Пошук
Архіў навін
19.09.2014
У Амане каталіцкія і праваслаўныя ярархі разважаюць пра сінадальнасьць і прымат
 
15-23 верасьня 2014 году ў сталіцы Ярданіі Амане праходзіць ХІІІ пленарная сесія Зьмешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнымі Царквой — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
 
Сярод удзельнікаў форуму праваслаўны Патрыярх Ерусаліму Тэафіл ІІІ, старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў кардынал Курт Кох, прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынал Леанарда Сандры, мітрапаліт Пергамскі Ян Зізіулас (Канстанцінопальскі Патрыярхат), старшыня Аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Іларыён Алфееў, а таксама прадстаўнікі праваслаўных аўтакефальных Цэркваў.
Удзельнікі каталіцка-праваслаўнага форуму ў Амане. (Фота з сайту Аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату.).
Праца камісіі ў Амане пройдзе пад старшынствам кардынала Курта Коха і мітрапаліта Пергамскага Яна Зізіуласа.
 
У цэнтры дыскусіі ўдзельнікаў мерапрыемства працоўны варыянт супольнага дакументу пад назвай “Сінадальнасьць і прымат”. Тэма была выбрана на заканчэньне ХІІ пленарнай сесіі Зьмешанай міжнароднай камісіі, якая праходзіла ў Вене, у 2010 годзе. Вывучэньне тэалагічнай і эклезіялагічнай сувязі паміж прыматам сьв. Пятра і сінадальнасьцю ў жыцьці Царквы на мясцовым, рэгіянальным і паўсюдным узроўнях павінна даць кропку апоры для далейшага разгляду краевугольнага пытаньня аб ролі Біскупа Рыму ў Паўсюднай Царкве. Падчас сустрэчы ў Амане яе ўдзельнікі абмяркуюць актуальнасьць папярэдніх напрацовак у кантэксьце актуальнай сітуацыі ў гэтым далікатным пытаньні і існаваньне неабходнасьці працягу далейшага разважаньня ў гэтай сферы.
 
Першы дзень сесіі, 16 верасьня, паводле працэдуры правядзеньня дыялогу, быў прысьвечаны асобнай сустрэчы ўсіх яго праваслаўных удзельнікаў (па 2 ад кожнай Царквы) для выпрацоўкі ўзгодненай пазіцыі па прапанаваным праекце дакумента “Сінадальнасьць і прымат”.
 
17 верасьня 2014 году ўдзельнікі Зьмешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнымі Цэрквамі зьдзейсьнілі сумесную паездку на месца Хросту Гасподняга на рацэ Ярдан, дзе папрасілі Божага блаславеньня на сваю працу. На гэтым сьвятым для ўсіх хрысьціянаў месцы ў цэнтры Ерусалімскага Патрыярхату іх вітаў Патрыярх Ерусалімскі і ўсёй Палестыны Тэафіл III, па запрашэньні якога гэтая пленарная сесія адбываецца ў Амане.
 
Знаходзячыся на Блізкім Усходзе, у Ярданіі, якая мяжуе з Іракам і Сірыяй, удзельнікі сустрэчы ня могуць не закрануць таксама трагічную сітуацыю, у якой знаходзяцца сёньня блізкаўсходнія хрысьціяне. У Іраку адбываецца генацыд хрысьціянскага насельніцтва, большасьць якога вымушана была пакінуць сваю краіну, а тых, што яшчэ засталіся, спрабуюць дабіць радыкальныя ісламісты. Ня меншыя ганеньні церпяць і хрысьціяне Сірыі на тэрыторыі, захопленай апазіцыйнымі ўладзе баевікамі, дзе часта выкрадаюць сьвятароў і манахаў. Да гэтага часу невядомы лёс выкрадзенага паўтара гады таму праваслаўнага мітрапаліта Алепскага Паўла (Антыяхійскі Патрырхат), які быў сябрам Зьмешанай камісіі па праваслаўна-каталіцкім дыялогу, і мітрапаліта Мар Рыгора Ібрагіма з сірыйска-якабіцкай Царквы, выкрадзенага разам з ім. Удзельнікі форуму ў Амане будуць мець магчымасьць памаліцца з мясцовымі хрысьціянскімі супольнасьцямі і выказаць блізкасьць усім пакутуючым ад узброеных канфліктаў у рэгіёне. З гэтай мэтай каталіцкія і праваслаўныя ярархі наведаюць адзін з лагераў для сірыйскіх бежанцаў.
 
Зьмешаная камісія па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнымі Цэрквамі была створана ў 1979 годзе як пляцоўка для абмеркаваньня багаслоўскіх пытаньняў, якія маюць значэньне для дзьвюх Цэркваў. Камісія, у якую ўваходзіць роўная колькасьць прадстаўнікоў ад памесных Праваслаўных Цэркваў і Рыма-Каталіцкай Царквы, пачала сваю працу ў 1980 годзе.
 
За час сваёй больш за 30-гадовай працы Зьмешаная камісія прыняла шэраг сумесных дакументаў: “Таямніца Царквы і Еўхарыстыі ў сьвятле таямніцы Сьвятой Тройцы”, “Вера, таемствы і еднасьць Царквы”, “Тайна сьвятарства ў таямнічай структуры Царквы”, якія выявілі шмат агульных момантаў у вучэньні дзьвюх Цэркваў пра таемствы. Асаблівае значэньне мае дакумент, падпісаны ў 1993 годзе ў Баламандзе (Ліван), “Уніяцтва як спосаб аб’яднаньня ў мінулым і пошукі поўнай еднасьці ў сучаснасьці”.
Гл. таксама:
30.09.2014
У Амане багасловы не змаглі выпрацаваць сумесны дакумент пра прымат
12.07.2014
Кампанія Ватыкану за мір і твіт Папы з нагоды завяршэньня Чэмпіянату сьвету па футболе
10.07.2014
Папа — ахвярам сэксуальнага злоўжываньня духавенства: “Прашу прабачэньня і плачу разам з вамі”
27.06.2014
Папа: быць хрысьціянінам — быць прыналежным да Царквы
01.02.2010
Вітаю Вас, паважная рэдакцыя газэты. Якія зараз адносіны паміж Беларускай Уніяцкай Царквой і Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой. Якія яны ёсьць, якія тэндэнцыі?