Пошук
Архіў навін
21.09.2014
Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча
 
20 гадоў споўнілася адноўленай грэка-каталіцкай парафіі сьвятога Язафата Кунцэвіча. З гэтай нагоды ў Лідзкай парафіі ягонага імя адбылося ўрачыстае набажэнства, у якім узяў удзел айцец Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі. Пасьля малітвы на сьвяце гучала сярэднявечная беларуская музыка, парафіяне танчылі і радаваліся. Рэпартаж з сайту Радыё Свабода.
 
Сьвяточная літургія ў лідзкай парафіі сьв. Язафата Кунцэвіча з нагоды яе 20-годдзя.
Парафіяльны дом грэка-каталікоў у Лідзе, у якім адбываюцца богаслужэньні, знаходзіцца на вуліцы Кастуся Каліноўскга. Сёньня трошкі пахаладала, але людзі зьбіраюцца яўна ў добрым настроі. Побач з домам шмат аўто — прыехалі госьці з Горадні, Менску, Маладэчна, Івацэвічаў, іншых гарадоў.
 
Айцец Андрэй Буйніч трохі хвалюецца, прымаючы гасьцей, тым ня менш паказвае парафіяльны дом, пакой, дзе адбываюцца малебны, распавядае, што 20 гадоў таму ўдалося аднавіць грэка-каталіцкую парафію ў Лідзе.
Айцец Андрэй Буйніч, душпастыр Лідзкай грэка-каталіцкай парафіі сьв. Язафата.
Прычым, гэта было зроблена не на пустым месцы — у ваколіцах горада яшчэ засталіся ўніяцкія храмы, якія былі на гэтай зямлі спрадвеку.
 
«Наша парафія зараз знаходзіцца, скажам так, у катэджы. Але гэты катэдж адрозьнівае ад іншых тое, што ў нас у двары ўніяцкі крыж сьвятой Еўфрасіньні Полацкай. На першым паверсе парафіяльныя памяшканьні: капліца — гэта самае галоўнае месца, сэрца парафіі, дзе адбываюцца малебны. Сёньня мы адмыслова вынесьлі нашую капліцу на вуліцу ў рыцарскі шацёр, дзе і адбудзецца ўрачыстае богаслужэньне».
 
Боская літургія пачалася а 12-й гадзіне, як і планавалася. Служаць пяць уніяцкіх сьвятароў на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам. Усё ад пачатку і да канца адбываецца па-беларуску.
Удзельнікі хору.
Па ваколіцы разносіцца сьпеў хору. Здаецца, гэты прыгожы сьпеў апанаваў усю вуліцу Каліноўскага, бо навокал глыбокая цішыня — несамавітае ўражаньне.
 
Літургія цягнецца больш за гадзіну, парафіяне ў добрым настроі, старэйшыя людзі час ад часу плачуць. Літургія сканчаецца тым, што ўсе сьпяваюць «Магутны Божа». Пасьля літургіі падыходжу да вернікаў. Спадарыня Марыя Ганчар кажа, што належыць да парафіі ад самага пачатку яе існаваньня і гэта тое месца, куды яны прыходзіць заўсёды, нягледзячы ні на што:
 
«Кожнага з парафіян я ведаю асабіста, у нас вельмі сяброўскія, добрыя, цёплыя адносіны, мы ведаем сямейныя справы адзін аднаго. І яшчэ беларуская мова дазваляе бліжэй наблізіцца да Бога. Чаму? Калі я хадзіла ў касьцёл, то ведала ўсе малітвы, але часам падчас літургіі нешта і не зразумееш па-польску. А тут на беларускай мове, на роднай — гэта на душу ўсё кладзецца».
 
А вось спадарыня Ларыса Казлоўская кажа, што прыйшла сюды чатыры гады таму і засталася назаўсёды:
 
«Мне вельмі падабаецца малітва на беларускай мове. Гэта наша родная мова, мне так хораша і я так тут душой адпачываю. Прыходжу дадому, то мне так усё спакойна. І муж мой сюды ходзіць, і ўнукі пачалі хадзіць».
 
Да ўдзельнікаў сьвяткаваньня ў лідзкай парафіі прамаўляе Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архім. Сяргей (Гаек).
Спадарыня Натальля Мандрык кажа, што таксама ў парафіі ад пачатку яе аднаўленьня. Пытаюся, што для яе азначае парафія?
 
«Мне падабаецца, што парафія — гэта наша сям’я. Мы тут супольна молімся, можам рабіць супольна справы і калі адыходзіш адсюль, то на душы вельмі добра, цёпла. Дзеля гэтага варта сюды хадзіць і маліцца Богу. Вось мой муж таксама і дзеткі нашы парафіяне гэтае царквы».
 
Аляксей значна маладзейшы чалавек і кажа, што сёньня яго ахапіў гонар за тое, што парафія існуе столькі часу. Праўда, прызнаецца, што ня памятае, як стваралася парафія, бо быў тады яшчэ зусім малы. А ці памятае, як першы раз прыйшоў на службу?
 
«Я ня памятаю самы першы раз, але добра памятаю, як маліліся ў невялічкай піўніцы ў цэнтры гораду. Не адразу ў нас зьявіўся парафіяльны дом. Усё пачыналася з піўніцы, прыяжджаў да нас з Менску айцец Казімір. Гэта былі мае першыя крокі да Бога».
 
Айцец Андрэй Буйніч кажа, што парафіянаў у іх зараз ня так і шмат, на службу зьбіраюцца да 20 чалавек, але ён добра ведае, што людзі зрабілі дзеля гэтага сьвядомы выбар:
 
«Трэба зазначыць, што ў 1990-х гадах больш прыходзілі на хвалі адраджэньня і патрыятызму, шуканьня беларушчыны ў рэлігійнай сферы, а сёньня хутчэй прыходзяць людзі, якія шукаюць Бога».
 
Сьвята працягваецца ў двары канцэртам сярэднявечнай музыкі і танцамі прыхаджанаў.
 
Музыкі граюць сярэднявечную музыку.
Вясёлыя сьпевы і скокі пад сярэднявечную музыку.
 
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
01.07.2016
Папскі легат перадасьць беларускім грэка-католікам рэліквію сьвятога Яафата Кунцэвіча
17.11.2015
Беларускія пілігрымы на ўрачыстасьці ў гонар сьв. Язафата ў Ватыкане
22.06.2014
Апостальскі Візітатар БГКЦ: дыялог ня можа адбывацца праз выключэньне аднаго з партнёраў
04.12.2013
Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў у Рым