Пошук
Архіў навін
11.09.2014
Кнігу выбраных твораў айца Аляксандра Надсана прэзентавалі ў Горадні
 
У душпастырскім цэнтры грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні 7 верасьня 2014 году адбылася першая ў Беларусі прэзентацыя кнігі выбраных твораў Апостальскага Візітатара для беларусаў-католікаў замежжа айца Аляксандра Надсана.
 
Укладальніца кнігі выбраных твораў а. Аляксандра Надсана Ірына Багдановіч на прэзентацыі ў Горадні.
Новая кніга духоўнага лідара беларусаў замежжа выйшла ў прэстыжнай кніжнай серыі “Беларускі кнігазбор”. Кніга на 600 старонак пабачыла сьвет напярэдадні 88-годдзя а. Аляксандра Надсана, якое ён адзначаў 8 жніўня 2014 году. Яе зьмест дае добрае ўяўленьне пра рэлігійную, культурна-гістарычную спадчыну сьвятара, які жыве і працуе ў Лондане.
 
У кнізе выбраных твораў сабраныя гістарычныя працы айца А. Надсана пра біскупа Чэслава Сіповіча і кляштар беларускіх марыянаў у Друі, пра Францішка Скарыну, пра кнігіню Магдалену Радзівіл і таямніцу яе брыльянтавага калье, артыкулы пра Скарынаўскую бібліятэку ў Лондане, якую ўзначальвае гэты выдатны беларускі сьвятар і дасьледчык, а таксама духоўныя пасланьні Апостальскага Візітатара для беларусаў-католікаў у замежжы, некаторыя яго літургічныя пераклады і інш.
 
На прэзентацыю кнігі а. Аляксандра Надсана прыйшлі ня толькі вернікі грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай, але і вядомыя гарадзенцы, сярод іх пісьменьніца і паэтка Данута Бічэль.
На прэзентацыі новай кнігі а. Аляксандра Надсана ў Горадні.
Прыехаў таксама асістэнт Аляксандра Надсана, грэка-каталіцкі сьвятар Сяргей Стасевіч з Лондану.
 
Перад удзельнікамі прэзентацыі ў Горадні выступіла ўкладальніца зборніка выбраных твораў а. Аляксандра Надсана Ірына Багдановіч.
 
У інтэрв’ю для “Радыё Рацыя” ўкладальніца тому Ірына Багдановіч адзначыла а. Аляксандра як выдатнага дасьледчыка: “Айцец Аляксандар, канешне, валодае дасканалымі ведамі. Усе яго працы на глыбокай фактурнасьці, дасьведчанасьці і ў той жа час ён валодае яшчэ бліскучым стылем падачы пісьма гэтага самога. Зачытваешся проста! Часам мастацкай прозай так не зачытваешся, як зачытваешся кнігамі айца Аляксандра. Проста ўкручваешся ў гэтую гісторыю, пра што ён расказвае, гэтыя постаці паказаны так яскрава, тая ж Магдалена Радзівіл”.
 
Сваімі ўражаньнямі пра а. Аляксандра Надсана і яго творчую спадчыну падзяліліся сьвятары а. Сяргей Стасевіч, а. Андрэй Крот, пісьменьніца Данута Бічэль. Прысутныя змаглі паглядзець таксама і відэа-зварот аўтара кнігі.

Фота: Якуб Сушчынскі, Радыё Рацыя.
Гл. таксама:
13.05.2017
Адраджэньне грэка-каталіцкай парафіі ў Горадні
17.04.2015
Пра айца Аляксандра Надсана: як працаваць з надзеяй у безнадзейны час
16.04.2015
Ён прынёс свабоду нашай Царкве ў Беларусі
21.09.2013
Сьвятар, які сьведчыць любоў да Бога і Бацькаўшчыны
08.08.2011
Айцец Аляксандар Надсан: Скарынаўская бібліятэка павінна зрабіцца беларускім аналагам Гётэ-інстытута