Пошук
Архіў навін
25.11.2014
Грэка-каталіцкі сьвятар з Украіны: палітычныя працэсы не павінны пераносіцца на рэлігійную глебу
 
У Ватыкане завяршылася пасяджэньне Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, у якім прымаў удзел таксама прадстаўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Сустрэча, якая праходзіла 18-21 лістапада 2014 году, была прысьвечана 50-годдзю саборнага Дэкрэту пра экуменізм, выданьне якога стала пераломным момантам, з якога па сутнасьці пачалася новая старонка ў адносінах паміж хрысьціянскімі Цэрквамі.
 
Старшыня Камісіі па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў УГКЦ а. Ігар Шабан.
З гэтай нагоды Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё прапанавала гутарку з Кіраўніком Камісіі па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы а. Ігарам Шабаном.
 
Паўстагоддзя — гэта многа ці мала? — задаюцца пытаньнем прадстаўнікі канфесіяў. Нягледзячы на тое, што Цэрквы за гэты час зраблі вялікі крок насустрач адна адной, усё ж у фармаце сусьветнай гісторыі гэта вельмі кароткі тэрмін, лічыць айцец Ігар Шабан. Тым больш сёньня адчуваецца, наадварот, і нейкі адкат у адносінах, прычынай якога, так званым “каменем перапоны”, некаторыя называюць менавіта існаваньне Грэка-Каталіцкай Царквы, растлумачыў сваю пазіцыю сьвятар.
 
“Калі мы будзем казаць менавіта пра Грэка-Каталіцкую Царкву, то гэтае пытаньне ўжо ўздымалася на міжканфесійным узроўні на пачатку 1990-х гадоў. Некалькі гадоў вяліся дыскусіі, вынікам якіх стала, на мой погляд, вельмі добрае рашэньне: Дакумент з Баламанду, які пацьвердзіў, што, сапраўды, уніятызм, як метад, у гісторыі ён зрабіў сваю справу. І сёньня нельга гэтаксама дзейнічаць. Аднак, фактам ёсьць тое, што існуюць сёньня Ўсходнія Цэрквы, якія моляцца, за якімі стаяць мільёны вернікаў, што належаць да гэтых Цэркваў і якія збаўляюцца ў гэтых Цэрквах. А таму нельга адмаўляць іх права на існаваньне. І гэтае пытаньне тады, у пачатку 1990-х, было закрытае. Але, выглядае, у апошні час гэтая дыскусія зноў набірае абароты. Некаторыя палітычныя працэсы, якія мы назіраем ва Ўкраіне, пераносяцца на рэлігійную глебу. І мы, вядома, вельмі балюча гэта ўспрымаем, што так робяць [у Расеі], бо гэта зусім не хрысьціянскі, зусім не братэрскі падыход”, - адзначыў айцец Ігар Шабан.
 
На жаль, сёньня, як ніколі ў апошнія часы, менавіта палітычныя пытаньні кіруюць рэлігійнай сітуацыяй, заўважыў грэка-каталіцкі сьвятар. І зараз, пасьля 25 гадоў адраджэньня, гэта асабліва балюча разумець. Нягледзячы на тое, што царкоўныя структуры за гэты час аднавіліся, вырасла цэлае пакаленьне новых вернікаў, выхаваных у духу хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, так званы прабел у рэлігійнасьці, а гэта значыць, у маральнасьці насельніцтва, усё ж вялікі. І гэта таксама можа зьяўляцца прычынай канфліктаў рознага кшталту, адзначыў айцец Ігар Шабан.
 
“На маю думку, ня так шмат людзей ходзяць у Царкву і моляцца. Пэўна, ёсьць розьніца, колькі людзей ходзіць у царкву ў Заходняй Украіне, колькі — у Цэнтральнай, і колькі — ва Ўсходняй. Калі мы паглядзім на іншыя краіны, на нашых суседзяў — там будуць зусім іншыя лічбы. І тады трэба запытваць не адну Царкву, але і іншыя Цэрквы: як яны працуюць, што яны зрабілі за гэтыя 25 гадоў для свайго новага пакаленьня”, — адзначыў сьвятар у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
 
Сітуацыя ва Ўкраіне стала нібыта лакмусавай паперкай, якая зноў абвастрыла рознагалосьсі паміж прадстаўнікамі Цэркваў — ня толькі на ўзроўні ярархаў, але і на ўзроўні простых вернікаў. Такога катэгарычна нельга дапускаць, упэўнены айцец Ігар Шабан. Голас Цэркваў павінен гучаць дзеля абароны міру і спакою як паміж дзяржавамі, так і паміж палітыкамі, паміж прадстаўнікамі духавенства, так і вернікамі, няхай і розных канфесіяў, але адной краіны, і ўвогуле Божага сьвету. “Мы спадзяемся, што людзі прыслухоўваюцца да голасу Царквы. І Царква ва Ўкраіне не маўчыць. Галоўнае, каб мы казалі праўду. Калі будзем гаварыць праўду, нават калі не пажадаюць прыслухацца да яе зараз, яна ўсё роўна да іх дойдзе і, можа быць, з часам людзі яе зразумеюць. Калі мы кажам пра Цэрквы ва Ўкраіне, то яны ў адзін голас разам на Ўсеўкраінскай Радзе Цэркваў некалькі разоў ужо заяўлялі і падпісвалі адмысловыя дакументы, якія даносяць да людзей праўду пра мір і спакой, пра тое, што неабходна спыніць гэты канфлікт. Але, напэўна, для людзей, што ўзяліся за зброю, гэтага недастаткова або яны не жадаюць слухаць заклік Царквы. Іншыя Цэрквы таксама могуць падаць тут свой голас. Я ведаю, што Рыма-Каталіцкая Царква і Біскуп Рыму ня раз ужо заяўлялі, што трэба спыняць гэтую вайну, шукаць мірны спосаб вырашэньня канфлікту”, — нагадаў украінскі сьвятар.
 
Пакуль жа вернікам ва ўсім свеце застаецца маліцца за мір у краіне, дзе ў ХХІ стагоддзі, зусім побач з намі, працягваюцца баі і гінуць мірныя жыхары. Важна не перайсьці лінію, за якой ня будзе ўжо шляху назад, і не страціць у адзін момант усё тое, што адраджалася доўгія гады, лічыць сьвятар УГКЦ айцец Ігар Шабан.
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
16.08.2016
Чаму Мітрапаліт Павел узгадаў пра Унію?
19.03.2016
Пасланьне Папы з нагоды 70-х угодкаў Львоўскага псеўдасабору
07.06.2014
Праваслаўны мітрапаліт абвінаваціў грэка-католікаў у шкодзе праваслаўна-каталіцкаму дыялогу
11.06.2013
Кардынал Курт Кох: Папа адчувае адказнасьць за дыялог паміж Усходнімі Каталіцкімі і Праваслаўнымі Цэрквамі