Пошук
Архіў навін
07.10.2014
У Ватыкане пачаў працу Надзвычайны Сінод пра сям’ю
 
5 кастрычніка ў Ватыкане пачаліся пасяджэньні ІІІ Надзвычайнай асамблеі Сіноду Біскупаў, на якой біскупы з розных краінаў сьвету будуць абмяркоўваць актуальныя праблемы і выклікі для сям’і ў сучасным сьвеце.
 
Адкрываючы Сінод, Папа Францішак заклікаў дакладчыкаў «выказвацца шчыра і слухаць з пакорай» — паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ.
Біскупы падчас працы Сіноду пра сям’ю.
«Кожны павінен казаць тое, што адчувае. Пасьля апошняй кансісторыі (люты 2014 году), на якой мы абмяркоўвалі тэму сям’і, адзін кардынал напісаў мне, што ня ўсе кардыналы мелі адвагу казаць пра некаторыя праблемы ў прысутнасьці Папы, баючыся, што ён думае інакш. Гэта ня добра і не зьяўляецца сапраўднай сінадальнасьцю. Трэба казаць усё, што ў Госпадзе адчуваем патрэбным сказаць», — адзначыў Сьвяты Айцец, зьвяртаючыся да ярархаў, што сабраліся на Сінод.
 
Адначасова Папа Францішак падкрэсьліў, што ўдзельнікі Сіноду павінны з павагай і адкрытым сэрцам слухаць сваіх субратоў. «Менавіта гэтыя два асьпекты вызначаюць сінадальнасьць... Я прашу вас выказваць свае думкі спакойна і ў супакоі, бо прысутнасьць папы на Сінодзе заўсёды зьяўляецца гарантыяй захаваньня веры», — сказаў Рымскі Архірэй.
 
Папа Францішак з біскупамі перад пачаткам чарговага пасяджэньня Сіноду. (Фота L'Osservatore Romano).
На Сінодзе прысутнічае каля 250 біскупаў і эксьпертаў, сярод якіх таксама 14 сужэнскіх параў, якія будуць абмяркоўваць пытаньні душпастырства сем’яў. Сярод асноўных праблемаў, якія будуць разглядацца на Сінодзе — пастырская апека разьведзеных, аднак удзельнікі таксама абмяркуюць аднаполыя шлюбы, кантрацэпцыю і іншыя праблемы.
 
На гэтай асамблеі Сіноду біскупаў новым ёсьць тое, што кожны дзень працы будзе пачынацца з сьведчаньня сужэнскай пары і Сьвятой Імшы за патрэбы сем’яў у рымскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ, адзначае Радыё Ватыкану. Сярод тых, хто падзеліцца сваім сьведчаньнем ёсць і зьмешаная пара — каталічка і мусульманін. Пра сьпецыфіку сямейнага жыцьця і сужэнства ва Ўкраіне ўдзельнікам Сіноду распавядзе таксама Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук. Сярод удзельнікаў Сінодy з Беларусі — рыма-каталіцкі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Каментуючы для Catholic.by пачатак працы Сіноду біскупаў, беларускі ярарх адзначыў: «Шмат пытаньняў, на якія пакуль што няма адказаў. Такой напружанасьці за ўсе мае папярэднія сем Сінодаў, у якіх я прымаў удзел, яшчэ не памятаю».
 
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч слухае даклад чэшскага архібіскупа Яна Граўбнера. (Фота L'Osservatore Romano).
Праца Сіноду працягнецца да 19 кастрычніка. Цяжкія пастырскія сітуацыі і актуальныя выклікі, зьвязаныя з адкрытасьцю сужонкаў да нараджэньня дзяцей, будуць абмяркоўвацца 8 і 9 кастрычніка. Пасьля 15-ці Генеральных кангрэгацыяў, якія адбываюцца ранкам і ўвечары, і постдыскусійнага дакладу 13 кастрычніка ўдзельнікі Сіноду будуць працаваць за зачыненымі дзьвярыма ў малых групах, распрацоўваючы выніковыя дакументы. 18 кастрычніка плануецца публікацыя заключнага пасланьня, а таксама Сінадальнага дакладу з выніковымі прапановамі, які будзе спачатку прадстаўлены папу. Гэты дакумент, разам з невялікім апытальнікам, стане асновай для другога этапу Сінода, які адбудзецца ў 2015 годзе.
Гл. таксама:
02.05.2014
Папа Францішак пра тры рысы хрысьціянскай супольнасьці
10.01.2014
Папа: хрысьціянская любоў – гэта не каханьне з тэлесерыялаў
27.12.2013
Дазволім сагрэць сэрцы пяшчотай Бога
23.12.2013
Сьвяты Айцец пра заўсёды незадаволеных хрысьціянаў
25.10.2013
Апостальскі Нунцый сустрэўся з ксяндзом Уладзіславам Лазарам у сьледчым ізалятары КДБ