Пошук
Навіны
10.12.2014
Еднасьць — гэта шлях, якім неабходна ісьці разам
 
Падчас пералёту з Стамбулу ў Рым, пасьля апостальскага візіту ў Турцыю, Папа Францішак па традыцыі паразмаўляў з журналістамі, якія суправаджалі яго на борце самалёта, і падсумаваў некаторыя вынікі свайго візіту.
 
Адно з пытаньняў было пра персьпектывы разьвіцьця адносінаў паміж Каталіцкай Царквой і Расейскай Праваслаўнай Царквой.
 
Папа адзначыў, што скептычна ставіцца да тэалагічнага дыялогу, які на яго думку, не прывядзе да жаданай еднасьці. У сувязі з гэтым ён узгадаў іранічнае выказваньне праваслаўнага патрыярха Атэнагора I падчас сустрэчы з папам Паўлам VI: «Вышлем тэолагаў на востраў, няхай дыскутуюць, а мы пойдзем наперад». Сьвяты Айцец дадаў, што калі будзем чакаць, пакуль тэолагі паразумеюцца, ніколі не наступіць дзень поўнай еднасьці, трэба самім крочыць далей.
 
«Еднасьць — гэта шлях. Шлях, якім неабходна ісьці. Шлях, якім трэба ісьці разам. Гэта духоўны экуменізм: разам маліцца і працаваць, займацца справамі міласэрнасьці, разам выхоўваць», — сказаў Францішак. На гэтым шляху ёсьць шмат працы. Ён адзначыў таксама каштоўнасьць экуменізму крыві. Хрысьціянскія мучанікі, якіх маем вельмі шмат, незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасьці, перакананы Папа, нібыта кажуць нам: «Мы ўсе адно! Мы ўжо дасягнулі еднасьці, еднасьці духа і еднасьці ў крыві». На думку Папы трэба адважна крочыць разам далей, разьвіваючы супрацоўніцтва. Дадаў аднак, што ўніятызм — гэта паняцьце з мінулай эпохі і трэба знайсьці іншы спосаб для дасягненьня поўнай еднасьці. Пры гэтым Папа падкрэсьліў, што не падлягае сумненьню права на існаваньне Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў.
 
Сьвяты Айцец адзначыў, што ў яго ёсьць жаданьньне і ён гатовы ў любы момант сустрэцца з Патрыярхам Кірылам. Падобнае жаданьне, на яго думку, існуе таксама і з іншага боку. Цяпер, аднак, вайна ва Ўкраіне і патрыярх мае шмат праблемаў, таму сустрэча з папам адышла на другі план. “І ўсё ж мы абодва жадаем сустрэцца і хочам крочыць наперад”, — сказаў Рымскі Архірэй. У сувязі з гэтым ён выказаў гатоўнасьць працягваць абмяркоўваць пытаньне пра першынство Біскупа Рыму, каб прыйсьці ў гэтым пытаньні да згоды. Зьвяртаючыся да прадстаўнікоў праваслаўнага боку, Францішак паўтарыў просьбу Яна Паўла II: «Дапамажыце мне адшукаць такую форму першынства, адносна якой мы будзем у згодзе».
 
У размове з журналістамі адначасова з пытаньнямі на экуменічную праблематыку Францішак шмат гаварыў таксама пра неабходнасьць міжрэлігійнага дыялогу з ісламам і пра неабходнасьць павелічэньня сусьветных намаганьняў дзеля міру.
 
Папа патлумачыў журналістам, навошта ён наведаў мячэць у Стамбуле і за што там маліўся. «Я паехаў у Турцыю як пілігрым, а не як турыст, — падкрэсьліў Сьвяты Айцец. — Паехаў на ўрачыстасьць сьв. Андрэя, каб разам перажыць яе з Патрыярхам Барталамеем, таму нагода была рэлігійная. Калі пайшоў у Блакітную Мячэць, я ня мог сказаць: “Цяпер я буду турыстам”, не, усё мела характар рэлігійны. Я пабачыў гэтае велічнае збудаваньне. Вялікі муфцій дакладна мне ўсё тлумачыў, цытаваў таксама фрагменты Карану пра Марыю і Яна Хрысьціцеля. Тады я адчуў патрэбнасьць памаліцца. Запытаў яго: “Памолімся трохі?” Адказаў мне: “Так, так!” І я маліўся. За Турцыю, за мір, за муфція, за ўсіх і за самога сябе, бо ў гэтым маю патрэбу... Маліўся па-сапраўднаму. Сказаў: “Госпадзе, пакладзем канец гэтым войнам!” Гэта была хвіліна шчырай малітвы».
 
Адказваючы на пытаньне пра ісламафобію, якая пашыраецца ў сьвеце, Сьвяты Айцец падкрэсьліў, што “Каран – гэта кніга міру”, а іслам нельга атаясамліваць з тэрарызмам. Адначасова Папа адзначыў патрэбу асуджэньня дзейнасьці ісламскіх фундаменталісцкіх груповак мусульманскімі лідарамі, як палітычнымі і навуковымі, так і рэлігійнымі.
 
Папа прызнаўся, што з задавальненьнем наведаў бы Ірак, але цяпер, на яго думку, гэта немагчыма. «Я, калі б паехаў туды цяпер, стварыў бы дастаткова сур’ёзныя праблемы для ўладаў, зьвязаныя з бясьпекай», — сказаў ён.
 
Францішак у чарговы раз асудзіў «квітнеючы» сёньня гандаль зброяй. Ён выказаў сумнеў пра магчымасьць вытворчасьці хімічнай зброі ў Сірыі і задаўся пытаньнем: хто мог прадаць яе? «Магчыма, хтосьці з тых, хто абвінавачваў у валоданьні ёй? Ня ведаю. Але наконт гэтых справаў са зборояй існуе вялікая таямніца», — сказаў Папа Францішак.
 
Паводле матэрыялаў беларускай і польскай рэдакцыяў Ватыканскага радыё.
Гл. таксама:
04.05.2017
Папа ягіпецкім католікам: «ня бойцеся адкрыць свае сэрцы», будзьце будаўнікамі мастоў, дыялогу і згоды
03.05.2017
Папа Францішак і копцкі праваслаўны патрыярх падпісалі сумесную дэкларацыю
02.07.2016
Папа папрасіў свайго пасланьніка прывітаць ад яго імя беларусаў у Будславе
22.05.2016
Лукашэнка прапанаваў, каб Папа Рымскі сустрэўся ў Беларусі з Маскоўскім патрыярхам
30.01.2015
Кардынал Кох: Папа Францішак адчыняе многія дзьверы