Пошук
Архіў навін
02.10.2014
Чаму мужчыны ня любяць хадзіць у царкву?
 
20 верасьня ў Гарадзенскай дыяцэзіі адбыліся рэкалекцыі для мужчынаў, якія правёў сп. Дональд Тарбіт, каардынатар “Служэньня абнаўленьня” (Renewal Ministry) для Польшчы і Ўкраіны, а таксама кіраўнік і сузаснавальнік міжнароднага каталіцкага руху “Мужчыны сьвятога Юзафа”.
 
Лідар каталіцкага руху “Мужчыны сьв. Юзафа” Дональд Тарбіт.
Дональд Тарбіт (Donald Turbitt) разам з сваім найбліжэйшым супрацоўнікам Рычардам Кернанам (Richard Kiernan) згадзіліся адкзаць на пытаньні для Grodnensis.by.
 
— З якім пасланьнем вы прыехалі ў Беларусь?
 
— У нас ёсьць некалькі пасланьняў, але галоўным з іх зьяўляецца служэньне абнаўленьня, Новая евангелізацыя, якая зьяўляецца часткай Евангелізацыі. Другая мэта — гэта мужчынскае служэньне ў Царкве. Я прысьвячаю шмат працы дзеля таго, каб заснаваць міжнароднае служэньне “Мужчынаў сьв. Юзафа” (The Men of St. Joseph). Рычард Кернан (знаходзіцца побач), таксама зьяўляецца сьпецыялістам у мужчынскім служэньні, ён таксама адзін з заснавальнікаў гэтага руху. Таму ў нас патройнае заданьне: Рэевангелізацыя, Евангелізацыя і ў межах гэтых асноўных сфераў — мужчынскае служэньне.
 
— На ваш погляд, як дайсьці да сэрца кожнага мужчыны? Магчыма, і ў ЗША, і ў Беларусі менталітэт мужчыны амаль што аднолькавы. Напэўна, у мужчынскага полу ёсьць падобныя праблемы веры, узаемаадносінаў з Богам. Што можам мы зрабіць, каб растапіць мужчынскае сэрца і адчыніць яго на Бога?
 
— Адна з асноўных рэчаў, якую мы намагаемся рэалізаваць, дык гэта зрабіць Царкву больш прыцягальнай для мужных мужчынаў. Мы падкрэсьліваем, што Царква існуе ня толькі для жанчынаў і дзяцей, але для мужчынаў, жанчынаў і дзяцей. Большасьць таго, што прапаведуецца ў Царкве, пераважна падбудавана па форме прамаўленьня для жанчынаў і дзяцей, чым для мужчынаў. Гэта ў якімсьці сэньсе апраўдана, таму што на дадзены момант у Царкве прысутнічае больш жанчынаў і дзяцей. У апошнія 60-70 гадоў Каталіцкая Царква больш прапаведвала для жанчынаў, чым для мужчынаў. Нашыя намаганьні заключаюцца ў тым, каб зьвярнуць належную ўвагу на мужчынаў, каб тое, што мы гаворым і як мы прапаведуем, глыбей уваходзіла ў сэрцы мужчынаў.
 
Рычард Кернан: Я бы дадаў, што асноўная рэч, якую мы намагаемся зрабіць — глядзець на прыклад сьв. Юзафа. Ён меў асаблівае пакліканьне ад Госпада, каб быць мужам, бацькам і працаўніком, каб абараняць сьвятую сям’ю, забясьпечваць яе ўсім неабходным. Таму мы, “Мужчыны сьв. Юзафа”, імкнемся быць найлепшымі мужамі, бацькамі, працаўнікамі і дзяліцца Добрай Весткай з іншымі мужчынамі.
 
— Ці можна лічыць правільным такое меркаваньне, што духоўнае аднаўленьне грамадзтва ў большасьці сваёй залежыць ад евангелізацыі мужчынаў?
 
— Так, канечне! У ЗША было праведзена такое дасьледаваньне, што калі евангелізаваць маладзёна, то 16% сем’яў пойдзе за ім у храм. Калі мы евангелізуем маці, то 64% сем’яў прыйдуць за ёй у храм. Але, калі евангелізаваць мужа і бацьку, то 97% членаў сям’і прыйдзе за ім у Царкву. Таму нават з статыстычнага пункту гледжаньня вынікае, што найперш мы павінны зьвярнуць увагу на мужчынаў.
 
Размаўляючы з біскупамі з Заходняй Еўропы, я задаваў пытаньне пра тое, колькі сродкаў яны выдаюць на моладзевае служэньне. Большасьць з іх адказала, што выдаюцца на гэта некаторыя сродкі. Затым я пацікавіўся, колькі ж выдзяляецца сродкаў на жаночае служэньне. Яны адказвалі, што значна менш, чым на моладзевае. Тады я спытаў наконт мужчынскага служэньня. І ажно 90% біскупаў адказала, што на гэтыя мэты нічога не прызначаецца. У любой справе, у якую ўкладаюцца вялікія намаганьні, каб яна разьвілася, вядзецца пошук найбольш эфектыўных спосабаў, і менавіта туды ўкладваецца найбольш намаганьняў і сродкаў. На жаль, Царква не засвоіла гэтую лекцыю і мы ўкладваем шмат сілаў у няправільным накірунку. Вядома, няма нічога заганнага ў евангелізацыі жанчынаў і дзяцей. Аднак, калі мы евангелізуем мужчынаў, мы прыводзім у Царкву ўсіх астатніх — жанчынаў і дзяцей! Таму натуральнай справай зьяўляецца найперш евангелізацыя мужчынаў. Калі б у нас не было жанчынаў — немагчыма было б уявіць сабе Царкву бяз іх. Хвала Госпаду за жанчынаў. Аднак нам неабходна вярнуць і ўсталяваць гэты баланс.
 
Рычард Кернан: Мужчыны вельмі плённыя ў справе Новай евангелізацыі. Таму што яны заўсёды скіраваныя на мэту. Яны больш схільныя выконваць сваю місію і выходзіць па-за межы ўласнага камфорту. Калі вы дапамагаеце мужчынам стаць больш жывымі ў веры, яны больш схільныя ўзяцца за Новую евангелізацыю.
 
— Прывесьці мужчыну ў Царкву — гэта адна справа. Іншая, больш складаная — затрымаць яго ў Царкве і, больш таго, натхніць яго стаць евангелізатарам іншых. На што трэба найперш зьвярнуць увагу?
 
— Мы лічым, што сустрэчы ў малых групах — гэта найлепшы спосаб дапамагаць мужчынам заставацца ў Царкве. У ЗША існуе вялікі рух, у большасьці сваёй пратэстанцкі, які называецца “Promise keepers” (захавальнікі абяцаньняў). На самым пачатку гэты рух быў вельмі пасьпяховым. Яны ладзілі вельмі вялікія сустрэчы на вялікіх стадыёнах, па 50-80 тысячаў чалавек, каб праслаўляць Бога. Кожнае лета яны праводзілі 10 такіх сустрэчаў. Таму, па меншай меры кожны год зьбіралася больш як паўмільёна мужчынаў на розных стадыёнах краіны. Арганізатары ладзілі такія сустрэчы на працягу 10 гадоў. Потым яны зазірнулі ў статыстыку, каб даведацца, якія зьмены адбыліся за гэты час у пратэстанцкіх супольнасьцях, і ўбачылі, што ў цэрквы ня стала з-за гэтага хадзіць больш мужчынаў і зусім не была бачная іх евангельская актыўнасьць. Паводле іх, такія вялікія сустрэчы павінны былі рэхам адбіцца ў невялікіх мясцовых супольнасьцях і паспрыяць іх аднаўленьню. Абіраючы масавасьць, яны ніколі не паўплывалі на невялікія групы ў межах сваіх супольнасьцяў.
 
Таму, калі я распачаў рух мужчынаў сьвятога Юзафа, нашую асноўную мэту я бачыў у стварэньні невялікіх групаў. Менавіта там зьмяняецца жыцьцё мужчыны. Такія сустрэчы не такія захапляльныя як тыя, дзе зьбіраюцца тысячы мужчынаў, але ў такіх групках мы разглядаем сур’ёзныя, сардэчныя справы. Другі этап зьяўляецца вынікам сустрэчаў у малых групах, заключаецца ён у тым, што мы праводзім большыя сустрэчы ў межах дыяцэзіяў. На такія, больш шматлікія дзённыя сустрэчы, зьбіраюцца сотні мужчынаў. Раз у год мы таксама праводзім рэкелекцыі выходнага дня. Пратэстанты не практыкуюць такіх метадаў служэньня. Адно з патрабаваньняў для групаў мужчынаў сьв. Юзафа — каб кожны год яны абавязкова прымалі ўдзел у рэкалекцыях. Такі метад дзеяньняў аказвае добры ўплыў на мужчыну. Вядома, што гэта нашмат павольныя, але найбольш пэўныя і эфектыўныя крокі.
 
Мы перакананыя ў тым, што мужчыны, якія прымаюць удзел у такіх сустрэчах, атрымоўваюць духоўную будову, падтрымку і застаюцца ў супольнасьці Царквы. Мы хочам, каб такія групы паўставалі пры кожнай парафіі. Нашая мэта ў тым, каб атачыць кожнага сьвятара як мінімум 20-цю мужчынамі. Цяпер звычайна кожны сьвятар акружаны 20-цю жанчынамі. Як правіла, праца, якая выконваецца пры парафіі, зьяўляецца жаночай. Мы ня хочам пазбавіцца жанчынаў, мы хочам вярнуць баланс. Мы жадаем падтрымаць сьвятароў, акружыць іх сапраўднымі, мужнымі мужчынамі. Менавіта такім чынам мы хочам дапамагчы парафіі.
 
Рычард Кернан: Я працягваю ўдзельнічаць у мужчынскім служэньні менавіта таму што мая найбольш важная мэта жыцьця — быць збаўленым, прывесьці да неба маю сям’ю і, наколькі гэта магчыма, іншых людзей. Ва ўсіх мужчынаў такая ж місія. Мы працягваем прыходзіць на сустрэчы ў групы мужчынаў сьв. Юзафа таму што гэта нашая місія. Калі мужчына ўсьвядоміць, што гэтая справа ёсьць самая важная ў яго жыцьці, ён будзе працягваць удзельнічаць у нашых сустрэчах і далей.
 
Дональд Тарбіт: Мужчыны звычайна вераць і любяць Бога, але ня вельмі любяць Царкву, таму што за апошнія 100 гадоў Каталіцкая Царква і пратэстанцкія Цэрквы сталі больш фемінізаваныя. Калі мы зьвернем увагу на іншыя рэлігіі, то ў большасьці з іх там найбольш актыўныя мужчыны. У мусульманаў, будыстаў, юдэяў іх больш. 100 гадоў таму Каталіцкая Царква таксама мела большасьць мужчынаў.
 
Я б хацеў, каб баланс і гармонія паміж мужчынамі і жанчынамі вярнуліся ў нашыя супольнасьці. Нядобра таксама, калі Царква будзе толькі мужчынскай. Калі ў Царкве пераважалі мужчыны, мы ладзілі крыжовыя паходы. Мужчыны гэта маюць у сваёй крыві. Калі яны па-сапраўднаму ўладараць, то ўладараць, як тыраны. Я лічу, што жанчыны ўнесьлі ў супольнасьць добрую збалансаванасьць. Мы павінны аднавіць баланс, каб колькасьць мужчынаў і жанчынаў была аднолькавай. Ёсьць меркаваньне, што сямейная пара зьяўляецца дасканалым вобразам Бога. Праз сужэнства праяўляецца мужчынскі і жаночы характар Бога. Калі захаваецца баланс паміж мужчынамі і жынчынамі, тады мы пачнем праслаўляць Бога супольна больш дасканала.
 
Пра Злучаныя Штаты я магу сказаць, што мы цяпер сьпяваем песьні, якія на тры актавы вышэйшыя, чым мужчына можа засьпяваць. Пра словы ў некаторых песьнях такога кшталту: “О Езу, я Цябе люблю і хачу прытуліць сваю галаву, Табе на грудзі” большасьць мужчынаў скажа: “Не, я не хачу так рабіць – я прыйшоў сюды, каб бараніць сваю сям’ю і змагацца з д’яблам, а не прытуляцца да Ісуса”. Насамрэч словы з песьні не зьяўляюцца якімісьці няправільнымі — проста неабходная крыху іншая форма выяўленьня нашай пабожнасьці.
 
— Калі вы зразумелі гэтую праблему парушанага балансу ў Царкве і што паслужыла імпульсам да дзеяньняў у гэтым кірунку?
 
— 25 гадоў таму я першы раз адчуў пакліканьне быць у мужчынскім служэньні. Па прафесіі я пажарнік і працаваў толькі ў мужчынскім калектыве. Там я адчуваў сябе сапраўдным мужчынам і гэта мне падабалася. Калі я прыходзіў у царкву, мне было ня так камфортна. Я прымаў удзел у малітоўных сустрэчах харызматычнага аднаўленьня. На іх прыходзіла 70% жанчынаў і 30% мужчынаў. Праз такую дыспрапорцыю я адчуваў сябе яшчэ больш нязручна. Я шукаў чагосьці больш мужчынскага, мужнага. Таму, калі зьявіліся групы “Promise keepers”, я далучыўся да іх, таму што ніякіх мужчынскіх згуртаваньняў у Каталіцкім Царкве ў той час не існавала.
 
Я стаў лідарам у сваёй дыяцэзіі ў мужчынскім служэньні. Калі кардынал з суседняй дыяцэзіі захацеў заснаваць мужчынскі рух, знаёмы сьвятар патэлефанаваў мне, таму што ён ведаў пра мой занятак. Найперш я заснаваў рух мужчынаў сьв. Юзафа ў сваёй дыяцэзіі і толькі пасьля гэтага я пачаў пашыраць гэты рух па-за яе межы. Мяне запрасіў да сябе кардынал Дзівіш у Польшчу, і так рух выйшаў па-за межы ЗША, на міжнародны ўзровень. Ён таксама папрасіў мяне зрабіць гэты рух актыўным ва ўсёй Царкве. Я працую над гэтым ужо тры гады. Мы зьяўляемся каталіцкай арганізацыяй, якая пакуль што зарэгістраваная ў маёй дыяцэзіі. Спадзяюся, што да канца гэтага году я паеду ў Рым і змагу атрымаць зацьвярджэньне Апостальскай Сталіцы. Мы вельмі хочам быць у Царкве і пад царкоўнай юрысдыкцыяй. Мы стараемся, каб усё нашае навучаньне і матэрыялы былі сапраўды каталіцкімі. Мы чэрпаем некаторую практычную інфармацыю і матэрыялы ад пратэстантаў, як напрыклад фільм “Мужныя”. Некалькі месяцаў таму польскі біскуп даў афіцыйны дазвол (imprimatur) на кнігу, паводле якой быў зьняты вышэйузгаданы фільм. Ён сказаў, што няма ў ёй нічога, што б супярэчыла каталіцкаму навучаньню. Ён таксама заклікаў, каб кожная каталіцкая сям’я праглядзела гэты фільм.
 
— Што б вы пажадалі перш за ўсё беларускім мужчынам?
 
— У Беларусі, як і ў кожнай іншай частцы сьвету, я жадаю каб пры кожнай парафіі існавалі мужчынскія групы па 8-10, 15 і 25 чалавек. Каб іншыя вернікі бачылі, як павінен жыць сапраўдны, адданы Богу мужчына. Я ўпэўнены, што мужчыны, якія шчыра імкунуцца да сьвятасьці, будуць прыцягваць іншых сваім праведным жыцьцём. Ва ўсіх дыяцэзіях хацелася б бачыць мега-сустрэчы, на якія б прыходзілі тысячы мужчынаў, каб славіць Бога. Калісьці я ўдзельнічаў у маршы мужчынаў у Вашынгтоне. Там сабраўся іх мільён. Ашаламляльна, што такая колькасьць мужчынаў сабралася дзеля таго, каб праславіць нашага Госпада! Гэта было проста неверагодна і захапляльна праслаўляць Госпада разам з мільёнам такіх жа мужчынаў, як я. Калі мільён мужчынаў пачынае сьпяваць, зямля пачынае трэсьціся пад нагамі. Асабіста для мяне гэта было прадчуваньне таго, што чакае нас на нябёсах. Я хачу, каб кожны мужчына ў Каталіцкай Царкве меў досьвед пра штосьці падобнае.
 
— Дзякуй вялікі за размову.
Размаўляў кс. Юрый Жэгарын
 
Паводле Grodnensis.by (адрэдагавана).
 
Гл. таксама:
25.06.2014
Быць Царквою – несьці Божае блаславеньне ўсім людзям
11.03.2014
Кардынал Каспэр: як пераадолець прорву паміж царкоўным навучаньнем пра шлюб і практыкай многіх католікаў
15.01.2014
Заява Зьверхніка УГКЦ з нагоды ліста-папярэджаньня ад уладаў
24.12.2013
Кардынал Курт Кох: навучыцца нанова фармуляваць каштоўнасьці хрысьціянства
01.11.2013
Прадстаўнік Папы: сьвятло веры павінна прасьвятляць ўсё жыцьцё народу