Пошук
Архіў навін
13.09.2014
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял
 
Сітуацыя, у якой знаходзяцца беларускія грэка-католікі, цяжкая, аднак у іх ёсьць вялікі духоўны патэнцыял — так лічыць дапаможны біскуп Прэшаўскай грэка-каталіцкай архіяпархіі ў Славакіі Ўладыка Мілан Лах, SJ. Пра ўражаньні гэтага ярарха пасьля візіту ў Беларусь з нагоды 100-гадовага юбілею беларускага грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча распавядае матэрыял з кароткім інтэрв’ю на афіцыйным сайце грэка-каталіцкага архібіскупства ў Прэшаве.
 
Госьця з Славакіі Ўладыку Мілана Лаха вітаюць у Друі дзеці і пробашч парафіі кс. Сяргей Сурыновіч і Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек.
Характарызуючы сітуацыю, у якой знаходзіцца сёньня Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі, Уладыка Мілан (Лах) адзначыў: “Сітуацыя беларускіх грэка-католікаў ёсьць цяжкай. Пасьля 1990 году яны пачыналі практычна з нуля. /.../ Ня маюць свайго біскупа, што я лічу вялікай шкодай, бо без яго цяжка дамаўляцца з уладай ці з іншымі інстытуцыямі. Ёсьць дзесяць жанатых сьвятароў, тры рэдэмптарысты і адзін студыт. З законьніцаў адна сястра-студытка. Храмаў няма, бо іх ня могуць пабудаваць. Боская літургія правяць у дамах, дзе маюць хатнія капліцы. Некаторыя бачылі жывога грэка-каталіцкага біскупа ў першы раз, калі я служыў архірэйскую Боскую літургію”.
 
Нягледзячы на такія складаныя ўмовы існаваньня для БГКЦ, славацкі грэка-каталіцкі біскуп атрымаў пасьля візіту ў Беларусь і станоўчыя ўражаньні: “Гэта ёсьць Царква, якая мае вялікі духоўны патэнцыял, бо іх папярэднікі пацярпелі, я бы сказаў, нават больш, чым у нас. Толькі адзін прыклад з адной парафіі: ў 1939 годзе, калі прыйшлі Саветы, арыштоўвалі, мучылі аж да сьмерці мясцовага грэка-каталіцкага сьвятара.
Дапаможны грэка-каталіцкі біскуп Прэшаўскай архіяпархіі Ўладыка Мілан Лах, SJ. (Фота Алены Шаліма).
У 1942 годзе прыйшлі нацысты, спалілі гэтую парафію, акрамя храму. У 1944 годзе прыйшла савецкая армія і спаліла і царкву. Такім чынам, за пяць гадоў не засталося ад парафіі анічога. (Уладыка Мілан меў на ўвазе трагічны лёс а. Баляслава Пачопкі і ўніяцкай парафіі ў Бабровічах. — Рэд. “Царквы”) Многа сьвятароў і сьвецкіх за вернасьць Каталіцкай Царкве пралілі сваю кроў, і гэта ня можа застацца без адказу”, — лічыць Уладыка Мілан Лах.
 
“У параўнаньні з Грэка-Каталіцкай Царквой у Беларусі мы ў Славакіі пачуваемся нашмат лепш”, — адзначыў грэка-каталіцкі біскуп з Прэшава. На думку Ўладыкі Мілана Лаха, гэта абавязвае славацкіх грэка-католікаў задумацца над актывізацыяй сваёй місійнай дзейнасьці, каб Царква расла колькасна.
 
Нагадаем, дапаможны біскуп Прэшаўскай грэка-каталіцкай архіяпархіі Ўладыка Мілан Лах знаходзіўся ў Беларусі з 27 жніўня па 1 верасьня 2014 году па запрашэньні Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея (Гаека). Нагодай для візіту славацкага біскупа-езуіта ў Беларусь было сьвяткаваньне 100-ых угодкаў з дня нараджэньня біскупа Чэслава Сіповіча. Уладыка Мілан падчас свайго знаходжаньня ў Беларусі прыняў удзел ва ўрачыстасьцях у Менску і Друі, а таксама правёў духоўныя рэкалекцыі для грэка-каталіцкага духавенства Беларусі, пазнаёміўшыся з умовамі жыцьця беларускіх грэка-католікаў у Пінску і Баранавічах.
 
Уладыка Мілан (Лах) узначальвае Архірэйскую літургію ў Менску.
30 жніўня Ўладыка Мілан (Лах) узначаліў Архірэйскую літургію ў памяць біскупа Чэслава Сіповіча ў капліцы грэка-каталіцкага душпастырскага цэнтру сьв. Язэпа ў Менску, якую ён саслужыў з Апостальскім Нунцыем у Беларусі архібіскупам Клаўдыё Гуджэроцьці і духавенствам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
У нядзелю, 31 жніўня, славацкі грэка-каталіцкі ярарх ушанаваў памяць першага беларускага грэка-каталіцкага біскупа ў XX стагоддзі, удзельніка II Ватыканскага сабору ў яго родных мясьцінах. (На афіцыйным сайце Прэшаўскага грэка-каталіцкага архібіскупства быў зьмешчаны жыцьцяпіс з фотаздымкам беларускага біскупа).
 
У вёсцы Дзедзінка Ўладыка Мілан асьвяціў новы помнік на магіле бацькоў біскупа Сіповіча, дзе ў гэты дзень таксама была закладзена капсула з зямлёй з яго магілы ў Лондане.
 
У мястэчку Друя, у касьцёле Сьвятой Тройцы, які да II Сусьветнай вайны належаў беларускім айцам-марыянам, у якіх атрымліваў духоўную фармацыю будучы беларускі біскуп,
Уладыка Мілан (Лах) з Апостальскім нунцыем у Беларусі архібіскупам Клаўдыё Гуджароцьці. (Фота Алены Шаліма).
славацкі ярарх удзельнічаў у малітве Акафісту Багародзіцы і саслужыў падчас урачыстай сьв. Імшы з удзелам Апостальскага Нунцыя архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці, рыма-каталіцкага біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, Апостальскага Візітатара БГКЦ архім. Сяргея (Гаека), шматлікага духавенства і вернікаў лацінскага і візантыйскага абрадаў. У друйскім касьцёле ён прысутнічаў на ўрачыстым адкрыцьці мемарыяльнай шыльды ў гонар біскупа-патрыёта Чэслава Сіповіча, а для гэтага храму Ўладыка Мілан (Лах) асьвяціў новую ікону сьв. Язэпа.
Гл. таксама:
10.10.2017
Першаярарх УГКЦ: будзьце пэўныя, мы будзем адстойваць вашыя патрэбы і вашыя правы
23.10.2016
У Менску разьвіталіся з Юрыем Хадыкам
11.09.2014
Грэка-каталіцкі сьвятар Сяргей Гаек: «Мова нашай Царквы — беларуская»
22.06.2014
Апостальскі Візітатар БГКЦ: дыялог ня можа адбывацца праз выключэньне аднаго з партнёраў
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў