Пошук
Архіў навін
03.09.2014
Прадстаўнік Папы пра біскупа Сіповіча: “Ён ня мог прадаць праўду, праўду, якая вызваляе”
 
31 жніўня 2014 году ў парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ў Друі адбыліся ўрачыстасьці з нагоды 100-ых угодкаў з дня нараджэньня выхаванца Друйскага кляштару айцоў-марыянаў грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча. Падчас сьвяткаваньняў Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці выступіў з беларускамоўнай гаміліяй, якая выклікала вялікую цікавасьць у тым ліку і ў беларускіх сьвецкіх СМІ, многія з якіх прыводзілі цытаты з яе. Прапануем поўны тэкст гэтай гаміліі прадстаўніка Папы ў Беларусі.
 
Апостальскі нунцый архібіскуп Клаўдыё Гуджароцьці на ўрачыстасьцях у Друі.
Ваша Эксцэленцыя мансіньёр Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі, Ваша Эксцэленцыя мансіньёр Мілан Лях, дапаможны біскуп Прэшаўскі, які прыехаў сюды, каб ушанаваць гэтую супольнасьць, дастойны айцец архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, шаноўныя сьвятары і законьнікі, дарагія айцы марыяне, шаноўныя законьніцы, дарагія браты і сёстры!
 
Я вельмі ўзрушаны запрашэньнем узначаліць гэтую Еўхарыстыю ў гэтым асаблівым месцы, ушаноўваючы памяць аднаго з нашых айцоў у веры — біскупа Чэслава Сіповіча.
 
Дазвольце на пачатку зьвярнуцца да Божага слова, якое прагучала ў сёньняшняй літургіі.
 
Прарок Ерамія хацеў бы ўцячы ад свайго лёсу, ад пакліканьня абвяшчаць невыгодную і непапулярную праўду. Для яго было пакутай тое, што Бог не дазваляў яму ўцячы, таксама як і не дазваляў пракламаваць прыемныя пастулаты, каб зьбіраць воплескі людзей, у першую чаргу воплескі моцных гэтага сьвету. Але ў імя вернасьці Богу прарок ня мог паступіць інакш.
 
Таксама Апостал Павел часта скардзіцца на тое, што ён нявольнік Бога ў ланцугах, дзеля Евангельля, каб яно магло прынесьці іншым свабоду! Таксама і ён пакутаваў аж да сьмерці, пакідаючы свой запавет: ”Не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленьне розуму вашага, каб вы пазналі, якая воля Божая”.
 
Кожнаму з нас здараецца заняць пазіцыю Апостала Пятра, які дакараў Езуса, калі той прадказваў сваю муку. Апосталу вельмі хацелася, каб Настаўнік пашкадаваў сябе, каб не пакутаваў Той, хто ёсьць абліччам міласэрнага Айца.
 
Хрыстус адхіляе такое спачуваньне і нагадвае пра тое, што калі чалавек не бярэ крыж свой і не ідзе сьледам за Ім, нават цаной пакутаў, ніколі ня знойдзе сэнсу свайго жыцьця.
 
Складана прыняць такую пазіцыю, асабліва ў сьвеце, які імкнецца да заспакаеньня прагненьняў, да задавальненьняў мімалётных, павярхоўных і прамінаючых.
 
Атаясамляючы гэтыя задавальненьні са шчасьцем, сьвет губляе здольнасьць адчуваць глыбіню рэчаіснасьці, жывучы ў перакананьні, што дастаткова атрымліваць асалоду, быць спакойным, нават калі ўсё навокал ахоплена агнём альбо калі сьмерць зьбірае багатае жніво. Нават тады не павінна ўпасьці ніводная сляза, бо яна сапсуе грым на твары.
 
Праўда і вернасьць не даюцца танна. Бог заплаціў за яе сьмерцю свайго Сына, вінаватага толькі ў тым, што палюбіў да канца, свабодна прапаведуючы Добрую Навіну.
 
Гэтыя разважаньні маюць асаблівую глыбіню тут, у Друі, дзе малады Чэслаў Сіповіч правёў радасныя і захапляльныя гады. Таксама тут, у яго законнай сям’і, для яго пачаўся крыжовы шлях.
 
Чэслаў Сіповіч не шукаў пакуты і мучаніцтва. Будучы чалавекам адукаваным і зацікаўленым праблемамі грамадзтва, ён ня быў прарокам сацыяльнага характару, ані дзеячам культуры. Ён быў чалавекам, які шукаў Бога ўсім сваім сэрцам і быў гатовы заплаціць высокую цану гэтых пошукаў.
 
Ён мог бы мець спакойнае законнае жыцьцё. Дастаткова было б прыняць перакананьні тых, хто настойліва навязваў яму чужую ідэнтычнасьць. Шмат пакутаў абмінулі б яго, і паводле сучаснага мысьленьня ён быў бы шчасьлівым.
 
Гэта было б мізэрнае, эгаістычнае і баязьлівае шчасьце, якое, у перакананьні Чэслава Сіповіча, не было годным Бога.
 
Было б дастаткова адрачыся ад сваёй беларускасьці, згадзіцца на тое, каб гэты народ быў бы яшчэ раз прыніжаны, як гэта было на працягу стагоддзяў: народ, які лічылі нікім і нічым, безыменнае стварэньне, невядомая зямля сярод вядомых краін, бязьлюдная тэрыторыя.
 
Калі б Чэслаў Сіповіч зрабіў гэты крок, задаволіў бы гэтым шмат каго, у першую чаргу магутных гэтага сьвету, якія лічылі сябе цывілізаванымі пратаганістамі навяртаньня ў чужую культуру, а ня ў веру.
 
Тое самае было і ў ягонай законнай супольнасьці: калі хто хацеў быць беларусам і не забыцца пра гэта, калі ня быў схільным адчуваць так, як іншыя, і гаварыць на чужой мове, тады месца для яго было толькі ў Харбіне, у Манчжурыі, у выгнаньні. Для цябе не было месца на сваёй зямлі, зямлі нічыйнай, “неіснуючай”.
 
Чэслаў Сіповіч не спакусіўся лёгкім шчасьцем і быў высланы, каб ніколі больш не ўбачыць сваю бацькаўшчыну, забытую зямлю.
 
Замест выгнаньня ў Манчжурыю ён паехаў на Захад, шукаць беларусаў, якіх вайна і перасьлед прымусілі эміграваць. Паехаў, каб клапаціцца пра беларусаў, якія існавалі, але ня мелі права заявіць пра сваё існаваньне.
 
Чэслава Сіповіча папрасілі пакінуць лацінскі абрад і прыняць візантыйскі. Ён, які не нарадзіўся грэка-католікам, стаў грэка-католікам у перакананьні, што так мог лепш служыць свайму народу.
 
Чэслаў Сіповіч быў пасланы ў Лондан і там пачаў шукаць месца, каб маліцца і жыць, дзе мог бы сабраць сваіх.
 
Потым, калі ён стаў біскупам (адзіным каталіцкім беларускім біскупам у тыя часы), прайшоў увесь сьвет, каб паказаць брацкі твар беларусам, каб дазволіць загучаць гукам мовы, мілай іх сэрцу, каб не дазволіць ім забыцца, што яны беларусы.
 
Гэта цяжкі крыж. Чэслава Сіповіча абвінавацілі ў шавінізме, нацыяналізме, фанатызме. Ён бачыў, як паволі зьмяншалася паства, бачыў, як паміралі браты, з якімі ён згадзіўся перажываць гэтую прыгоду. Бачыў таксама, што сьвет, а часта і Касьцёл, не разумелі добра ягоны народ.
 
Заўсёды складана вызначыць, дзе праходзіць мяжа паміж Евангельлем, гэта значыць паміж пачуцьцём прыналежнасьці да збаўленага народу, і так званым “нацыяналізмам”.
 
Неабходна мець трывалае распазнаваньне і сапраўдны аскетызм, каб нішто іншае не апярэдзіла пошукі Божага Валадарства, але таксама каб не прадаць за паўцаны Нябеснае Валадарства тым, хто прэтэндуе быць яго выключнымі тлумачальнікамі.
 
Будучы біскупам, Чэслаў Сіповіч згадзіўся быць Генеральным суперыёрам Ордэну марыянаў, сярод якіх было нямала тых, хто не згаджаўся з ім, у перакананьні, што супрацьстаяньне зьяўляецца адзіным спосабам захаваць каталіцкую ідэнтычнасьць.
 
Ён прыняў таксама і гэта, каб служыць усім.
 
Чэслаў Сіповіч з пашанай ставіўся да Праваслаўнай Царквы, таксама пазначанай падзеламі ў той час, якая не заўсёды адказвала ўзаемнасьцю. Але ён ведаў, што нельга ўцякаць ад крыжа.
 
Ён перанёс балючыя падзелы паміж самімі беларусамі, выкліканыя рознымі плынямі і ідэалогіямі, вытрымаў жорсткія напады асабістага характару.
 
Усё гэта было вельмі балючым для Чэслава Сіповіча, аднак жа менавіта гэта было цаной евангельскай свабоды.
 
Ён ніколі не лічыў сябе героем, лічыў сябе звычайным сьведкам веры. Ён ня мог прадаць праўду, праўду, якая вызваляе.
 
Сёньня тут, у Друі, у “беларускім” кляштары марыянаў, адным з санктуарыяў беларускай культуры, мы адчуваем прысутнасьць Чэслава Сіповіча ў таямніцы Бога. Мы выражаем яму глыбокую ўдзячнасьць за тое, што ён да канца нёс свой крыж.
 
Хто ведае, што адчувае ён, калі чуе сёньня малітвы на беларускай мове.
 
Сёньня ён прысутны на гэтай зямлі, дзе можна публічна маліцца, дзе будуюцца сьвятыні і паўстаюць кляштары, і дзе быць беларускім католікам не зьяўляецца больш супярэчнасьцю, прынамсі для большасьці.
 
Спадзяемся, што біскуп Сіповіч даруе моўныя памылкі прадстаўніку Папы ў Беларусі, які намагаецца сёньня гаварыць пра яго на ягонай жа мове. Гэта выраз таго, што ўвесь Касьцёл паважае і шануе гэтую мову і гэты народ і просіць прабачэньня за тое, калі не заўсёды рабіў гэта так, як павінен.
 
Біскуп Чэслаў з Ордэну айцоў марыянаў няхай выпрасіць у Дзевы Марыі адвагу і мудрасьць у абароне права кожнага народа прымаць Божае Слова — Пана Езуса Хрыста —- уцелаўлёнае ў канкрэтнай мове і культуры, паважаючы кожны народ, які ёсьць часткай адзінага Народу Божага, адкупленага крывёй Збаўцы, і ўдзельнікам Яго містычнага Цела. Амэн.
 
Паводле Catholic.by.
Гл. таксама:
14.03.2015
Кардынал Паралін: дыпламатыя Сьвятога Пасаду служыць шматлікім Абэлям, якіх працягваюць забіваць Каіны гэтага сьвету
02.09.2014
У Друі і Менску адбыліся ўрачыстасьці ў гонар 100-годдзя біскупа Чэслава Сіповіча
25.12.2013
Каляднае віншаваньне Апостальскага нунцыя ў Беларусі
25.10.2013
Апостальскі Нунцый сустрэўся з ксяндзом Уладзіславам Лазарам у сьледчым ізалятары КДБ
03.10.2013
Папа Францішак заклапочаны лёсам затрыманага ксянзда Лазара