Пошук
Архіў навін
10.07.2014
Папа — ахвярам сэксуальнага злоўжываньня духавенства: “Прашу прабачэньня і плачу разам з вамі”
 
7 ліпеня 2014 году, у капліцы ватыканскай рэзідэнцыі “Дом сьвятой Марты”, Папа Францішак адслужыў Сьвятую Імшу разам з шасьцю асобамі з Вялікабрытаніі, Ірландыі і Германіі, якія ў свой час пацярпелі ад сэксуальных дамаганьняў з боку прадстаўнікоў духавенства.
 
Яны прыбылі ў Ватыкан напярэдадні і Сьвяты Айцец павітаўся з імі на вячэры ў “Доме сьвятой Марты”. Таксама, пасьля ранішняй сьвятой Імшы і сьняданку, Папа правёў з кожным з пацярпелых ад сэксуальных дамаганьняў асобныя прыватныя размовы.
 
“Прашу прабачэньня і плачу разам з вамі”, — у гэтых словах Папы, сказаных падчас гаміліі, зьмяшчаецца ўвесь зьмест гэтай кранальнай сустрэчы Сьвятога Айца з асобамі, якія ў дзяцінстве сталі ахвярамі сэксуальнага злоўжываньня духавенства. На пачатку сваіх разважаньняў Папа Францішак узгадаў евангельскую падзею, калі сьвяты Пётра, які тройчы адрокся Хрыста, сустрэўся поглядам з Ісусам, калі Яго выводзілі з допыту, і “горка заплакаў”. Паводле словаў прапаведніка, сёньня Царква глядзіць у Ісусавы вочы ў вачах ахвяраў злоўжываньняў, “просячы ласкі сьлёзаў”. Яна таксама плача праз сваіх сыноў, што “здрадзілі сваю місію” ды пасягнулі на нявінных.
 
Папа выказаў шчырае шкадаваньне “што некаторыя сьвятары і біскупы парушылі нявіннасьць непаўналетніх і сваё сьвятарскае пакліканьне праз сэксуальныя дамаганьні”. Гэтыя ўчынкі, заявіў ён, выклікаюць глыбокі сорам. Сьвяты Айцец адзначыў, што такога роду дзеяньні нанесьлі глыбокія раны, спрычыніліся да вялікіх эмацыйных і духоўных пакутаў ахвяраў, і нават адчаю.
Папа Францішак падчас сьв. Імшы з ахвярамі сэксуальных дамаганьняў. Ватыкан, 7 ліпеня 2014 г.
Многія з іх дагэтуль сутыкаюцца з праблемамі ў сямейных адносінах, а некаторыя зьдзейсьнілі замах на сваё жыцьцё. “Сьмерць гэтых умілаваных дзяцей Божых ляжыць цяжарам на маім сэрцы. Іх сем’ям я перадаю сваё найглыбейшае спачуваньне і любоў”, — сказаў Папа. Паводле яго словаў, гэтыя грахі супраць непаўналетніх, учыненыя прадстаўнікамі духавенства, “маюць разбуральныя наступствы для веры і надзеі на Бога”.
 
З пачуцьцём болю перад Богам і Яго народам Папа Францішак папрасіў у ахвяраў сэксуальных злоўжываньняў прабачэньня за зьведаныя імі пакуты і цярпеньні. “Прашу прабачэньня, — дадаў ён, — таксама і за грахі занядбаньня з боку кіраўнікоў Царквы, якія неналежна паставіліся да паведамленьняў пра злоўжываньні, якія дасылаліся сваякамі або тымі, хто пацярпеў”. Гэта, паводле словаў Сьвятога Айца, “дадало цярпеньняў” ахвярам і “сталася небясьпекай” для іншых дзяцей.
 
У гэтым кантэксьце Рымскі Архірэй асабліва падкрэсьліў: “У служэньні Царквы няма месца для тых, хто зьдзяйсьняе сэксуальныя злоўжываньні. Я абавязуюся, што ў любым выпадку не пацярплю шкоды, нанесенай кімсьці асобе непаўналетняй, незалежна ад яго духоўнага статусу. Усе біскупы павінны выконваць сваё пастырскае служэньне з найвялікшай стараннасьцю, каб забясьпечыць абарону непаўналетніх і ўсьведамляць гэтую фундаментальную адказнасьць”. “Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб гарантаваць, што гэтыя грахі ў Царкве ніколі не паўторацца”, — сказаў Сьвяты Айцец.
 
Зьвяртаючыся да ахвяраў сэксуальных дамаганьняў, Папа Францішак сказаў: “Вы, і ўсе, хто спазнаў злоўжываньні з боку прадстаўнікоў духавенства, любыя Богу. Малюся за тое, каб усё, што засталося з той цемры, якая вас дакранулася, было вылекавана абдымкамі Дзіцятка Ісуса, і каб на месца нанесенай вам шкоды ўвайшла вера і абноўленая радасьць”. Рымскі Архірэй падзякаваў за гэтую сустрэчу і папрасіў маліцца за яго, у прыватнасьці за тое, каб мог зрабіць усё магчымае для таго, каб “не дазволіць ніводнаму ваўку залезьці ў давераны яму статак”.
 
Кіраўнік Залы друку Сьвятога Пасаду кс. Фэдэрыка Ламбардзі падчас сустрэчы з журналістамі, каментуючы сустрэчу Папы Францішка з ахвярамі сэксуальных злоўжываньняў духавенства, адзначыў, што яна была вельмі кранальнай. Малітва з Сьвятым Айцом на сьв. Імшы і асабістыя сустрэчы з Папам Францішкам зрабілі на іх глыбокае ўражаньне, паведаміў кс. Ламбардзі.
 
Кардынал Шон О’Мэльлі падчас прэс-канферэнцыі для журналістаў.
Ён таксама паведаміў пра пасяджэньне 6 ліпеня 2014 году Папскай камісіі па абароне непаўналетніх пад старшынствам кардынала Шона О’Мэльлі з Бостану. Ярарх адзначыў, што гэты орган зноў зьбярэцца ў кастрычніку ў Ватыкане. Падчас цяперашняга пасяджэньня былі прапанаваныя кандыдатуры эксьпертаў з розных кантынентаў. Яны будуць прадстаўленыя Сьвятому Айцу. Гаворка ішла таксама пра статуты Камісіі і пра неабходнасьць стварэньня штаб-кватэры і працоўных групаў, якія змогуць значна паскорыць працу гэтай важнай камісіі.
 
Паводле матэрыялаў украінскай і беларускай рэдакцыяў Радыё Ватыкану.
Гл. таксама:
10.12.2015
Рымскі Архірэй адчыніў Сьвятыя Дзьверы
07.12.2015
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
26.11.2015
Кніга пра ўніяцкіх сьвятароў Беларусі перададзеная Рымскаму Архірэю
25.10.2013
Навучаньне Папы Францішка: чаму Царква зьяўляецца апостальскай
23.10.2013
Папа: хто ня моліцца, той ператварае веру ў ідэалогію