Пошук
Архіў навін
06.07.2014
У Хайфе ўшанавалі памяць блаславёнага Мікалая (Чарнецкага)
 
29 чэрвеня 2014 году ў галілейскім горадзе Хайфа (Ізраіль), падчас нядзельнай Боскай Літургіі ў грэка-каталіцкім храме “Дом Ласкі”, якую ўзначальваў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек), вернікі ўшанавалі памяць блаславёнага сьвятамучаніка Мікалая (Чарнецкага).
 
Уладыка Мікалай Чарнецкі, CSsR
Сёлета ўкраінскія і беларускія грэка-католікі, а таксама манахі-рэдэмптарысты асабліва ўзгадваюць у сваіх малітвах сьвятамучаніка Мікалая (Чарнецкага), Апостальскага Візітатара ўніятаў у Заходняй Беларусі, Валыні і Падляшшы, царкоўны ўспамін якога адзначаецца 27 чэрвеня. У 2014 годзе спаўняецца 130 гадоў з дня яго нараджэньня і 55 гадоў сьмерці.
 
Блаславёны сьвятамучанік Мікалай (Чарнецкі) сёньня зьяўляецца асаблівым нябесным апекуном вернікаў, якія жывуць на тэрыторыях ягонага архіпастырскага служэньня, а таксама і далёка ў дыяспары.
 
Архімандрыт Сяргей, знаходзячыся 28-29 чэрвеня ў Галілеі ў рамках агульнабеларускай пілігрымкі на Сьвятую Зямлю, прыняў запрашэньне мясцовага душпастыра а. Рыгора, які з блаславеньня Апостальскага адміністратара Мельхіцкай грэка-каталіцкай япархіі Галілеі духоўна апякуецца ўкраінскімі вернікамі Хайфы. Для прысутных украінскіх грэка-католікаў Хайфы добра вядомая постаць блаславёнага Мікалая і месца яго пахаваньня ў Львове, куды прыходзяць памаліцца многія вернікі.
 
Грэка-каталіцкі храм у Хайфе.
Як паведамляе сайт Svjazep.org, зьвяртаючыся да грэка-католікаў Хайфы, Апостальскі Візітатар БГКЦ сказаў: “Я меў магчымасьць маліцца ў гэтым мельхіцкім храме 30 гадоў таму, калі ствараўся гэты цэнтар сацыяльнага служэньня “Дом Ласкі”. Сёньня ён адноўлены і зьяўляецца духоўным міжнародным цэнтрам, цэнтрам сапраўды каталіцкім. Дзякую Госпаду, што магу маліцца тут з вернікамі з Украіны, Польшчы, Гішпаніі, Нямеччыны, Швайцарыі – у поўнай еднасьці з нашымі арабскімі братамі з Мельхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы. Постаць сьвятамучаніка Мікалая заахвочвае ўсіх нас да вернасьці Хрысту ў складаных умовах жыцьця, а ягоныя малітвы суправаджаюць нас у служэньні бліжнім”.
 
Улічваючы сьведчаньне праведнага жыцьця Ўладыкі Мікалая Чарнецкага), яго вытрываласьць, мужнасьць і вернасьць Хрыстовай Царкве, выяўленыя ў часы перасьледу, 27 чэрвеня 2001 году ў Львове Папа – сьвяты Ян Павел II - абвясьціў сьвятамучаніка Мікалая (Чарнецкага) блаславёным.
Гл. таксама:
22.12.2016
Апостальскі Візітатар БГКЦ павіншаваў вернікаў з сьвятам Раства Хрыстова
21.09.2014
Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча
04.12.2013
Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў у Рым
06.02.2012
Нунцый да грэка-католікаў: многае залежыць і ад вас
07.01.2012
Свабода ня можа быць без духоўнасьці