Пошук
Архіў навін
24.10.2014
Грэка-Каталіцкая Царква ў Крыму пад пагрозай ліквідацыі
 
УГКЦ упершыню за сваю гісторыю з часоў выхаду з падпольля стаіць перад выклікам ліквідацыі часткі сваёй структуры — Крымскага экзархату — заявіў Зьверхнік УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук.
 
Як інфармуе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Сьвятаслаў Шаўчук заявіў пра гэта на прэс-канферэнцыі 23 кастрычніка 2014 году ў Львове падчас Сустрэчы ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы, якая ў гэтым годзе прысьвечана 25-годдзю выхаду УГКЦ з падпольля.
 
Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук.
Новыя ўлады Крыму выдалі закон, паводле якога ўсе рэлігійныя арганізацыі павінны прайсьці працэс перарэгістрацыі да канца 2014 году.
 
“Патрабаваньні вельмі няпростыя. Але нават, калі б мы ўсе патрабаваньні выканалі, няма ніякай гарантыі, што сапраўды гэтая перарэгістрацыя пацьвердзіць права на існаваньне грэка-каталіцкай супольнасьці ў Крыму”, — сказаў Першарярарх УГКЦ. На думку ўкраінскага першаярарха для УГКЦ у Крыму існуе рэальная небясьпека, бо яна можа аказацца па-за законам і тады ўсе царкоўныя памяшканьні і храмы, у тым ліку недабудаваныя, будуць канфіскаваныя.
 
На тэрыторыі Крыму сёньня існуе пяць грэка-каталіцкіх парафіяў: у Еўпаторыі, Сімферопалі, Севастопалі, Ялце, Керчы. Як вядома, грэка-каталіцкія сьвятары падчас анэксіі Крыму арыштоўваліся і затрымліваліся і нават на пэўны час вымушаныя былі пакінуць гэтую тэрыторыю. Тым ня менш, у Еўпаторыі дагэтуль займаецца душпастырствам сьвятар, а ў іншыя парафіі прыязджаюць сьвятары з Украіны кожныя тры месяцы. Гэта выклікана тым, што паводле дзейных у Крыму законаў Расейскай Федэрацыі, замежныя душпастыры могуць служыць на паўвостраве легальна толькі тры месяцы.
 
Што да сітуацыі УГКЦ у зоне баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны, у якую трапіў Данецкі экзархат і дзе таксама сёньня вельмі складаныя ўмовы для душпастырскай дзейнасьці, то цяпер у Данецку ёсьць два сьвятары, якія атрымалі права на легальнае служэньне там ад лідараў мясцовых самаабвешчаных уладаў ДНР. У дзевяці іншых гарадах экзархату адбываюцца набажэнствы ў нядзелю і сьвяты. “Экзарх Данецкі ўладыка Сьцяпан вымушаны быў на час пакінуць тэрыторыю экзархату, таму што яго жытло захапілі баевікі, роўна як і манастыр сясьцёр служэбніц Усіх сьвятых ўкраінскага народу ў Данецку”, — заўважыў Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук. Нагадаем таксама, грэка-каталіцкі сьвятар з Данецку а. Ціхан Кульбака, сакратар Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў Данецкай вобласьці, быў выкрадзены і правёў 12 дзён у палоне тэрарыстаў. Яго вызвалілі пад умовай, што ён пакіне тэрыторыю Данбасу.
 
“Прашу маліцца за тых сьвятароў, якія цяпер там знаходзяцца, таму што яны рызыкуюць жыцьцём. Акрамя гэтага, нашая ўвага цяпер скіраваная і на дапамогу ўцекачам з Харкаўскага, Данецкага і Адэскага экзархатаў. У гэтым напрамку мы супрацоўнічаем з дабрачынным фондам «Карытас»”, — распавёў Зьверхнік УГКЦ.
Гл. таксама:
02.10.2017
Упершыню з часоў скасаваньня Уніі грэка-каталіцкі мітрапаліт Кіеўскі адслужыў сьв. Літургію ў Беларусі
30.09.2017
Зьверхнік УГКЦ і каталіцкія ярархі Еўропы пазнаёміліся з жыцьцём грэка-католікаў у Менску
08.07.2014
У Данецку выкрадзены грэка-каталіцкі сьвятар
02.10.2013
Ліст Сіноду біскупаў УГКЦ каталіцкім ярархам Беларусі з нагоды 1025-годдзя Хрышчэньня Русі
19.04.2013
Дэлегацыя УГКЦ на Сьвятой Зямлі