Пошук
Архіў навін
10.12.2014
Лонданскія беларусы адзначылі 100-годдзе біскупа Сіповіча
 
У нядзелю, 7 сьнежня 2014 году беларуская грамада ў Лондане адсьвяткавала 100-годдзе з дня нараджэньня грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча.
 
Сьвяткаваньне 100-гадовага юбілею першага беларускага грэка-каталіцкага біскупа ў XX ст. распачалося з Боскай Літургіі ў яго памяць у Беларускім культурна-рэлігійным цэнтры «Marian House», да стварэньня якога меў непасрэднае дачыненьне сам Уладыка Чэслаў Сіповіч.
Айцец Сяргей Стасевіч прамаўляе падчас сьвяткаваньня юбілею біскупа Сіповіча ў Лондане.
Як паведамляе сайт «Беларусы ў Вялікабрытаніі», на набажэнства былі запрошаны сябры брытанскага экуменічнага каталіцкага Таварыства Яна Залатавуснага, да адраджэньня якога спрычыніўся біскуп Сіповіч.
 
Уладыка Чэслаў Сіповіч быў адным з пачынальнікаў беларускага жыцьця ў Вялікабрытаніі. Ён быў выдатным арганізатарам і лідарам. Яго намаганьнямі ў Лондане была адчынена Беларуская каталіцкая місія і створана вакол яе «беларуская вёска» — так часта называюць некалькі дамоў ў раёне Фінчлі ў паўночным Лондане. Акрамя таго біскуп Чэслаў Сіповіч стаў сузаснавальнікам Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ), Англа-беларускага таварыства, Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане. Усе гэтыя арганізацыі і ўстановы існуюць дагэтуль і гуртуюць нашых суайчыньнікаў у Вялікабрытаніі.
 
Біскуп Сіповіч, як ніхто іншы, папулярызаваў веды пра Беларусь у брытанскім грамадзтве. У Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане захоўваюцца здымкі сустрэчаў біскупа з многімі выдатнымі рэлігійнымі і сьвецкімі асобамі, у т.л. Маргарэт Тэтчэр.
 
Біскуп Сіповіч быў актыўным удзельнікам Другога Ватыканскага сабору (1964—1968), які вызначыў сучасны характар Каталіцкай Царквы.
 
Удзельнікі сьвяткаваньня юбілею біскупа Сіповіча ў Лондане змаглі праслухаць таксама ўнікальны запіс аднаго з апошніх казаньняў Уладыкі Чэслава. Гэты запіс захаваўся ў беларускай Скарынаўскай бібліятэцы на магнітафоннай касеце, якой ужо 33 гады.
 
Пасьля літургіі адбылася прэзентацыя кнігі выбраных твораў а. Аляксандра Надсана, які ў 2004 годзе напісаў кнігу «Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус». Пра новую кнігу а. Аляксандра Надсана, якая выйшла зусім нядаўна ў Менску ў кніжнай серыі «Кнігазбор», гаварыў а. Сяргей Стасевіч, які, разам з укладальніцай Ірынай Багдановіч з Акадэміі навук прэзентаваў том выбраных твораў у Беларусі. Сам аўтар ня змог прэзентаваць сваю кнігу дзеля хваробы.
Гл. таксама:
10.02.2016
У Лондане асьвяцілі падмурак беларускай грэка-каталіцкай царквы
25.05.2015
Пасьля Надсана
04.06.2013
У Лондане пашкоджана беларуская царква
13.12.2012
Каб стварыць беларускую царкву ў Лондане, кітаец вывучыў нашу гісторыю
20.04.2010
Адыйшоў да Госпада айцец Кастусь Маскалік