Пошук
Архіў навін
22.11.2014
Папа Францішак: пошук еднасьці хрысьціянаў застаецца прыярытэтам для Каталіцкай Царквы
 
Хоць шлях экуменічнага дыялогу пазначаны рознымі цяжкасьцямі, сярод якіх - новыя рознагалосьсі ў маральных і антрапалагічных пытаньнях, мы ня маем права паддавацца расчараваньню і мірыцца з падзеламі. На гэта зьвярнуў увагу Папа Францішак у сваім пасланьні, падрыхтаваным з нагоды сустрэчы з удзельнікамі пленарнай сесіі Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, якіх ён прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 20 лістапада 2014 году.
 
Удзельнікі пленарнай сесіі Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў на аўдыенцыі ў Сьвятога Айца Францішка. (Фота: L'Osservatore Romano).
Тэма чарговай сесіі Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў  — «Мэта экуменізму: прынцыпы, магчымасьці і выклікі пяцьдзесят гадоў пасьля “Unitatis redintegratio”».
 
Сьвяты Айцец адзначыў за мінулыя пяць дзесяцігоддзяў «значную зьмену менталітэту» католікаў у іх стаўленьні да хрысьціянаў, якія належаць да іншых Цэркваў і царкоўных супольнасьцяў, дзякуючы саборнаму Дэкрэту аб экуменізме «Unitatis redintegratio», а таксама іншым дакументам Другога Ватыканскага Сабору пра Царкву, такім як «Lumen gentium» і «Orientalium Ecclesiarum». Папа Францішак лічыць, што гэтая ментальнасьць павінна яшчэ больш напаўняць «багаслоўскае навучаньне і душпастырскую дзейнасьць». Ён запрашае царкоўныя рухі і манаскія інстытуты надаваць больш увагі гэтаму асьпекту, з тым каб споўнілася малітва Ісуса «Каб усе былі адно».
 
Таксама Папа адзначыў, што разам з удзячнасьцю Богу за пройдзены шлях «мы павінны прызнаць, што хрысьціяне дагэтуль падзеленыя, а рознагалосьсі ў новых антрапалагічных і этычных пытаньнях ускладняюць наш шлях да еднасьці». Але «нельга аддавацца засмучэньню і мірыцца з гэтым, — трэба працягваць спадзявацца на Бога, Які ўкладае ў сэрцы хрысьціянаў насеньне любові і еднасьці», каб разьвіваць духоўны экуменізм, цаніць экуменізм крыві і разам крочыць наперад шляхам Дабравешчаньня.
 
«Сустракаючыся з многімі хрысьціянамі-некатолікамі або чытаючы іхнія лісты, я меў нагоду ўбачыць, як, не зважаючы на адкрытыя пытаньні, якія нас разьдзяляюць, існуе пашыранае і моцнае жаданьне разам крочыць далей, маліцца, пазнаваць і любіць Госпада, супрацоўнічаць у служэньні і салідарнасьці з найслабейшымі і тымі, хто церпіць», — адзначыў Рымскі Архірэй. «Варожасьць і абыякавасьць», якія спарадзілі на працягу стагоддзяў глыбокія раны ў хрысьціянаў розных Цэркваў, «ужо ў мінулым», сьцьвярджае Папа. Ён таксама падкрэсьліў, што «сёньня хрысьціяне разам працуюць на служэньні чалавецтву, што церпіць і жыве ў нястачы, абараняючы чалавечае жыцьцё і яе неад’емную годнасьць, абараняючы навакольнае асяроддзе і змагаючыся супраць несправядлівасьці», зьдзяйсьняючы «сапраўдны духоўны экуменізм».
 
«Духоўны экуменізм існуе і разьвіваецца дзякуючы шматлікім ручаінам, якія на самай справе вядомыя толькі Госпаду, але часта і мы робімся іх шчасьлівымі сьведкамі: гэта сусьветная сетка малітвы, якая ад парафіяльнага ўзроўню да міжнароднага надае ўсяму целу Царквы кісларод сапраўднага экуменічнага духу; гэта сетка жэстаў, якія яднаюць нас у мностве сумесных справаў міласэрнасьці», — сказаў Францішак.
 
Сьвяты Айцец таксама заклікае цаніць «экуменізм крыві», які меў месца на працягу апошніх пяцідзесяці гадоў і не спыняецца па сёньняшні дзень. Гэтыя сьведчаньні — піша Папа —- «мы павінны з верай сабраць і дазволіць іх моцы наставіць нас на шлях больш поўнага братэрства». «Тыя, хто перасьледуе Хрыста ў Яго верніках, — адзначае Папа напрыканцы свайго пасланьня, — ня робяць адрозьненьняў паміж канфесіямі, але перасьледуе толькі за тое, што яны хрысьціяне».
 
«Пошук поўнай еднасьці хрысьціянаў застаецца прыярытэтам для Каталіцкай Царквы, — піша ў сваім пасланьні Папа. — Яна перш за ўсё зьяўляецца дарам Божым і дзеяй Сьвятога Духу, але ўсе мы закліканы спрыяць ёй заўсёды і пры любых абставінах».
 
Паводле расейскай і ўкраінскай службы Радыё Ватыкану.
Гл. таксама:
13.07.2018
Першаярарх УГКЦ: нашая еднасьць з Сьвятым Айцом не базуецца на нейкай палітычнай выгадзе
18.11.2016
Першаярарх УГКЦ сустрэўся з Рымскім Архірэем
17.02.2016
Папа Рымскі і Патрыярх Маскоўскі падпісалі сумесную дэкларацыю
27.01.2015
Еднасьць хрысьціянаў ня стане вынікам тэарэтычных дыскусіяў
26.01.2015
Папа: Бог прагне нашай еднасьці