Пошук
Архіў навін
06.12.2014
Сьвята парафіі ў гонар апостала Андрэя ў берасьцейскіх грэка-католікаў
 
30 лістапада 2014 году, у дзень сьв. апостала Андрэя Першапакліканага, які лічыцца сьвятым заступнікам хрысьціянскага Ўсходу, грэка-каталіцкая парафія сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці адзначыла сваё зімовае парафіяльнае сьвята.
 
На пачатку сьвяточнай Літургіі парах берасьцейскай парафіі а. Ігар Кандрацьеў адзначыў, што ўласна ў гэтыя дні адбываецца знакавы экуменічны візіт Біскупа Рыму і наступніка пасаду сьв. апостала Пятра Папы Францішка ў Турцыю,
Вернікі ля іконы заступнікаў парафіі ў Берасьці — сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя.
дзе ў яго запланаваныя сустрэчы і сумесная малітва з праваслаўным Патрыярхам Канстанцінопальскім. Таму ў нядзелю, 30 лістапада, у сьвята апостала Андрэя, апекуна хрысьціянскага Ўсходу, калі Сьвяты Айцец Францішак маліўся ў патрыяршай царкве сьв. Георгія ў Стамбуле на Архірэйскай сьв. Літургіі, якую правіў Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I, вернікі, што сабраліся на парафіяльныя ўрачыстасьці ў Берасьці, таксама маліліся за еднасьць хрысьціянаў. Душпастыр берасьцейскіх грэка-католікаў заклікаў усіх прысутных духоўна шчыра зьяднацца ў малітве з першаярархамі Заходняй і Ўсходняй Царквы, каб хрысьціяне некалі змаглі пераадолець усе існуючыя сёньня паміж імі падзелы.
 
Душпастыр парафіі ў Берасьці а. Ігар Кандрацьеў і дыякан Віталь Быстроў.
Апостальскія і евангельскія чытаньні падчас Боскай Літургіі ў дзень патранальнага сьвята берасьцейскіх грэка-католікаў прысьвечаны тэме брацкай любові і еднасьці, да якой заклікаў сваіх вучняў Госпад у апошнім запавеце. Без любові да бліжняга няма еднасьці. Пра грэх гаварыў у сваім казаньні падчас Літургіі а. Ігар Кандрацьеў. І нездарма, бо як грэх аддаляе чалавека ад Бога, так грэх аддаляе нас адно ад аднаго. Праз грэх, уласную гардыню і адсутнасьць любові да бліжняга хрысьціяне згубілі першасную еднасьць, якая была ў апостальскія часы. Грэх ёсьць прычынай усіх нашых падзелаў, у тым ліку і ў сем’ях, парафіяльных супольнасьцях, у грамадзтве, дзе гэтыя падзелы часам вядуць да войнаў.
 
Сьвятар адзначыў, што калі мы па-сапраўднаму будзем шукаць Бога, будзем імкнуцца пераадолець грэх, тады мы па-сапраўднаму зьяднаемся з Богам. Тады мы зможам іншымі — Божымі — вачыма глядзяць на нашых бліжніх, на братоў-хрысьціянаў, якія ў чымсьці адрозныя ад нас. Чым больш усе мы будзем зьяднаныя з Богам, аддаліўшыся ад граху, тым больш шанцаў, што зможам дасягнуць паяднаньня паміж людзьмі і народамі, наблізіцца да еднасьці паміж Цэрквамі і рэлігіямі.
 
Па традыцыі на патранальнае сьвята берасьцейскіх грэка-католікаў запрашаюцца дабрадзеі парафіі і сябры з іншых Цэркваў і супольнасьцяў —
Сьвяточная літургія ў Берасьці ў дзень апекуна парафіі сьв. апостала Андрэя Першапакліканага.
рыма-католікі, праваслаўныя, евангельскія хрысьціяне, прыязджаюць таксама вернікі з іншых мясцовасьцяў (сёлета былі з Астраўца, Івацэвічаў і Менску). Для ўсіх пасьля сьвяточнага набажэнства быў шчодры брацкі пачастунак. Удзельнікі сьвята аж да вечару мелі магчымасьць ня толькі разьдзяліць зямную ежу за агульным сьвяточным сталом, але і паразмаўляць між сабой і з сьвятаром на розныя хвалюючыя іх сьвецкія і духоўныя тэмы.
Гл. таксама:
12.09.2019
Католікі Берасьця падзякавалі Богу за 1000-годдзе гораду
26.01.2017
Любоў Хрыстова заахвочвае нас да прымірэньня
02.12.2016
Дэлегацыя з Ватыкану перадала пасланьне Папы Царкве Канстанцінопаля
27.01.2015
Еднасьць хрысьціянаў ня стане вынікам тэарэтычных дыскусіяў
14.03.2013
Кім ёсьць і чаго чакаць ад новага Папы?