў дзень сьвята парафіі.
 
Тэме любові прысьвяціў сваё казаньне і а. Андрэй Крот. Ён адзначыў, што пра любоў мы часта і вельмі шмат чуем вакол сябе, ды толькі нярэдка разумеем яе зусім па-рознаму, паводле ўласных уяўленьняў. Думаючы нібыта пра любоў, сёньня некаторыя насамрэч зацята змагаюцца за нейкія свае дзівацтвы.
Казаньне прамаўляе а. Андрэй Крот з Горадні.
Паняцьце “любоў” ёсьць ва ўсіх рэлігіях. Але толькі хрысьціянства дае ўзор сапраўднай, дасканалай любові, падкрэсьліў сьвятар, бо сама любоў пакладзена ў аснову нашай веры, якая, у адрозьненьне ад іншых рэлігіяў, ня зводзіцца толькі да боязі Бога. Менавіта ў Сьвятым Пісаньні мы бачым прыклад сапраўднай любові, якая выяўляецца не ў прыгожых словах, а ў канкрэтных учынках. Сам Бог так палюбіў нас, што паслаў нам Свайго Сына, Які нават памірае за нас. “Як нам адказаць на Божую любоў, — задаў пытаньне сьвятар, — калі бачым вакол столькі няшчырасьці, крыўдаў, абгавораў і іншага? Як палюбіць такіх людзей, якія робяць для нас кепскае?” Гэта цяжка, але магчыма. Айцец Андрэй Крот прапанаваў шукаць адказ у Сьвятым Пісаньні.
 
“Бог нас любіць без усялякіх ўмоваў”, — падкрэсьліў прапаведнік. Любоў — гэта тое, што адрозьнівае нас ад жывёлаў, бо дазваляе ўбачыць канкрэтнага чалавека як Божае стварэньне, які ён ёсьць унікальны, цудоўны, прыгожы і незвычайны — такі, які ён ёсьць на самай справе. Яго проста трэба “адмыць” і сагрэць любоўю, як малое мурзатае кацяня, прынесенае з вуліцы. Дзякуючы любові — такой, якую паказаў нам Ісус, мы можам убачыць гэтага сапраўднага чалавека ў кожным. Важна адкрыць для сябе прыгажосьць кожнай асобы, адзначыў а. Андрэй Крот. Для гэтага трэба найперш паспрбаваць памаліцца за чалавека, якога за пэўныя ўчынкі называем дрэнным, нявартым нашай павагі.
Каб палюбіць бліжняга, яго трэба “адмыць” і сагрэць любоўю, як малое мурзатае кацяня, прынесенае з вуліцы.
Можа, ён і хацеў зрабіць як найлепей, а атрымалася — як звычайна, ня вяльмі... Магчыма, гэты чалавек і сапраўды кепскі. Але ён тым больш патрабуе малітваў, каб Бог дапамог яму зьмяніцца.
 
Каб палюбіць кагосьці, часам мы павінны проста нечым ахвяраваць для бліжняга. Магчыма, ён мае патрэбу ў дапамозе ў канкрэтнай справе, у духоўнай падтрымцы і нават проста патрабуе ўвагі, каб яго выслухалі, і мы мусім ахвяраваць на яго свой час. Але цяжэй рабіць дабро таму, хто не заўсёды нам мілы і прыемны. “І ўсё ж, мы павінны быць адкрытыя і для тых, хто зрабіў нам нешта нядобрае. Можа, менавіта так мы да яго “дастукаемся”, дапаможам зьмяніцца”, — сказаў сьвятар. — Гэтаму мы павінны вучыцца ў Бога, Які любіць і не перастае стукацца ў нашыя сэрцы”.
 
Напрыканцы прапаведнік узгадаў таксама прыклад любові, які далі сьвету браты-апосталы Пятро і Андрэй. Яны доўгі час пражылі разам, але, пэўна, і паміж імі не заўсёды ўсё было добра - заўважыў сьвятар. Але яны заўжды глядзелі на Госпада, бралі ад Яго ўзор любові і несьлі яе ў сьвет іншым. Дзяліцца любоўю і імкнуцца да еднасьці — гэта пакліканьне ўсіх нас, хрысьціянаў.
 
Малітва ля іконы сьвятых апекуноў грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці — родных братоў-апосталаў Пятра і Андрэя.
Пасьля сьв. Літургіі і кароткага музычнага віншаваньня, падрыхтаванага шматдзетнай сям’ёй Гаўрутаў, вернікаў і гасьцей сьвята (з Горадні, Івацэвічаў, Баранавічаў і Менску) чакаў традыцыйны смачны братэрскі пачастунак (агапа) і сяброўскія размовы.
 
На гэтым сьвяткаваньне ў берасьцейскіх грэка-католікаў ня скончылася. Вернікі і госьці разам з сьвятарамі накіраваліся ў касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа, дзе захоўваецца цудатворная ікона Маці Божай Берасьцейскай, Маці Выратавальніцы, што зьяўляецца каштоўнай ацалелай памяткай з сярэднявечнага Берасьця. Праз стагоддзі, часы ліхалецьцяў і ганеньняў на Царкву, яна сьведчыць пра няспыннае дзеяньне ласкі Божай, у тым ліку і ў cучаснасьці. Менавіта ў гэты дзень, 28 чэрвеня, у апошнюю суботу чэрвеня, ўшаноўваецца гэтая цудатворная ікона, якую ўніяцкі біскуп Іпаці Пацей прывёз з Рыму пасьля падпісаньня Берасьцейскай царкоўнай Уніі 1596 году.
 
Мясцовыя рыма-католікі ў дзень Маці Божай Берасьцейскай таксама мелі сваю вялікую праграму ўрачыстасьцяў, на якую сьпецыяльна прыехалі біскупы Пінскай дыяцэзіі Антон Дзям’янка і Казімір Вялікаселец. У гэты дзень у Берасьці група маладых людзей прымала мірапамазаньне, а каталіцкая моладзь першай у Беларусі сустракала з Польшчы сымбалі Сусьветнага дня моладзі — крыж і абраз Маці Божай “Выратаваньне рымскага народу” (Salus Populi Romani). Таксама ў гэты дзень урачыста ўзгадвалі кардынала Казіміра Сьвёнтака ў 100-гадовы юбілей гэтага душпастыра і мужнага сьведкі веры. Ён быў шчырым шанавальнікам Маці Божай Берасьцейскай і ўласна дзякуючы яго намаганьням гэты цудатворны абраз Багародзіцы быў каранаваны залатымі папскімі каронамі ўпершыню ў незалежнай Беларусі 30 чэрвеня 1996 году. 30-годдзе свайго сьвятарскага служэньня адзначаў у гэты дзень і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Вялікаселец, узгадваючы гады свайго душпастырства ў Берасьці.
 
Акафіст у касьцёле ля цудатворнай іконы Маці Божай Берасьцейскай — Выратавальніцы.
А гадз. 17.30 грэка-каталіцкія сьвятары, да якіх далучыўся ераманах-рэдэмптарыст Антон (Нікалаеў), які паходзіць з берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі, разам з сваімі вернікамі і шматлікімі рыма-католікамі ўрачыста прасьпявалі Акафіст перад цудатворнай іконай Маці Божай Берасьцейскай.
 
Трэба адзначыць, на ўрачыстасьці ў касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа прыйшлі консулы Ўкраіны і Расеі, а таксама прадстаўніца консульства Польшчы. Перад малітвай Акафісту іх вітаў парах берасьцейскіх грэка-католікаў а. Ігар Кандрацьеў, які адзначыў як добры знак, што ўкраінскі і расейскі консулы, нягледзячы на складаныя і напружаныя цяперашнія ўзаемаадносіны паміж іх краінамі, сядзелі побач, і гэта шчыра прывіталі апладысментамі ўсе сабраныя ў храме вернікі. Сьвятар заклікаў усіх прасіць у малітве перад цудатворнай іконай Маці Божай Берасьцейскай за ўсталяваньне міру і спакою паміж нашымі краінамі-суседзямі.
 
Пасьля акафісту Багародзіцы адразу была адслужана ўрачыстая сьв. Імша, падчас якой Еўхарыстыю разам з рыма-каталіцкімі біскупамі і сьвятарамі саслужылі і грэка-каталіцкія сьвятары. Набажэнства завершылася працэсіяй вакол храму.
 
Увечары моладзь Пінскай дыяцэзіі на памежным пераходзе “Варшаўскі мост” у Берасьці пераняла ад маладых польскіх католікаў адмысловыя крыж і абраз Маці Божай — сымбалі Сусьветнага дня моладзі, якія былі дастаўленыя і ўрачыста ўнесеныя ў касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа. Перад імі распачалося начное чуваньня моладзі, якое скончылася на сьвітаньні. Затым памятны крыж і абраз Багародзіцы з маладымі вернікамі адправіліся ў падарожжа па каталіцкіх парафіях нашай краіны.
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
03.03.2016
Беларускія грэка-католікі пра сумесную Дэкларацыю Папы і Патрыярха
29.06.2014
У Бэтлееме грэка-католікі маліліся за хрысьціянаў Беларусі
27.11.2012
Апостальскі нунцый у Берасьці сустрэўся з грэка-католікамі
04.07.2012
Сьвята Еднасьці пад апекай Маці Божай Берасьцейскай