Пошук
Архіў навін
30.10.2014
Ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы сустрэліся ў Львове
 
23-26 кастрычніка 2014 году ў Львове праходзіла штогадовая Сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы, прысьвечаная 25-годдзю выйсьця з падпольля Грэка-Каталіцкай Царквы ва Ўкраіне. У ёй прынялі ўдзел 45 прадстаўнікоў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы з 16 краінаў.
 
Працоўнае паседжаньне ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы ў рэкалекцыйным цэнтры Львоўскай архіяпархіі УГКЦ у Брухавічах пад Львовам.
Тэма сёлетняй сустрэчы была “Місія і роля Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў у экуменічным дыялогу” у сьвятле 50-годдзя абвяшчэньня саборных дэкрэтаў “Orientalium Ecclesiarum” і “Unitatis Redintegratio”. Нагадаем, што мінулагодняя сустрэча адбылася ў славацкім горадзе Кошыцэ на запрашэньне мясцовага грэка-каталіцкага біскупа Мілана Хаўтура, яе тэма была “Евангелізацыя культуры – інкультурацыя Евангельля».
 
Згодна з традыцыяй у праграме мерапрыемства былі прадугледжаны набажэнствы, якія спалучаліся з працоўнымі паседжаньнямі, наведваньнем храмаў Львова і каталіцкіх навучальных установаў, удзел у розных мерапрыемствах і знаёмствам з старажытным горадам.
 
24 кастрычніка першае працоўнае паседжаньне Сустрэчы ярархаў, якая адбывалася ў памяшканьні рэкалекцыйнага цэнтру Львоўскай архіяпархіі УГКЦ у Брухавічах, адкрыў Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук).
Апостальскі Візітатар БГКЦ Архім. Сяргей (Гаек) на Сустрэчы ўсходніх каталіцкіх ярархаў у Львове.
Сярод удзельнікаў Сустрэчы ярархаў быў таксама Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек). З вітальным словам з нагоды 25-годдзя легалізацыі УГКЦ выступілі Апостальскі нунцый ва Ўкраіне Томас Эдвард Галіксан і Архібіскуп Львоўскі Рыма-Каталіцкай Царквы Мячыслаў Макшыцкі.
 
Раніцай ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы адслужылі Боскую Літургію, якую ўзначаліў Архібіскуп і Мітрапаліт Львоўскі УГКЦ Ігар (Возьняк). Казаньне прамовіў Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Архібіскуп Цырыл (Васіль), SJ.
 
У казаньні ватыканскі ярарх падкрэсьліў, што гэтая Сустрэча зьяўляецца прыкладам таго, што асабісты пошук сэнсу жыцьця і Бога ня можа перажывацца толькі як унутраны персанальны досьвед, без супольнаснага вымярэньня — паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ. Жыць і дзяліцца сваёй верай — вось шлях пабудовы Валадарства Божага ў цяперашнім сьвеце.
 
“Падчас гэтай Сустрэчы мы хочам выявіць, як кожны хрысьціянін, патрыёт ганарыцца сваёй верай. Ён працуе дзеля Божага Валадарства ў сваім жыцьці”, — сказаў прапаведнік.
 
Напрыканцы казаньня Ўладыка Кірыла дадаў, што “спазнаць Хрыста, паглыбіць веды пра Яго, знайсьці Яго... падобна пошуку неацэннага скарбу ці схаванай у полі пярліны”.
Выступ Апостальскага экзарха з Грэцыі Ўладыкі Дымітрыяса Салахаса.
Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў заўважыў: альбом з фатаграфіямі, якія будуць зробленыя падчас гэтай Сустрэчы ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы ці іншых падобных сустрэчаў, якія ўжо перажылі, будзе для ўсіх каштоўным успамінам пра падзею, перажытую ў радасьці і братэрстве. “Але ўсё гэта будзе малаважным, калі ў гэтым ня будзе цэнтральнай старонкі пад назвай «Мая сустрэча з Хрыстом»”, — адзначыў ватыканскі ярарх.
 
У першы дзень Сустрэчы былі заслуханы тры даклады. Уладыка Дымітрыяс Салахас, Апостальскі экзарх для католікаў усходняга абраду ў Грэцыі, выступіў з дакладам “Місія і роля Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў у экуменічным дыялогу: перашкода ці нагода для аб’яднання”, Уладыка Віргіль Бэрча, Біскуп Орадзя-Марэ з Румыніі прапанаваў даклад “Узаемаадносіны паміж Усходнімі Каталіцкімі Цэрквамі і дзяржавай і агульначалавечай супольнасьцю”,
Усходнія каталіцкія ярархі ў Львоўскай духоўнай семінарыі Сьвятога Духу.
а Біскуп япархіі сьв. Уладзіміра Вялікага ў Парыжы для ўкраінцаў візантыйскага абраду ў Францыі, краінах Бенілюксу і Швайцарыі“ Уладыка Барыс Гудзяк прачытаў даклад на тэму: “Ад легалізацыі УГКЦ да рэвалюцыі годнасьці: Роля Цэркваў ва ўкраінскім грамадзтве” .
 
На завяршэньне першага працоўнага дня Сустрэчы ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы яе ўдзельнікі наведалі Львоўскую духоўную семінарыю Сьвятога Духу, дзе памаліліся Вячэрню. Пасьля вячэры біскупы наведалі таксама Ўкраінскі каталіцкі ўніверсітэт. Тут удзельнікі Сустрэчы паглядзелі фільм “Майдан. Сьведчаньні ўдзельнікаў Майдану” і праслухалі сьведчанні асобных ўдзельнікаў гэтых падзеяў. У прыватнасьці, сваімі перажываньнямі гэтых падзеяў падзяліліся: мастачка-іканапісец Іванка Дымід-Крып’якевіч, выкладчык УКУ а. Міхаіл Дымід, рэктар семінарыі а. Ігар Бойка і выпускнікі УКУ — Павел Дзідула і Ігар Фешчанка.
 
Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук прамаўляе ў храме Перамяненьня Гасподняга.
У суботу, 25 кастрычніка, Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук узначаліў Боскую Літургію ў храме Перамяненьня Гасподняга ў Львове. Менавіта ў гэтым храме распачаліся гістарычныя падзеі, зьвязаныя з уваскрасеньнем Грэка-Каталіцкай Царквы 25 гадоў таму.
 
Казаньне падчас Архірэйскай Літургіі прамовіў Япарх Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі Мілан (Шашык). Біскуп адзначыў, што УГКЦ доўгі час ішла шляхам мучаніцтва і перасьледаваньня. Аднак праблемы будуць заўсёды, а нам, заўважыў Уладыка Мілан, трэба быць сьведкамі Хрыста. Бо і сёньня, і надалей будуць існаваць атакі на Царкву. “Памылковым ёсьць меркаваньне, што калі Ўкраіна стане сябрам Еўразьвязу, то ўсе праблемы вырашацца. Бо вядома, што і ў Еўропе яны існуюць.
Архірэйская Літургія ў храме Перамяненьня Гасподняга ў Львове.
Таму нам сёньня патрэбна яшчэ больш быць вернымі Евангельлю з думкай пра тое, што Гасподзь — Гаспадар гісторыі, клапоціцца пра сваю Царкву”, — сказаў біскуп Мукачаўскі. Ён таксама адзначыў, што ня менш важныя нашая асабістая вера і руплівасьць у слуханьні Слова Божага ды яго выкананьне. “Не змарнуйма Божы дар выхаду УГКЦ з падпольля”, — заклікаў усіх вернікаў уладыка.
 
Удзельнікі Сустрэчы ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы ў армянскай катэдры ў Львове.
Пасьля набажэнства ўдзельнікі Сустрэчы ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы наведалі армянскую катэдру ў Львове і гарнізонны храм Святых апосталаў Пятра і Паўла. Таксама ўсходнія каталіцкія ярархі сустрэліся з мэрам Львова Андрэем Садовым.
 
Увечары ў Львоўскім оперным тэатры адбылася ўрачыстая акадэмія з нагоды 25-годдзя легалізацыі УГКЦ ва Ўкраіне і адкрыцьцё Году мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага, на якой прысутнічалі і ўсе ўдзельнікі Сустрэчы ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы.
 
Сустрэча ярархаў з львоўскім мэрам.
Зьвяртаючыся з пастырскім словам да прысутных на ўрачыстай акадэміі, Зьверхнік УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук адзначыў: “Калі хрысьціяне сьвяткуюць нейкую падзею, дык яны найперш у такім сьвяткаваньні вызнаюць сваю веру. Мы бачым, што ўваскрасеньне нашай Царквы-мучаніцы было Божай справай. Таму, сьвяткуючы 25-годдзе легалізацыі УГКЦ, мы ўрачыста вызнаем, што Бог нас уваскрасіў да новага быцьця і даў нам новае заданьне. Сёньня мы ўзгадваем усіх тых, хто на сваіх плячах і ў сэрцах пранёс няскораную катакомбную Царкву. Таксама з удзячнасьцю ўзгадваем і сьвецкіх асобаў, якія ў сваіх сем’ях тварылі «хатнюю Царкву», у якой навучалі новае пакаленьне хрысьціянаў, а таксама ў якой падпольна сьвятары маглі прыносіць бяскроўную ахвяру падчас Боскай Літургіі”.
 
Да прысутных на акадэміі зьвярнуўся таксама Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Цырыл Васіль, SJ. Ватыканскі ярарх пажадаў УГКЦ стаць “пуцяводнай зоркай еднасьці хрысьціянаў”.
 
Падчас урачыстага мерапрыемства былі паказаныя дакументальныя фільмы пра адраджэньне УГКЦ, пра мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага, а таксама фрагменты з фільму “Парах Майданэка” пра грэка-каталіцкага сьвятамучаніка а. Амільяна Коўча.
Уручэньне штогадовай Узнагароды імя блаславёнага сьвятамучаніка Амільяна Коўча.
Таксама слова меў і вядомы ўкраінскі дысідэнт Яўген Сьвярсьцюк, сябра Камітэту па ўшанаваньні памяці блаславёнага сьвятамучаніка Амільяна Коўча.
 
Пасьля гэтага адбылася цырымонія ўручэньня штогадовай Узнагароды імя блаславёнага сьвятамучаніка Амільяна Коўча. Яна ўручаецца за значны ўклад у разьвіцьцё экуменічнага дыялогу, дыялогу культур і народаў, міжрэлігійнага і міжнацыянальнага паразуменьня, дабрачыннай дзейнасьці, за асабісты жыцьцёвы прыклад ахвярнасьці і гуманізму. Сёлета гэтай узнагародай былі ўганараваныя: Мустафа Джамілеў, лідар крымскататарскага народу, медык Марыя Мацьвііў, якая ратавала параненых падчас трагічных падзеяў на Майдане ў Кіеве, Мітрапаліт Перамышля РКЦ у Польшчы архібіскуп Юзаф Міхалік, былы старшыня Польскай канферэнцыі біскупаў, мецэнат Джэймс Тэмэртэй, фундатар Украіска-габрэйскай ініцыятывы (Канада), сьвятар УГКЦ а. Міхайла Шаўчышын.
Завяршылася Сустрэча ярархаў у нядзелю, 26 кастрычніка, Архірэйскай Боскай Літургіяй у саборы Сьвятога Юра, якую ўзначаліў Зьверхнік УГКЦ. Падчас казаньня Яго Блаславенства Сьвятаслаў, Першаярарх УГКЦ, сказаў: “Сеньня мы ўзносім Госпаду малітву падзякі за 25 гадоў свабоды УГКЦ на родных землях. Узгадайма лістапад 1989 году, які стаў паваротным момантам гісторыі Еўропы. Упаў Берлінскі мур. Гасподзь пачаў мяняць гісторыю падзеленай Еўропы. Тады Ён наведваецца і да нашага народу, кажучы: «Ня плач, вось Я прыходжу як Вызваліцель...»”.
 
Дэпартамент інфармацыі УГКЦ падкрэсьлівае словы прапаведніка аб тым, што праз 25 гадоў Гасподзь уваскрасіў Грэка-Каталіцкую Царкву да новага быцьця, што мела сусьветнае значэньне. “Мы запытваем сябе сеньня: для чаго Ён нас уваскрасіў і якое заданьне нам дае? Гасподзь адказвае, што мы павінны быць сьведкамі Яго ўваскрасеньня, прапаведнікамі Яго сілы і носьбітамі веры, якая зьяўляецца асновай і фунадментам ўкраінскага быцьця”. Зьверхнік УГКЦ падкрэсьліў, што Бог заклікае грэка-католікаў быць хрысьціянамі новага часу, быць Яго сьведкамі і дзяліцца сваёй верай з іншымі.
 
Падчас набажэнства для публічнага шанаваньня былі выстаўленыя мошчы сьвятога Папы Яна Паўла II. “Гэты Папа ўвайшоў у гісторыю як той, што зруйнаваў Берлінскі мур. Менавіта дзякуючы яго заступніцтву УГКЦ была легалізаваная. Таму маліцеся ды яго як ды «апостала міру»”, — заклікаў Зьверхнік УГКЦ.
 
Напрыканцы Архірэйскай Літургіі ў крыпце катэдры сьв. Юра ўсе ярархі памаліліся Паніхіду і Малітву за праслаўленьне слугі Божага мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага.
 
Па завяршэньні Сустрэчы ў Львове біскупы прынялі Зварот, у якім, у прыватнасьці, адзначылі ўклад Усходніх Каталіцкіх Цэркваў у справу экуменізму. У ім ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы сьцьвярджаюць, што “разьдзяленьне адзінай Царквы Хрыстовай зьяўляецца сапраўднай эклезіялагічнай анамаліяй, якую ні пры якіх абставінах нельга лічыць нормай жыцьцядзейнасьці Царквы”.
 
Узгадваючы 25-ую гадавіну легалізацыі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы запэўнілі ўкраінскі народ у “малітоўнай еднасьці, падтрымцы і спачуваньні перад тварам ваеннага супрацьстаяньня на Ўсходзе дзяржавы, якое ўсё яшчэ працягваецца і суправаджаецца зьнешняй агрэсіяй, якая прыносіць вялікія пакуты, галоўным чынам мірным жыхарам краю”.
 
Удзельнікі Сустрэчы ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы, прысьвечанай 25-годдзю легалізацыі УГКЦ.
Фота: Consilium Conferentiarum Episcoporum Europae, PRESSUGCC.
 
Даведка:
Першая Сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы адбылася ў 1997 годзе ў горадзе Ньірэдзьгаза (Вугоршчына). Потым у 2004 годзе ўсходнія каталіцкія ярархі, зьдзейсьніўшы паломніцтва ў Рым, сустрэліся ў горадзе Бары (Італія). Гэтае спатканьне стала штуршком да рэгулярных сустрэчаў. У наступным годзе яны сустрэліся ў Прэшаве (Славакія), праз год – у Зарваніцы (Украіна), далей быў Веляград (Чэхія), Марыя-Поўч (Вугоршчына), Сафія (Балгарыя), Орадзя (Румынія), Заграб (Харватыя) і інш.
 
 
Гл. таксама:
24.10.2018
Быць спадкаемцамі сьв. Кірылы і Мятода — зьвяртацца да людзей на зразумелай мове
31.10.2014
Усходнія Каталіцкія Цэрквы павінны быць актыўнымі ўдзельнікамі дыялогу праўды і любові
15.01.2014
Заява Зьверхніка УГКЦ з нагоды ліста-папярэджаньня ад уладаў
06.07.2013
Наладжваньне стасункаў з праваслаўнымі на месцах — найбольшае заданьне для ўсходніх католікаў сёньня
20.11.2010
Завяршылася штогадовая сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы